Качага́р ’рабочы, які абслугоўвае топкі паравых катлоў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кочега́р, укр. кочега́р ’тс’. Паводле Шанскага, 2, К, 363, з’яўляецца ўласна рускім словам, якое ўпершыню адзначаецца ў слоўніку рус. мовы ў 1847 г. Мяркуюць, што ў рус. мове ўзнікла фармацыя ад слова кочерга пры дапамозе суфікса ‑ар*кочергар. Гэта ўтварэнне не захавалася і хутка (дысіміляцыяй) трансфармавалася ў кочегар. Гл. Фасмер, 2, 357; Гараеў, Доп. I, 21. Але дзіўна, што «стадыя» кочергар так хутка знікла, не пакінуўшы рэальных слядоў. Трэба дапусціць досыць доўгае існаванне слова ў вуснай форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)