Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветравы́ (прым.) ’які мае адносіны да ветру’; ’прызначаны для аховы ад ветру’; ’такі, у якім вецер з’яўляецца рухаючай сілай’ (КТС, БРС). Укр. ві́трів ’які належыць да ветру’, вітровий ’які мае адносіны да ветру’, рус. смал. ветровой ’ветравы дух, які суправаджаецца ветрам’, ве́тровый, ветро́вый ’схільны да ўздзеяння ветру’, пск. ветрово́й ’ветраны (млын)’, рус. ветрово́й, ветро́вый (парень) ’легкадумны’, польск. wiatrowy ’звязаны з ветрам’; ’выкліканы ветрам’; ’такі, у якім рухаючая сіла — вецер’, н.-луж. wětšowy, wětšowaty, в.-луж. wětrowy ’ветравы, ветраны’, чэш. vštrový, славац. vetrový ’звязаны з ветрам’. Паўночнаславянскае ўтварэнне ад větr‑ і суф. ‑ovъ. У паўднёваславянскіх мовах (як і ў н.-луж.) да гэтага суфікса дадаюцца іншыя: славен. vẹtrǫ́ven, vetrovít, серб.-харв. ветро̀вит, ве̏трован, макед. ветровит, балг. ветровен, ветровит.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустальга́ 1 ’легкадумны, пустагаловы чалавек’ (Нас., ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Ян.), ’балбатун’ (Жд. 3), ’асоба з недарэчнай пустой гутаркай’ (Варл.), ’пустадомак’ (клец., Нар. лекс.), ’пустыя размовы’: пустальгу несець (Нас.), ’пустая справа’: ён толькі пустальгой займаецца (ветк., Мат. Гом.), пусто́льга ’нядбайны чалавек, гультай’ (ПСл), ’свавольнае дзіця’ (лун., Шатал.), пустальга́ ’пустагаловы, несур’ёзны чалавек’, параўн. рус. дыял. пустольга́ ’легкадумны чалавек; нешта несур’ёзнае’. Усё да пусты́ (гл.), параўн. Фасмер, 3, 410; незвычайнае заканчэнне слова можна патлумачыць “пеяратыўным ‑l‑ суфіксам” (Бязлай, 3, 138), што выступае ў славен. pustẹ̑la ’пусты чалавек’ і экспрэсіўнай фіналлю ‑га́ (параўн. і рус. дыял. пустольга́, пустерга́, пустерьга́ ’тс’). Зрэшты, знешняе падабенства да харв. pustolegija, pustelegija ’нязносны сельскі хлапчук; авантурыст, разбэшчаны чалавек’, а таксама pustelekati ’сноўдацца’ дапускае і іншыя тлумачэнні.

Пустальга́ 2 ’пусташ’ (гродз., навагр., бабр., ЛА, 2), пустэ́льга ’пустэча; запушчаны, занядбаны кут’ (Др.-Падб.), рус. дыял. пустельга́ ’неапрацаваная, незасеяная зямля’. Да пусты́ ’неапрацаваны, незагаспадараваны’ (гл.), параўн. серб. пу̀столина ’дзікае месца, пустэча’, якое Сной (516) узводзіць да рэканструяванага *pustol ’тс’; суфіксацыя як у папярэднім слове; для пустэ́льга можна дапусціць азванчэнне суфіксальнага зычнага (пустэ́ля > *пустэлька > пустэ́льга).

