Варо́чаць, варо́чацца ’аддаваць назад’ (Шат., Касп., Нас., Яруш., 27, КЭС, лаг.; Гарэц.); ’варочаць, паварочваць; варушыць і г. д.’ (БРС, КЭС, лаг.; Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’валіцца на дол і да т. п.’ (КЭС, БРС). Рус. воро́ча́ть, укр. вороча́ти, воро́ча́тися, чэш. vráceti, балг. вра́щам, серб. вра̏ћати і г. д. Прасл. *vorti̯ati ’тс’ — утварэнне ад прасл. *vortiti (ст.-рус. воротити, рус. вороти́ть, чэш. vrátiti, ст.-слав. вратити, балг. вра́тя і г. д.), якое ў сваю чаргу адносіцца да прасл. *vьrteti ’вярцець’. Адносна *vorti̯ati і *vortiti гл. Фасмер, 1, 355.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́нуць (пря́куць) ’стукнуць, ударыць’ (Нас.), пря́даць ’бегаць’ (Растарг.). Рус. пря́нуть, воспря́нуть, дзеяслоў зак. тр. да пря́дать ’скакаць, варушыць’, укр. пря́нути ’кінуць’, серб.-харв. пре̏дати ’баяцца’, пре̏нуты се ’ўстаць, ажыць’, ’ускочыць спрасонку’, славен. oprésti, prédem ’валіцца з ног’. Прасл. *prędati — ітэратыў ад *pręsti (гл. прасць) (Скок, 3, 33). Роднасныя ст.-ісл. spretta, spratt ’прабівацца (узыходзіць), лопацца’, англ. sprint ’бегчы на кароткую дыстанцыю, веславаць з усяе сілы’, с.-в.-ням. sprenzen ’ірваць, пырскаць’ (Фасмер, 3, 394. з літ-рай; Борысь, Зб. Відоескаму, 51–54). Параўн. таксама з іншым вакалізмам пруд, прудкі. Гл. яшчэ напрануць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мікуліць ’быць нясмелым, баяцца; баючыся, не ведаць, як паступіць’ (мін., КЭС), укр. микуля́ти ’глядзець, адводзячы вочы, адчуваючы сябе няёмка’, валын. мику́лити ’хітрыць’, ’віляць’, паўд. мику́литися ’мяць’, ’хітрыць’, рус. пск. мику́лить ’пры паляванні прапускаць, не заўважаць, зяваць’, серб.-харв. mikuliti se ’корчыцца, скурчвацца, сціскацца, зморшчвацца’. Генетычна роднасныя з в.-луж. mikać ’маргаць’, mikotaćварушыць; міргаць’, зах.-мар. mikati se ’спрытна, жвава рухацца’, паўд.-мар. ’мільгаць’, ’вагацца’, серб.-харв. ми̏гољити ’круціцца, ёрзаць’, ’павольна цягнуцца’, изми́гољити се ’вырвацца, выслізнуць’. Усх.-слав. лексемы паходзяць з асновы mik‑(/mig‑), пашыранай дэмінутыўным суфіксам ‑ul‑/‑ol‑. Да міг (гл.). Паводле ЕСУМ (3, 460), ад Микола.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.

2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.

3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ру́шыцца ’скрануцца з месца, пачаць рух’, ’накіравацца’, ’абвальвацца’, ’разбурацца’ (ТСБМ), ’пачаць рух’, рушыць (ТСБМ), рушэнне ’паход’ (Гарэц. 1). Укр. ру́шити, руша́ти ’рухаць, варушыць’, рус. ру́шить ’разбураць’, польск. ruszyć ’рушыць, крануцца’, н.-луж. rušowaś ’бушаваць, шумець’, чэш. rušiti ’турбаваць (каго-небудзь), парушаць (цішыню)’, славац. rušiť ’крануцца, рушыць’, славен. rúšiti ’трэсці, калаціць, зносіць’, серб.-харв. ру̏шити ’разбураць’, балг. ру́ша ’тс’, ст.-слав. роушити ’тс’. Звязваюць з рух (гл.) і ў якасці індаеўрапейскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. raũsti, rausiù, rausiaũ ’рыць, капацца’, лат. ràust, ‑šu, ‑su ’разграбаць, месці’, літ. rausis ’пячора’, rūỹs, rūsas ’пограб’, ст.-ісл. rúst ’руіны, разбураная сцяна’ і інш. (Фасмер, 3, 525). Борысь (528) узводзіць да *rušiti [< *ruchi‑ < *rou̯s‑ī‑] ’надаваць рух, папіхаць, рушыць, парушаць’, вытворнае ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць, парушаць (напрыклад, зямлю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.

2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шавялі́цца, ‑вялю́ся, ‑ве́лішся, ‑ве́ліцца; незак.

1. Злёгку варушыцца, прыходзіць у рух пад уздзеяннем чаго‑н. Лісты дрэў ледзь шавеляцца і ціха шапацяць, хоць ветру зусім няма. Мыслівец. // Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Параска стаяла тварам да сцяны, абапёршыся рукамі, і не шавялілася. Лобан. Чуллівыя тоўстыя губы хваравіта шавяліліся пад пушыстымі чорнымі вусамі. Паслядовіч.

2. Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху. [Лёнька:] — Мы толькі слухалі, як .. [пчолы] шавеляцца і гудуць. Васілевіч.

3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыўляцца. Народ шавеліцца.

4. перан. З’яўляцца, узнікаць (пра думкі, пачуцці і пад.). Нейкі адказ на гэта пытанне як бы недзе шавяліўся ў Юзікавай галаве. Крапіва.

5. заг. шавялі́ся (шавялі́цеся). Разм. Ужываецца як прымус, пануканне да дзеяння ў значэнні: рабі (рабіце) што‑н. хутчэй, спяшайся (спяшайцеся), варушыся (варушыцеся). Хутчэй шавяліся!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.

2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.

3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.

4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».

5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кавыра́ць ’падплятаць’ (Касп.). Рус. ковырять ’тс’ утворана прэфармантам ко‑ ад вирати ’плесці лапці, сеці і да т. п.’, параўн. рус. дыял. вирать ’плясці лапці, кашолкі, сеці; падплятаць лапці; сшываць і інш.’. Такія значэнні дазваляюць тлумачыць кывіряць ’крывіць, перадражніваць’ (Бяльк.), параўн. бел. каверыць (гл.) і рус. дыял. коверить ’крывіць, перадражніваць каго-н.’, як структурную і семантычную паралель параўн. рус. дыял. шевырять ’капацца, варушыць’, шевырялка ’балбатуха’. Адносна фанетыкі (кавырацькывіраць) параўн. рус. дыял. вирать ’плесці’ і вирать ’хлусіць, маніць’, вырить ’хітраваць, мудрагеліць’, магчыма і рус. вырей ’чараўнік’. Магчыма, як прыклад суаднесенасці ы/і, можна прывесці і рус. вир ’вір’ і выр, вырь, вырік ’тс’, нягледзячы на заўвагу Фасмера, 1, 370, што паводле фанетыкі гэтыя словы нельга аб’ядноўваць. Адносна ы/і гл. яшчэ Шанскі, ЭИРЯ, 1972, VII, 206–207. Засведчаныя ў рус. гаворках значэнні вирать ’кідаць і пад.’, структурна і семантычна падобныя смал. каверзать ’блытаць; біць, калаціць’, кубан. ’ісці, спатыкаючыся’ дазваляюць зразумець мсцісл. кавырь ’пра парушэнне прывычнага, звычайнага ладу’ (Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)