Касма́ты ’касматы’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. у іншых слав. мовах: рус. косма́тый, ст.-рус. косматыи, укр. косматій ’тс’; ст.-чэш. kosmatý, славац. kosmatý, в.-луж. kosmaty, н.-луж. kósmaty, ст.-польск. kosmaty, польск. kosmaty, ц.-слав. косматъ, балг. косма́т, макед. космат, серб.-харв. ко̀смат, ко̏смат, славен. kosmàt. Прасл. *kosmatъ(jь) з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑atъ ад прасл. *kosma/*kosmъ. Паводле Трубачова, там жа, можна гаварыць у даным выпадку аб тым, што слав. слова працягвае і.-е. дыял. kosmātos. Цікава, што слав. *kosmatъ вельмі нагадвае лац. comātus ’валасаты, доўгавалосы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастры́ва ’крапіва’ (Касп.). Дакладная адпаведнасць (фармальная і па семантыцы) гэтай лексеме ў рус. дыял. кострива ’крапіва’ (цвяр.). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 161, слова *kostriva мае прасл. характар (параўн. яшчэ палаб. рэканструяваную форму *kostriva ’пустазелле’); адносна праформы слова мяркуецца, што яна з’яўляецца вытворным ад слова *kostra (шмат значэнняў; зыходным з’яўляецца *kostь з яго разгалінаванай семантыкай; гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 168–173. Звяртае на сябе увагу, што форма *kosiriva з яе значэннем ’крапіва’ сустракаецца толькі ў некаторых месцах славянскай тэрыторыі, што можа сведчыць аб даўніх сувязях праславянскіх дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катлава́н ’катлаван’ (ТСБМ, БРС). Фасмер (2, 353) рус. котлова́н ’вялікая яма для закладкі фундамента’ лічыў цёмным словам. Трубачоў, у дадатках да слоўніка Фасмера, мяркуе, што яно звязана са словам котёл і рознымі варыянтамі ад колдо́бина. Шанскі (2, К, 359) лічыць котлован уласна рус. словам. Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIX ст.; як антрапонім (Котлован) у XVI ст. У сучасным значэнні вядома ўжо ў Даля. Паводле Шанскага, там жа, слова з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прыметніка котловый (які паходзіць ад слова котел). Бел. катлава́н, укр. котлова́н, мабыць, з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катры́нка ’катрынка’ (Шат., Нас.), кацяры́нка ’тс’ (Нас.). Запазычанне з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца выраз польск. szarmant katrynka (таксама проста katarynka). Назва паходзіць, паводле Фасмера, 4, 410, з пачатковых слоў ням. песні Scharmante Katharine ’прыгожая Катарына’. Гэту песню, як мяркуюць, вельмі часта выконвалі на катрынках. Параўн. тлумачэнне ў Даля; Гараева, 419. Па іншай версіі (гл. Слаўскі, 2, 101–102), польск. katarynka паходзіць ад ням. назвы марыянеткі, якая называлася die schöne Katharine, потым перанеслі па музычны інструмент, на якім выконвалася адпаведная мелодыя пры выступленні лялькі. Гл. Слаўскі, 2, 101–102; Фасмер, 4, 410; Кюнэ, Poln., 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кату́рн ’катурн’ (ТСБМ, БРС). Рус. кату́рны ’абутак антычных артыстаў’, укр. кот́урни, польск. koturny, чэш. kothurny, балг. коту́рна і г. д. У бел. мове, магчыма, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. У рус. мове слова з’явілася ў канцы XVIII ст. (упершыню адзначаецца ў слоўніку ў 1803–1804 гг.). Паводле Шанскага, 2, К, 360, запазычанне з лац. або грэч. мовы. Параўн. ст.-грэч. назву κόθορνος ’высокі паляўнічы бот’, потым ’высокі абутак трагічных акцёраў’ (адсюль лац. cothurnus ’тс’). Гл. яшчэ Encyklopedie antiky. — Academia, Praha, 1974. с. 313; Lexikon der Antike. — Leipzig, 1979, с. 296–297.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качага́р ’рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кочега́р, укр. кочега́р ’тс’. Паводле Шанскага, 2, К, 363, з’яўляецца ўласна рускім словам, якое ўпершыню адзначаецца ў слоўніку рус. мовы ў 1847 г. Мяркуюць, што ў рус. мове ўзнікла фармацыя ад слова кочерга пры дапамозе суфікса ‑ар*кочергар. Гэта ўтварэнне не захавалася і хутка (дысіміляцыяй) трансфармавалася ў кочегар. Гл. Фасмер, 2, 357; Гараеў, Доп. I, 21. Але дзіўна, што «стадыя» кочергар так хутка знікла, не пакінуўшы рэальных слядоў. Трэба дапусціць досыць доўгае існаванне слова ў вуснай форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашчэ́й ’міфічны персанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем’; ’вельмі худы чалавек’ (ТСБМ). Параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. кощь, кощии ’худы’, рус. дыял. коща́ ’вельмі худы чалавек’, бел. кашчэ́й ’тс’. Параўн. яшчэ ц.-слав. кошть (тѣломь кощь). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 187, вытворнае суфіксам ‑jь (‑jь) ад *kostь. Яшчэ раней такую ж этымалогію прапанаваў у сваім этымалагічным слоўніку Фасмер, 2. Менш верагодным уяўляецца тлумачэнне Сабалеўскага (ЖМНП, 1886, верасень, с. 152), які спасылаўся на рус. кости́ть ’лаяць’. Параўн. кашча́вы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуль-пуль-пуль ’падзыўныя словы для курэй, куранят’ (Сл. ПЗБ; мсцісл., З нар. сл.; Янк. 2, ТС), сюды ж памянш.-ласк. пу́лькі‑пу́лькі, пу́лічкі‑пу́лічкі, пу́лінькі‑пу́лінькі, рус. пуль‑пуль‑ пуль ’тс’, укр. пуль‑пуль‑пуль ’падзыўныя словы для куранят, гусянят, індыкоў’. Паводле Смаль–Стоцкага (Приміт., 170), утворана ад слова дзіцячай мовы, параўн. укр. пу́ля ’качка’, пуле ’гусяня’, якія маюць паралелі на Балканах, параўн. Кабылянскі, Мовознавство, 1981, 6, 41–52; бел. пуляня ’кураня’ (гл.). Параўн. пыль‑пыль‑пыль ’тс’, апу́ль ’адгоннае слова для птушак’ (адносна апошняга гл. Супрун, Stud. Ros. Posn., 1979, 10, 207–209).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рано́м выкл. у віншавальнай песні: “Da, czyjaż swecza jaśniej horyt? Ranom, ranom!” (пін., Кольб.). Паводле Р. Зянкевіча, які запісваў песню, “выклічнік гэты… з апошняй доўгай галоснай, паўтараюць і ў іншых вясельных і паслявясельных песнях, але не могуць растлумачыць”; ён спрабуе звязаць яго з назвай бажка Porenutis’а ў старажытных славянскіх жыхароў Ругіі (цяпер востраў Руген) ці з племянной назвай Ranów, што сумніўна. Хутчэй за ўсё, ад *рало́м ’тс’, параўн. ралешнікі (гл.), якое можа паходзіць ад песеннага рэфрэну тыпу каш. rolol, што ўзыходзяць да першасных інтэр’екцый, параўн. SEK, 4, 202.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)