шча́ўе, ‑я, н.

1. Шматгадовая травяністая і паўкустовая расліна сямейства драсёнавых, лісце якой мае кіслы смак і ўжываецца ў ежу. Такое высокае і сакавітае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Вася натрапіў на багатую шчаўем мясціну і апусціўся на калені. Курто. Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Гартны. // Лісце, сцябло такой расліны. Цяпер, седзячы ля стала, на табурэціку і перабіраючы шчаўе, Васілінка ўспамінае сваё небяспечнае падарожжа. Ус.

2. Страва, прыгатаваная з лісця гэтай расліны. Іванка і бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком. Мележ. Потым разведчык, зацягнуўшы на выцвіўшай гімнасцёрцы ўсе свае «кавалерыйскія» рамяні, сядзеў за сталом і вельмі ахвотна сёрбаў шчаўе, сяк-так засіўленае смятанай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыравы́ ’свежы, незаквашаны (пра гуркі)’ (ст.-дар., Ск. нар. мовы), ’падбелены (пра палатно, ніткі)’ (Сл. ПЗБ; маст., Нар. скарбы; Ян.), сыро́вы ’тс’ (ТС). Параўн. укр. сирови́й ’сыры, вільготны’, ’нявыраблены, неадбелены’, ’негатаваны’, стараж.-рус. сыровыи ’сыры, вільготны’, польск. дыял. syrovy ’сыры, згатаваны; вільготны, нявысушаны’, каш. sërovi, srovi ’вільготны; сыры, негатаваны; няспелы’, чэш. syrový ’сыры, вільготны, халодны’, славен. дыял. sirọ̑v ’сыры, свежы; неапрацаваны, грубы’, серб.-харв. си̏ров ’сыры, свежы, зялёны, няспелы’, макед. сиров ’сыры, свежы, неапрацаваны; слабы, хворы’. Прасл. *syrovъ(jь)/*surovъ(jь) ’сыры, неапрацаваны; свежы; мокры’ ад прасл. *syrъ/*surъ ’сыры, неапрацаваны; няспелы; мокры, вільготны’ (SEK, 4, 265–266; Борысь, 587). Мяркуецца, што ўзыходзіць да і.-е. *sūr‑ou‑o‑s, метафарычна звязана з *syrъкіслы, горкі, салёны’ (Глухак, 579), гл. сыр. Паводле Фурлан (Бязлай, 3, 343), прыметнікі на *‑оvъ утвараюцца ад назоўнікаў, што прадугледжвае стадыю субстантывізацыі зыходнай формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жур ’негусты аўсяны кісель’ (ТСБМ), журы́ха ’тс’, журэнька ’ўха’ (Касп.), жур ’назвы розных рэдкіх страў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., пск., цвяр. жур ’тс’, укр. жур ’тс’ (Жэлях.), польск. żur ’суп на аўсянай ці жытняй заквасцы або такая закваска’, серб.-луж. žur ’кіслае цеста, квас’, чэш. дыял. žur ’гразь, асадак’ < ’кісель’ (Махэк), славен. žȗr ’сыроватка’. Ст.-рус. журъ ’рэдкая страва’ (з XVI ст.). Паводле Брукнера, 669, Більфельдта, Die deutsche Lehnwörter im Obersorbischen, Leipzig, 1933, 297; Махэка₂, 731; Трубачова, Slavia, XXIX, 1960, с. 16, зах.-слав. < с.-в.-ням. sûr ’кіслае цеста’ (суч. ням. sauerкіслы’). Лідэн (IF, 19, 344), Бернекер (IF, 10, 156) прымаюць слав. паходжанне, да гэтага асцярожна схіляецца Фасмер, 2, 67. Супрун (Бюлетин за съпоставително изеледване на българския език с други езици, 1976, 5, 78–79) звяртае ўвагу, з аднаго боку, на наяўнасць у н.-луж. (паводле Мукі) у словах гэтага кораня паралельна са значэннем ’кіслаты’ значэння ’цяжкасці’, напр., žuriś se ’скісаць; гневацца’ і г. д., а з другога боку, на наяўнасць слоў са значэннем ’едкі’ ў чэш. мове на базе кораня žír < *žur‑ і слова журавіна ’кіслая ягада’. Магчыма, хаця і не абавязкова, што ў некаторых слав. семантычных адгалінаваннях слова жур адбываецца семантычнае ўзаемадзеянне запазычанага і слав. кораня. Для параўнання Фасмер прыводзіць нарв. køur ’вязкая сырная маса’, kjōre ’сыр у першай стадыі, калі малако яшчэ не закіпела’. Параўн. журэць, журыцца. Калекцыю дыял. значэнняў дае Козыраў, Очерки по сравнительно-исторической лексикологии русского і белорусского языков, 1970, с. 154.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суро́вы ’цвёрды, непахісны’, ’вельмі строгі’, ’патрабавальны, невыносны’ (ТСБМ), ’жорсткі, строгі, люты, няўмольны’ (Некр. і Байк.), ’сур’ёзны’ (ТС), ’мулкі (аб вяроўцы)’ (Нас.), ’макраваты; які яшчэ не зварыўся, сыры’, ’нябелены (пра палатно, ніткі)’ (Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Сержп. Прымхі, ЛА, 4; круп., свісл., Нар. сл.), су́равы ’тс’ (Нік., Оч.), суравы́ ’тс’ (Сл. ПЗБ, Касп., Мат. Гом., Ян.), ’пра грубыя льняныя ніткі’ (ушац., Нар. лекс.), сурову́ ’нябелены’ (ТС), ст.-бел. соуровъ: рѧзанци соуровии члвци (Летапіс Аўрамкі XV ст., Карскі 2-3, 393). Укр. суро́вий ’нябелены’, рус. суро́вый ’суровы, строгі’, ’нябелены; нявыраблены, неачышчаны’, стараж.-рус. суровъ ’сыры; дзікі’, польск. surowy ’строгі, смелы; неапрацаваны’, в.-луж., н.-луж. surowy ’сыры, згатаваны’, чэш., славац. surovy ’неапрацаваны’, ’суровы, жорсткі’, серб.-харв. суров(и) ’суровы, грубы’, балг. суро́в ’сыры; жорсткі; свежы, сакавіты’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны, суровы, жорсткі’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, дзікі, жорсткі’. Прасл. *surovъ/*syrovъ ’суровы, неапрацаваны, свежы, вільготны’ < прасл. *surъ/*syrъ ’сыры, свежы, вільготны’; гл. яшчэ сыры. Роднаснае ст.-ісл. saurr ’сырая зямля’, súrrкіслы’, алб. hirrë ’сыроватка’, з і.-е. кораня *sū‑ro‑, *sou̯‑ro‑; гл. Траўтман, 294; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1134; Фасмер, 3, 807; Борысь, 587; Глухак, 595. Шустар-Шэўц (1379–1380) звяртае ўвагу на семантычную апазіцыю ’сыры, негатаваны, неапрацаваны’ і ’суровы, строгі, жорсткі’, якія разглядаюцца як амонімы ў ЕСУМ, 5, 480. Махэк₂ (593) услед за Бугай (РФВ, 67, 245) прымае роднасць з прасл. *sěverъ ’поўнач’, усх.-літ. šiaurùs ’пранізлівы (вецер)’, atšiaurùs ’суровы’, лац. caurus ’паўночна-ўсходні вецер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае прыемны смак, уласцівы цукру, мёду і пад. Салодкія яблыкі. □ То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Мёд быў надзвычай салодкі. Ён быў яшчэ саладзейшым ад таго, што самі ж [Піліпчык і Васілька] яго дасталі, самі знайшлі. Лынькоў. // У назвах некаторых раслін. Салодкі перац. Салодкі лубін. // Свежы, не кіслы, не кансерваваны. Салодкія агуркі. □ Елі [мужчыны] салодкае малако з хлебам поўнымі конаўкамі. Пташнікаў. // Прыгатаваны з цукрам або з мёдам. Салодкі пірог.

