Нуда́1 ’нячыстасць на целе і на галаве; бядота, голад; сум, нудота’ (Нас.), ’нудота, сум; моташнасць’ (Бяльк., Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ), ’маркота; бядота’ (Касп.), ’сум, гора; галеча’ (Яруш.), ’маркота, сум, хандра’ (Мал.), ’маркота; вошы’ (Пятк. 2), ’хвароба раслін’ (Сцяшк.), ’галеча, нястача’ (Нік. Очерки), ’моташнасць’ (ТС), ну́джа ’моташнасць; сум, маркота’ (Клім.), ’нудны чалавек’ (ТС), укр. нуда́ ’маркота, сум; моташнасць’, рус. нуда́ ’прымус; надаедлівасць; сум, маркота; спёка; насякомыя (камары, машкара і інш.); кароста, нячыстасць на целе; цяжкае становішча, турбота, голад’, польск. nuda ’маркота; нудота; сум; вошы; нудны чалавек’, славен. nȗdo, nüda ’заробак, плата’, серб.-харв. кайк. nuda ’тс’. Вытворнае ад *nuditi (гл. нудзіць), насуперак Фасмеру (3, 88: нудить ад нуда), як хада ад хадзіць і пад.

Нуда́2 ’так, але’ (карэл., Нар. лекс.). Відаць, запазычана з рус. прастамоўн. ну да́ ’тс’ < ну (гл.) і да ’так’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́чаха, ма́чыха, ма́ччыха, ма́чоха, ма́чэха, ма́чуха ’няродная маці’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Бес.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.). Укр. мачоха, рус. ма́чеха, ма́чиха, ст.-рус. мачеха, мачиха, мащеха; польск., луж. macocha, каш. macecha, чэш. macecha, macocha, славац. macocha, славен. máčeha, серб.-харв. ма̏ћеха, ма̏ћаха, ма̏ћуха, макед. маштеа, маќеа, маќева, балг. ма́штеха, маштиха. Прасл. matjexa, якое з mati, утворана пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў ‑exa, ‑oxa, ‑uxa, ‑ixa (Фасмер, 2, 586; Бязлай, 2, 159). Аднак Зомер (IF, 11, 54) мяркуе, што зыходнай формай будзе параўнальная ступень лексемы māter‑*matrjesī. Бел. мачоха ’мачаха’ (Кліх, Маш.) мае націск на ‑о‑ пад уплывам польск. мовы. Сюды ж драг. ма́чоха ’трама’ (Нар. сл.), малар. ’самая тоўстая лёстка ў драбіне воза’ (Нар. словатв.) і ма́чоха, ма́чуха ’папярочны край берда’ (Уладз.), паўд.-гом. ма́тчыха, ма́чуха ’тс’ (ЛАПП).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́бка1 памянш. да жа́ба1–4 (гл.).

Жа́бка2 ’падкоўка на абутку’ (зэльв., Жыв. сл., 141). Улічваючы геаграфію, магчыма, з польск. żabka ’тс’. У слав. мовах, у тым ліку польск. żabka, укр. жа́бка, серб.-харв. жабица ’стрэлка ў капыце, нарасць на назе каня’, балг. дыял. жаба ’мускул на назе’. Аналагічны перанос у іншых мовах (англ. frog ’жаба’ — ’стрэлка ў капыце’, грэч. βάτραχος ’жаба’ — ’частка капыта’, якуцк. баӷа ’жаба’ — ’стрэлка пад капытом’; Пякарскі), таму апошняе да жа́ба1, а адсюль па падобнасці перанос на ’падкоўку’.

Жа́бка3 ’гатунак школьнага пяра’ (ТСБМ). Ад жа́ба1 па знешняму выгляду.

