Рано́м выкл. у віншавальнай песні: “Da, czyjaż swecza jaśniej horyt? Ranom, ranom!” (пін., Кольб.). Паводле Р. Зянкевіча, які запісваў песню, “выклічнік гэты… з апошняй доўгай галоснай, паўтараюць і ў іншых вясельных і паслявясельных песнях, але не могуць растлумачыць”; ён спрабуе звязаць яго з назвай бажка Porenutis’а ў старажытных славянскіх жыхароў Ругіі (цяпер востраў Руген) ці з племянной назвай Ranów, што сумніўна. Хутчэй за ўсё, ад *рало́м ’тс’, параўн. ралешнікі (гл.), якое можа паходзіць ад песеннага рэфрэну тыпу каш. rolol, што ўзыходзяць да першасных інтэр’екцый, параўн. SEK, 4, 202.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)