му́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прычыняць боль, ціснуць, націраць. Лямкі рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Карпюк. Цэмент, калючыя каменьчыкі набіваліся ў чаравікі і мулялі ступню. Вышынскі. / у безас. ужыв. [Селянін] за плячыма нёс нешта важкае, яму, відаць, муляла, ён часта спыняўся і папраўляў мяшок. Гурскі.

2. перан.; каму-чаму і без дап. Турбаваць, непакоіць, трывожыць каго‑, што‑н.; дакучаць каму‑н. Убачыўшы трох мужчын разам ды шчэ плуг каля іх, рэдка хто мог уцярпець, каб не падысці і не пацікавіцца. А падышоўшы, уцягваўся неўзаметку ў гутарку і садзіўся, невыразна адчуваючы, што яму яшчэ муляе нейкая невялікая работа, якую трэба зрабіць да вечара. Крапіва. [Зарэцкі:] — У мяне часта бывае так, што якая-небудзь ідэя.. муляе ўвесь час, пакуль ад яе не адчэпішся. Скрыган.

•••

Муляць вочы каму — назаляць каму‑н. чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сло́та 1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slapt ‘зрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑ ‘вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та 2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.

1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.

2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.

3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.

4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.

5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стрэ́мя 1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя 2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφω ‘віць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч! — вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Сціснуўшы, выпусціць, прымусіць выйсці на паверхню. Выціснуць сок з лімона. // перан. З цяжкасцю, вымушана сказаць што‑н., праявіць якое‑н. пачуццё. Настаўнік адчуваў сябе няёмка, але ўсё ж здолеў выціснуць некалькі слоў: — Дзіця.. [Ліда] яшчэ. Усё гэта пройдзе ў яе. Колас. [Касмыль] уздыхнуў і выціснуў на твары нешта падобнае на ўсмешку. Лынькоў. // перан. З цяжкасцю атрымаць што‑н. Калі б нават і ўдалося выціснуць з гаспадаркі патрэбныя для гэтага сто восемдзесят рублёў, дык ніколі не хопіць у старога адвагі аддаць зараз гэтакую кучу грошай. Крапіва.

2. Выдушыць; выламаць. Выціснуць шыбу ў акне.

3. Праціскаючы, выштурхнуць адкуль‑н. // перан. З дапамогай адпаведных захадаў прымусіць выйсці, выехаць, спыніць якую‑н. дзейнасць. Выціснуць з рынку збыту.

4. перан. Замяніць сабою; выцесніць. Гэтая думка [паехаць на цягніку] выціснула ў.. [Сцёпкі] ўсе іншыя думкі. Колас.

5. Зрабіць што‑н. пры дапамозе ціснення. Выціснуць надпіс залатымі літарамі.

6. Спец. Здабыць прэсаваннем. Выціснуць алею.

•••

Выціснуць слязу — заплакаць для паказу.

Выціснуць усе сокі — абяссіліць празмернай работай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́е

1. мест. указ., ср. то; см. той;

2. в знач. сущ., мн. нет, ср. то;

т. было́ ўчо́ра, а гэ́та сяго́ння — то бы́ло вчера́, а э́то сего́дня;

т. было́ яшчэ́ зімо́й — то бы́ло ещё зимо́й;

◊ адно́ і т. — одно́ и то же;

т. ды сёе — то да сё;

не т., каб... — не то, что́бы...;

ні т. ні сёе — ни то ни сё, серёдка на полови́нку;

як на т. лі́ха — как на беду́;

калі́ на т. пайшло́ — е́сли уж на то пошло́;

ні з сяго́ ні з таго́ — с бу́хты-бара́хты;

т. ды не т. — то да не то;

не́шта не т. — что́-то не то

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сук 1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.

Сук 2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. запёр, ‑перла і ‑пёрла; зак., каго-што.

1. Зачыніць (дзверы) на замок, засаўку і пад. Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату. Гартны.

2. Змясціўшы каго‑, што‑н. куды‑н., зачыніць на замок, засаўку і пад. — Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Колас. // перан. Закрыць выхад; заблакіраваць, ізаляваць. Вядзьмарка, за нешта помсцячы лапарам, хацела заперці іх у Польскай губе. М. Стральцоў. // перан. Разм. У шашачнай гульні — паставіць шашку ў становішча, з якога няможна рабіць хадоў.

3. Разм. Хутка даставіць, даімчаць куды‑н. За трыццаць капеек на нашы грошы, на сваіх харчах, кулі запрэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе. Маўр. // Усунуць, упакаваць куды‑н., у што‑н. Караблік жа не шлюпка, яго ў кантэйнер не запрэш. Быкаў. // перан. Саслаць, загнаць куды‑н. далёка. [Радзішчаў] так моцна пісаў, што мяне зацікавіла. Мусіць, добрую жменю солі панам падсыпаў .., што заварушыліся яны, як уюны, а Кацярына ажно ў Сібір заперла яго. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)