Пустальга́ 3 ’драпежная птушка’ (ТСБМ), ’птушка Falco tinnunculus’: пустальга́ як той каршун (петрык., калінк., рэч., Мат. Гом.), параўн. укр. постильга́, постільга́ ’тс’, рус. пустельга́, пустерга, смал. пу́стольга́ ’тс’, польск. pustułka, pustółka, postołka ’тс’, славац. postolka, pustovka ’тс’, чэш. poštolka ’тс’, славен. postólka, pustólka, pustolȏvka ’тс’, серб.-харв. по̀столка ’тс’. Слова няяснага паходжання. Меркаванні пра славянскае паходжанне звязваюць яго з *pustъ ’пустынны’ (ад месца распаўсюджання) або фармальна атаясамліваюць з пустальга 1 і пустальга 2 (Фасмер, 3, 410), адсюль і абагуленая форма pustelьga (Копечны, Zákl. zásoba, 349). Банькоўскі (2, 966) для польскай і чэшскай назвы прапануе зыходнае *postola, *postolъka (ад *po‑stl‑a‑ti ’паслаць’) з другаснай адідэацыяй да *pusty ’пусты’, што семантычна цяжка давесці. Прапанаваная Ніканавым (ЭИРЯ, 2, 90–92) версія запазычання з цюркскіх моў (параўн. хакас. постаргай ’жаўранак’, алт. босторкой, нагайск. бозторгъай ’тс’) не тлумачыць заходнеславянскія і паўднёваславянскія формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусты́ — у розных значэннях (ТСБМ), паводле Шымкевіча (Покажчик, 228), ’нічога не утрымліваючы ў сабе, нічым не заняты, парожні’; ’благі, кепскі, дрэнны’ (ТС), ’парожні; неўрадлівы, нядобраякасны; галодны; легкадумны’ (Ян., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (лельч., Нар. лекс.), ’худы’ (петрык., Мат. Гом.), ’неўрадлівы’ (ПСл), ’бесталковы’ (Жд. 2), ’неаплоднены’ (ТС), pustý ’незаняты; непатрэбны, некарысны’ (Варл.), пусто́е ’дрэннае ў паводзінах’ (Ян.); сюды ж спалучэнні: пуста́я глі́на (у ганчарстве) ’недастаткова вязкая гліна’ (клец., Нар. словатв.), пусты́ дзень ’час, неспрыяльны для ўраджаю’ (Сцяшк. Сл.), пусты́я дні ’апошняя квадра месяца’ (астрав., іўеў., Сл. ПЗБ), pustója žýta ’жыта, у якім не наліліся каласы’ (Варл.), пусто́е по́ле ’няўдобіца’ (ЛА, 2; гл. пустапо́ле), пустэ́е сло́во ’лаянкавае, дрэннае слова’ (ТС), ст.-бел. пустая рука ’асоба, якая не мае законнных спадчыннікаў’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон), паводле Статута 1588, ’уласнік маёмасці, які не меў наследнікаў па закону’ (пры адсутнасці тэстамэнту маёмасць лічылася вымарачнай і пераходзіла ў дзяржаўную казну, гл. пустоўшчына); пустая вдова (жона) ’бяздзетная жанчына’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. пусти́й ’парожні; пусты, дрэнны, бессэнсоўны, легкадумны; непатрэбны, бескарысны’, рус. пусто́й, польск. pusty, чэш., славац. pustý, в.-луж., н.-луж. pusty, славен. pust, серб.-харв. пуст, балг., макед. пуст ’пусты, парожні; пракляты’, ст.-слав. поустъ ’закінуты, бязлюдны’. Прасл. *pustъ ’пусты, бязлюдны, закінуты’ параўноўваюць са ст.-прус. pausto‑ ’дзікі’ (у кампазіце pausto‑catto ’дзікі кот’), роднасным ст.-прус. paustre ’дзікае месца, пушча’, што ўзыходзяць да і.-е. *pau̯sto‑, дзеепрыметнік ад *pau̯se/o, што захавалася ў грэч. παύω ’спыняю, затрымліваю’ (адсюль і лац. pausa, гл. паўза), гл. таксама пусціць (Сной, 516; Фасмер, 3, 411; Чарных, 2, 85; Глухак, 513 і інш.). Мартынаў (Этимология–1982, 9) дадае сюды ст.-прус. paustocaican ’дзікі конь’ і ўзводзіць *pustъ да і.-е. *peu̯‑/pou̯‑ з дэтэрмінантам ‑s‑, як у лац. pūrus < *pausos ’чысты; пусты; цнатлівы; дзікі’, што, мажліва, адлюстраваліся ў чэш. pouchlý ’пусты’, славен. puhel ’тс’. Жуйкова (Беларусіка, 19, 102) рэканструюе зыходную семантыку *pustъ ’засвоены, дзікі, неўпарадкаваны’, на базе якіх развілося значэнне ’парожні’ праз прамежкавую ступень ’які не адчуў уплыву людзей; чужы; варожы’. Спецыяльна гл. Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лёгкі, -ая, -ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць.

Лёгкая сумка.

2. Які выконваецца, дасягаецца, пераадольваецца без вялікай працы, намагання.

Лёгкая праца.

Лёгкая задача.

Лёгкая дарога.

Лёгка (прысл.) сябра знайсці, ды цяжка захаваць (прыказка).

3. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення); малапрыкметны.

Л. ветрык.

Л. дотык.

4. Пазбаўлены грузнасці, спрытны, хуткі.

Лёгкія крокі.

5. Не напружаны.

Лёгкае дыханне.

Л. сон.

6. Не суровы.

Лёгкае пакаранне.

7. Пра хваравіты, фізіялагічны стан: не небяспечны, несур’ёзны.

Лёгкія роды.

Лёгкая форма хваробы.

8. Ужыўчывы, памяркоўны.

Л. чалавек.

Л. характар.

9. Легкадумны, неглыбокі, несур’ёзны.

Лёгкія адносіны да жыцця.

10. Які не мае цяжкага ўзбраення, рухомы.

Лёгкія танкі.

○

Лёгкая прамысловасць — галіна грамадскай вытворчасці, якая займаецца вырабам прадметаў шырокага спажывання.

◊

З лёгкай рукі чыёй (разм.) — пра чыё-н. удалае пачынанне, прыклад.

Лёгкая рука ў каго — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лёгка выкруціцца (разм.) — нямнога страціць.

