экспеды́цыя, ‑і, ж.

1. Спец. Адпраўка, рассылка чаго‑н. (карэспандэнцыі, тавару і пад.). Экспедыцыя грузаў. Экспедыцыя карэспандэнцыі.

2. Спец. Установа ці аддзел ва ўстанове, які займаецца адпраўкай, рассылкай чаго‑н. Ганна.. атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў. Гартны.

3. Аддзел канцылярыі якой‑н. дзяржаўнай установы царскай Расіі. Сергіевіч быў прыняты на працу ў Экспедыцыю па нарыхтоўцы дзяржаўных папер. Ліс.

4. Падарожжа, паездка, паход і пад. групы асоб, атрада з навуковымі, даследчымі мэтамі. Палярная экспедыцыя. □ Іншы раз.. [бацька] нават браў з сабою Максіма ў свае этнаграфічныя экспедыцыі. Майхровіч. // Ваенная аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невялікімі ўзброенымі сіламі; узброеныя сілы, прызначаныя для такой аперацыі. Карная экспедыцыя. □ За здзек экспедыцыі карнай, За земляў крывавы падзел, За арышт партыйнай друкарні, За кожны ганебны расстрэл, .. Усё маё юнае племя Вялікую помсту нясе. Таўбін.

5. Група, атрад удзельнікаў такога падарожжа, паходу, паездкі і пад. Восенню касмічная экспедыцыя надоўга пакіне Зямлю і адправіцца ў бязмежныя глыбіні Сусвету. Шыцік.

[Лац. expeditio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́цца, льецца і ліецца; пр. ліўся, ‑лася, ‑лося; заг. ліся; незак.

1. Цячы струменем, цурком. З .. жолаба ў коўш ліўся магутны струмень зіхотнага чыгуну. Карпаў. Лілася кроў з глыбокіх ран, з вачэй — ні кроплі слёз. Непачаловіч. / у безас. ужыв. З неба то лілося як з вядра, то сыпаўся дожджык, дробненькі, як пыл. Гарэцкі. // Сыпацца патокам. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. // перан. Ісці, рухацца суцэльнай масай, натоўпам. Бежанцы на падводах, бежанцы пешкі бясконцым патокам льюцца, пакідаюць Маскву... Васілевіч.

2. перан. Распаўсюджвацца ў паветры (пра святло, пах і пад.). З-пад сініх абажураў-парасончыкаў ліецца мяккае святло. Навуменка. Кусты вербалозу .. былі абсыпаны жоўтымі пушыстымі каплямі. Ад іх ліўся прыемны і веснавы пах. Чарнышэвіч. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны. Колас. // Плаўна разносіцца, раздавацца (пра гукі музыкі, песні і пад.). З рэпрадуктараў лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Па вуліцы прайшлі дзяўчаты. Галасістая песня не змаўкала, па-маладому лілася, будзіла наваколле. Каршукоў. Ідуць касцы, ідуць, як хмары, І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Колас.

3. перан. Лёгка і свабодна цячы (пра мову, гутарку і пад.). Шумна гудзе партызанская раць, Льецца гаворка жывая. Колас. [Дзеці] туляцца бліжэй да маці, слухаюць яе словы, якія льюцца і булькочуць, як вясновы ручаёк. Васілевіч.

4. перан. Пранікаць (у душу, сэрца і пад.). Радасць льецца ў душу з кожным шэптам вясны. Васілёк. Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак.

5. Зал. да ліць (у 4 знач.).

•••

Ліцца цераз край — тое, што і біць цераз край (гл. біць).

Льецца кроў гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Брэ́ндзала ’чалавек, які рэдка сутыкаецца дома, валацуга’ (Янк. Мат.). Бясспрэчна, звязана з брэ́ндаць ’бадзяцца, валачыцца’ (гл.) і бры́ндаць ’бадзяцца’. Параўн. і бры́нда ’валацуга’, рус. бры́ндик ’гультай’. Усё ж паходжанне гэтай групы слоў застаецца не вельмі ясным. Версіі параўн. пад брэ́ндаць і бры́ндаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буймі́стр ’бурмістр’ (Нас.). Як думае Апель, РФВ, 3, 87 (за ім і Фасмер, 1, 246), гэта беларускае слова ўзнікла з бурмістр (гл.) пад уплывам слова бу́йны (параўн. бурмі́шча). Але, магчыма, гэта не так. Хутчэй можна думаць пра дысіміляцыю р–р > й–р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́рвы мн. л. ’вяроўка, на якой вісіць калыска’ (КЭС). Рус. вервь, ст.-рус. вьрвь ’вяроўка’, ст.-чэш. vrv, ст.-слав. връвь, славен. vȓv. Прасл. *vьrvь. Роднаснае: літ. virvė̃ (падрабязней гл. пад вяро́ўка) (Фасмер, 1, 294–295). Параўн. яшчэ вэ́рвэ́чка ’аборка ад лапця’ (Бесар.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветраннік1 ’паддувала пад дзверцамі пліты’ (В. В.). Рус. арханг. ветреник ’фортка ў акне, прадуха ў сцяне для праветрывання пакоя’, польск. уст. wietrznik ’вентылятар, прадуха’. Адпрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑ьn‑nikъ.

*Ве́траннік2, ве́траньнік ’флюгер’ (Бяльк.). Запазычанае відаць, з польск. wietrznik ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вечару́шкі ’вячоркі’ (КТС, Гарэц., Касп.), вечару́шкі ’тс’ (Бяльк.), рус. вечеру́шка, вечёрушки ’вечарынка, размовы, вячоркі’. Беларуска-заходнерускае ўтварэнне (Герд., Пск. гов., 1, 119–28) ад вечар і экспрэсіўнага суф. ‑ух‑а, якое пад уплывам лексемы вячоркі (гл.) стала pluralia tantum. Гл. таксама вечару́ха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляні́ска, ляні́ско ’льнянішча’ (Сцяшк.; карэліц., Шатал.; астрав., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ), ’трава, скошаная на полі, дзе быў лён’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён (гл.). Суфікс ‑іска пад уплывам польск. мовы — параўн. лінгвагеаграфію яго на картах ДАБМ 270–273 (зах. і паўн.-зах. пашырэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вымо́ва ’заўвага, якая з’яўляецца пакараннем за правіннасць’ (БРС, КЭС, лаг.); ’вымаўленне’ (Нас., Касп.); ’умоўленая рэч звыш платы’ (Нас.). Крукоўскі (Уплыў, 119) лічыць слова калькай рус. вы́говор, але хутчэй гэта запазычанне з польск. wymowa ’вымаўленне’, якое пад уплывам рус. слова пашырыла свае значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́тлук ’свавольнік’ (Бяльк.); ’нахабнік, нягоднік’ (Янк. III). Запазычанне з польск. wytłuk ’мужчына або жанчына непрыстойнага жыцця, распуснік, лайдак’. У варыянце вы́тлуч ’тс’ (Шат.) ‑ч‑, відавочна, пад уплывам дзеяслова таўчы або па аналогіі з іншымі словамі з ‑ч‑ суфіксальным тыпу слухач, дзеяч, штурхач.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)