Струпава́ты ‘у струпах, пакрыты струпамі’ (ТСБМ), струпова́ты, струпча́сты ‘ў глыбокіх трэшчынах’ (ТС), струпова́тый ‘няроўны, вузлаваты (палатно, ніткі)’ (Сл. Брэс., Уладз.), струплі́ва ‘няроўная, недастаткова вымешаная (пра гліну)’ (Вярэн.). Да струп1 (гл.). Параўн. укр. струпки́й ‘аб дарозе — пакрыты замёрзлай граззю’, струпува́тий ‘струпаваты (аб дарозе)’, ‘шурпаты, у калдобінах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суку́пны ’сумесны, агульны, аб’яднаны’ (ТСБМ). Дзеепрыметнік, утвораны ад дзеяслова ку́піць ’збіраць у адно’ (Ласт.) з прыст. су-; аднак адсутнасць утварэнняў тыпу *сукупіць або *сукупа схіляе да думкі пра няпоўную кальку з рус. совокупный ’агульны, злучаны ў адно’ (з ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 705). Гл. купа1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўхаць ’штурхаць’ (Ласт., Шат.), ’непакоіць напамінам’ (Юрч. Сін.), ’пульсаваць’ (пух., Сл. ПЗБ), тоўхпра лёгкае штурханне ў грудзі, у бок (полац., Нар. лекс.), таўха́ць, таўка́ць ’злёгку штурхаць’ (Юрч.), сюды ж то́ўхала ’той, хто штурхаецца’ (Шат.), то́ўхнуцца ’штурхнуцца’ (Ласт.). Гл. таўхаць, можна дапусціць уплыў дзеясловаў піхаць, штурхаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла. Пестрак. Праз нейкі час перастрэлка сціхла. Сяргейчык. // Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла. Мележ. Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх. Карпаў. Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву. М. Стральцоў. // Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі. Алешка. // Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла. Гурскі. Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх. Якімовіч. // Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі. Куляшоў.

2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў. Чорны. Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі. Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню]. Палтаран. [Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне. Кавалёў. // Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах. Шамякін. На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла. Ракітны. У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі. Гілевіч. // Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Мележ. // перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.

3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча. Чарот. Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе... Кусянкоў. Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. Кляўко. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці. Шамякін. Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул. А. Александровіч. // Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі. // Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра. Машара. Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Біндаво́кі ’аднавокі, сляпы на адно вока’ (Бяльк.), ’бяльматы’ (Нас.). Укр. биндоо́кий (//блиндоокий). Цёмнае слова. Ва ўсякім выпадку першая частка слова (бінд‑) па сваёй фанетыцы яўнае запазычанне. Паняцце ’аднавокі, вірлавокі, касавокі і пад.’ можа выражацца складанымі словамі з словам ’жэрдка, падважнік і г. д.’ Параўн. чэш. bidlooký, pidlooký (bidlo ’жэрдка’), укр. вирлоо́кий ’вірлавокі, лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’лупаты’, ви́рла (мн.) ’лупатыя вочы’ (ви́рло ’доўгі падважнік, якім павяртаюць ветраны млын’; іначай пра ўкр. вирлатий, вирлоокий, бел. верлавокі Куркіна, Этимология 1970, 101–102). Семантычная матывацыя: ’падважнікі, якія «глядзяць» у розныя бакі’ → ’косыя вочы’. Можна меркаваць, што і ў слове біндаво́кі першая частка азначае ’жэрдка і г. д.’ Параўн. укр. бендю́га, биндю́га ’падважнік’, рус. биндю́г, биндю́га, бендю́г, бендю́га ’тс’ (< ням.; Фасмер, 1, 166).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́вук ’неаб’езджаны конь’ (лельч., Жыв. сл.; ТС), ’неадукаваны, недасведчаны чалавек’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’гультай, хто не хоча вучыцца’ (Растарг.), не́ук ’гультай; непрывучаны да вупражы (пра каня і пад.)’ (Нас.), ’малады бык ад 2 да 3 год’ (Гарб.), укр. не́ук ’неадукаваны чалавек; неаб’езджаны конь’, рус. не́ук ’тс’, ст.-рус. неукъ ’тс’, польск. nieuk ’тс’, славен. neuk ’нявучаны; нявопытны’, серб.-харв. нѐук ’неадукаваны; непрывучаны (пра жывёлу)’, балг. неу̀к ’неадукаваны; нявучаны’, макед. неук ’нявучаны’. Да вучыць, параўн. на‑вука (Фасмер, 3, 69), той жа корань у смал. безук ’добры цясляр’ (без‑ук, ад прасл. *uk‑ ’вучыцца, навука’), якое Краўчук (БЛ, 5, 1974, 64) тлумачыць як ’той, хто (добра працуе, добры цясляр) без навукі’ (мае прыродны дар), самавук і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́раст ’нераст’ (Касп.; полац., З нар. сл.; мядз., Сл. ЦРБ; брасл., Сл. ПЗБ), ’ікра (рыб, жаб)’ (брасл., Сл. ПЗБ), рус. норост, норос, порость ’нераст; ікра рыб ці жаб’. Звязваюць з рус. норохтиться ’збірацца што-небудзь зрабіць, хацець, мець намер; храбрыцца, збіраючыся на якую-небудзь справу; спяшацца’, якое дакладна адпавядае літ. narstytis праставаць’, сюды ж польск. narościć ’апладняць (пра курэй)’, серб.-харв. naraščat se ’спарвацца (пра курэй)’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *norstь (гл. нораў), якое можна супаставіць з літ. norėti ’хацець, прагнуць’ і з прасл. *погиъ (гл. нораў). Звязана чаргаваннем з *nerstь, гл. нераст (Фасмер, 3, 84). Параўн. таксама: Атрэмбскі, WSl, 10, 273–274; Варбат, ОЛА, 1975, 134–136; Шаўр, Slavia, 49, 208–214; SP, 25, 33–37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мармыта́ць, мармата́ць, марміта́ць, мормота́ць ’выдаваць невыразныя гукі’, ’гугнявіць’, ’муркаць’, ’бурчэць (аб сабаку, мядзведзі)’, ’муркаць, варкатаць (пра ката)’, ’гаварыць ціха і невыразна’, ’бубніць’, ’гаварыць незадаволена, праз зубы’, ’ціха мыкаць (аб карове)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС, Мал.; КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс.), шчуч. мармату́н (Сл. ПЗБ, КЭС, лаг.), мармота ’воўк (у загадцы)’ (ТС), мармуту́н ’чалавек, які невыразна гаворыць, бубніць’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’хто гаворыць сам з сабой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. момотати, мормотати ’мармытаць’, рус. алан., валаг., пск., цвяр. мормотать ’тс’. Гукапераймальнае, як літ. murmė́ti ’тс’, ст.-інд. murmuras ’трэскае (пра агонь)’, marmaras ’шаматлівы’, лац. murmurāre ’мармытаць, шалясцець’, ст.-грэч. μορμύρω, арм. mṙmṙam, mṙmṙim ’мармычу, бурчу, раву’, ст.-в.-ням. murmulôn ’мармытаць’ (Фасмер, 2, 656).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)