кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.

2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.

3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)