Біндаво́кі ’аднавокі, сляпы на адно вока’ (Бяльк.), ’бяльматы’ (Нас.). Укр. биндоо́кий (//блиндоокий). Цёмнае слова. Ва ўсякім выпадку першая частка слова (бінд‑) па сваёй фанетыцы яўнае запазычанне. Паняцце ’аднавокі, вірлавокі, касавокі і пад.’ можа выражацца складанымі словамі з словам ’жэрдка, падважнік і г. д.’ Параўн. чэш. bidlooký, pidlooký (bidlo ’жэрдка’), укр. вирлоо́кий ’вірлавокі, лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’лупаты’, ви́рла (мн.) ’лупатыя вочы’ (ви́рло ’доўгі падважнік, якім павяртаюць ветраны млын’; іначай пра ўкр. вирлатий, вирлоокий, бел. верлавокі Куркіна, Этимология 1970, 101–102). Семантычная матывацыя: ’падважнікі, якія «глядзяць» у розныя бакі’ → ’косыя вочы’. Можна меркаваць, што і ў слове біндаво́кі першая частка азначае ’жэрдка і г. д.’ Параўн. укр. бендю́га, биндю́га ’падважнік’, рус. биндю́г, биндю́га, бендю́г, бендю́га ’тс’ (< ням.; Фасмер, 1, 166).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)