2. у знач. наз. сало́дкае, ‑ага, н. Страва, црыгатаваная з цукрам, варэннем, мёдам і пад., а таксама цукеркі, кандытарскія вырабы. Знае лес І знае сад, Што салодкаму ён [Паўлуша] рад. Муравейка. — Я думаў — можа ты любіш салодкае? — намагаючыся знайсці сваю струнку паводзін, сказаў Бягун. Кулакоўскі. // Страва, якая падаецца на дэсерт. [Граноўская] пачаставала Надзейку салодкім, а мужчынам прапанавала яшчэ выпіць. Гурскі.

3. Разм. Смачны, багаты (пра яду). У чужых руках пірог і з хрэнам салодкі, — ужо больш, нервова сказала Ірына. Новікаў.

4. перан. Разм. Поўны дастатку, задаволення, шчасця, радасці (пра жыццё, лёс). [Алесь:] — Ці гэта.. [сыны] такімі ўрадзіліся, ці гэта што іншае? [Павал:] — Яны ўрадзіліся такімі, якім ім трэба было. А што не ладзяць з сабою і са мною, дык з салодкага жыцця сварыцца ні з кім чалавек не будзе. Чорны. Брыль пражыў цяжкое дзяцінства, не салодкія маладыя гады, але захаваў добрае сэрца. «ЛіМ».

5. перан. Прыемны, які прыносіць задавальненне, асалоду. Салодкі сон. □ Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі. Красавік — Абуджэнне салодкіх трывог, Прадчуванне грымот, Навальніц і маланак. Звонак. Там [у горадзе] панавалі агонь і дым. Яны як бы паглыналі ўсё.. жыццё Васіля: і летнія вечары над вадою, і салодкія пацалункі Агаты, і тое, што было збудавана яго рукамі... Няхай. // Прыемны на ўспрыманне (пра голас, гукі, пах і пад.). Голас, [«кавалера»] быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю.. істоту [Ядвігі]. Бядуля. Дык гэта ж унучак ужо ў мяне! Бачыш, Карн? Радасць якая! — сыпала.. [Палагея] салодкімі словамі. Шамякін.

6. перан. Празмерна далікатны, занадта ласкавы. [Казік:] — Куды падзелася яго [Віктара] ранейшая салодкая манера, ліслівасць, ветлівы аптымізм. Машара. // Які выражае ліслівасць, карыслівую дагодлівасць. Салодкія абяцанні. □ Лепш горкая праўда, чым салодкая мана. Новікаў. Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)