Лёгка сказаць (разм.) — ужыв. тады, калі вельмі цяжка або немагчыма выканаць што-н.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды-н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на ўспамін хто (разм.) — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць, думаюць.

Лёгкі на язык (разм.) — гаваркі, які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб (разм.) — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот.

|| наз. лёгкасць, -і, ж. (да 1—9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ве́цер, ветру; мн. вятры, ‑оў; м.

Паветраная плынь гарызантальнага напрамку. Моцны вецер. Паўднёвы вецер. Подых ветру. Узняўся вецер. Энергія ветру. □ Пахілага дрэва вецер не ломіць. Прыказка.

•••

Ад (з) ветру валіцца гл. валіцца.

Ветрам падшыты (падбіты) гл. падшыты.

Ветрам пайсці гл. пайсці.

Вецер гуляе (у кішэні, гумне і пад.) — нічога няма.

Вецер знёс — пра таго, хто невядома дзе дзеўся, каму не сядзіцца дома.

Вецер носіць (ганяе) — пра таго, хто невядома дзе ходзіць.

Вецер (гуляе) у галаве; гуляй-вецер у галаве — пра легкадумнага, несур’ёзнага чалавека.

Вецер у спіну каму — тое, што і з лёгкім ветрам.

Вецер ходзіць дзе — пра адчуванне руху паветра ў пакоі, памяшканні.

Выкінуць (грошы) на вецер гл. выкінуць.

Вятры яго ведаюць — нікому невядома.

Да ветру (пайсці) — пайсці па сваёй патрэбе.

З ветру вяроўку віць гл. віць.

З лёгкім ветрам — гавораць таму, хто хоча пайсці, каб сказаць, што яго не стануць затрымліваць, што ён нікому не патрэбен.

Кідаць на вецер што гл. кідаць.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Куды вецер дзьме (хіліць) — не мець самастойнасці ў поглядах, прытрымлівацца поглядаў большасці.

На ўзвей вецер (пусціць) — а) тое, што і пусціць на вецер; б) дарэмна, непрадумана.

Пусціць (пайсці) на вецер (з ветрам) гл. пусціць.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

У ветры на калу — пра што‑н., што стаіць адзінока наводшыбе.

Хоць з ветрам пусці гл. пусціць.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Як ветрам змяло гл. змесці.

Як у полі вецер — легкадумны, пусты, ветраны.

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) — форма выражэння здзіўлення пры сустрэчы з кім‑н. у нечаканым месцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. адвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. адвядзі; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое‑н. месца. Мікола адвёў Даніка пад плот і пасадзіў на траве. Брыль. [Доктар:] — Пазней усе казалі, што яго [Зяму] туды [у стажок] адвяла і схавала Броня. Грахоўскі. // Перавесці (войскі і пад.) на другую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл. [Перапечкін:] — Перадайце Паграбняку: атрад адвесці на поўнач ад вёскі. М. Ткачоў.

2. Завесці на некаторую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму, дзе і што рабіць. Колас.

3. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго‑н., накіраваць убок ад каго‑, чаго‑н. Зыбін легкадумны, вясёлы на тую пару, паспрабаваў абняць яе, але Жэня адвяла яго рукі. Мележ. Сонца ўжо схавалася за далёкім лесам.., а.. [аграном] ходзіць, думае, куды б гэту ваду адвесці з поля. Бялевіч. // Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што‑н. Здавалася, што калі хоць на момант адвядзеш вока, то машына абавязкова наскочыць на што-небудзь. Кулакоўскі. // перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што‑н. іншае. Лапінка, каб адвесці ад Косціка ўвагу «брата Мішы», запрапанаваў яму заспяваць што-колечы. Брыль. // перан. Папярэдзіць што‑н. небяспечнае, непрыемнае. [Марына:] — Пайду сама. Тайком пайду. І можа ліха адвяду, Калі ёсць сэрца ў таго ката [Богута]. Колас. І спалохана ўзняліся з трыснягоў густых, з аеру Кнігаўкі, каб небяспеку Ад сваіх адвесці гнёзд. Танк.

4. перан. Адхіліць што‑н. неадпаведнае, непрыдатнае. Васіль Бусыга быў кандыдат У валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас.

5. Даць у чыё‑н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой‑н. мэты. Гасцінны гаспадар адвёў два пакойчыкі Цэзарыю Гальвасу, а Блецька атабарыўся ў мураванай прыбудоўцы к дому. Чорны. Дык адвядзі [краіна] ім [сынам] пачэснае месца У кнігах, што пішуцца пра вайну, У кнігах пра нашу перамогу Песню складзі пра іх не адну. Куляшоў. // Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму‑, чаму‑н.

6. Правесці, адчарціць. Адвесці палі ў сшытку.

•••

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю‑н. увагу ад чаго‑н.

Адвесці душу — падзяліцца з кім‑н. тым, што набалела; выказаць каму‑н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое‑н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым‑н. вельмі прыгожым, прывабныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)