Жа́бка4 ’каменьчык, які кідаецца на водную паверхню, а ён падскоквае’ (КЭС). Рус., укр. жабка, польск. żabka, чэш. žabka, серб.-харв. жа̏бице, славен. žábica ’тс’. Відаць, паводле жабячых (да жа́ба1) падскокаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вярэ́цея, усх.-палес. ’нізкае балоцістае, амаль непраходнае месца’, веретье́ ’расчышчаная паляна ў лесе’, цэнтр.-палес. вэрэ́тія ’ўзвышанае сухое месца сярод балота’, зах.-палес. вэрэ́тыя ’невялікі астравок сушы сярод балота’, вэрэ́тыйка ’падмыты край берагу’ (Талстой, Геагр.), беш. верацея ’узгорак сярод балота з асіннікам’ (Касп.), паўн.-рус. вере́те́я, вере́ти́я, вере́тья́ ’сухое месца на балоце, ля рачной абалоны, зарослае лесам, кустамі’; ’паляна ў лесе’; ’стромы бераг’; ’узгорак у лесе’ і інш., разан. веретье ’высокае месца’; ’бальшак’, дан. ’лясная плошча паміж двума азёрамі’, славен. vrétje, rétje ’крыніца’; ’месца, дзе знаходзіцца некалькі крыніц’. Прасл. vertьje ’тое, што заключаецца; хавацца, зачыняцца’ (Голуб-Копечны, 424). Талстой (Геагр., 134) прапануе наступны семантычны пераход: ’крыніца (месца пад зямлёй, дзе «зачынена» вада’; параўн. рус. ключ ’крыніца’)’ → ’нізкае месца на балоце’ → ’высокае, сухое месца сярод балота’. Гл. таксама верацея. Параўн. Фасмер, 1, 297, 299.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вя́тка ’натоўп, гурт людзей, арцель, чарада’ (Гарэц., КСП, КТС, Нар. сл., Садоўскі, вусн. паведамл.). Рус. вятка ’тс’ (смал., Даль, пск., СРНГ); ’вячоркі’ (смал., Садкова, вусн. паведамл.). Слова з даволі вузкім арэалам распаўсюджання. Параўн., напрыклад, заўвагу Козырева: «Вятка… — специфически смоленская лексика» (Бел.-рус. ізал., 59). Недахоп даных прымушае выказаць толькі здагадку. Можна дапусціць, што гэта рэпрэзентацыя старой асновы jat‑ (‑iti) (параўн. серб.-харв. jȁtiti (se) ’збірацца’). Па форме (далучэнне пратэзы) гэта, у такім разе, утварэнне тыпу вячай, вятроўка (гл.). Да семантыкі параўн. паўднёваславянскую лексіку: серб.-харв. jȁto ’чарада, абшчына, брацтва’, славен. jȃta ’чарада, статак’, балг. ято ’чарада’ і да т. п., аб якіх гл. Скок, 1, 761. Вятка, такім чынам, дэмінутыў ад jat‑a або іначай суфіксальнае ўтварэнне ад дзеяслоўнай асновы jat‑. Усю праблематыку апошняга гл. пад ятка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туда́ма, тудэ́ма, туды́ма, тудо́ма, тудама́, тудо́мі, тудэ́мі ‘туды, тудою’, ‘у тым напрамку, у той бок’ (Гарэц., Федар. 4, 5, Сцяшк. Сл., Вруб.; слуц., навагр., Мат., Зайка Кос., Сл. Брэсц.), тудэ́мо ‘тудою’ (Федар. 1, беласт., Жыв. НС). Аснова туд‑ (< прасл. *tǫd‑, гл. туды), да якой далучаюцца суфіксы з элементам ‑м‑, што нагадваюць такі ж канчатак формы Тв. скл. парнага або мн. л. назоўнікаў, паводле Карскага (2–3, 67–68), ідэнтычныя суфіксам прыслоўяў на ‑ма, ‑мо, ‑мі, як у лежма, дармо, вельмі і пад. Варыянтнасць папярэдніх галосных залежыць ад канчаткаў праславянскіх прыслоўяў *tǫdĕ/*tǫdu/*tǫdy/*tǫda — у славянскіх мовах яны выступаюць у асноўным у трох значэннях: ‘тудою’, ‘там’, ‘тут’ (ESSJ SG, 2, 694–695). Сюды ж тудойма ‘ў той бок, той дарогай’ (Нар. Гом.), тудэ́йма ‘туды, па той дарозе’ (Сцяшк.), гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкойз лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калі́ 1, прысл.

1. пытальнае. У які час?, якую пару? Калі можна зайсці да вас? Калі ж ты прыехаў? // У рытарычных пытаннях і клічных зваротах. — І калі ты ўжо сур’ёзным чалавекам станеш? Лынькоў.

2. часавае. У які час. — Калі адбудзецца сход? — Невядома калі.

3. часавае. У будучым, няскора. Калі гэта яшчэ ён прыедзе! □ — Нам жа ў тэатр хутка. — О, калі той тэатр, паспееце. Кучар.

4. азначальнае. Ужываецца як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часціцай «вось»). Вось калі табе трэба было зайсці.

5. неазначальнае. Калі-небудзь. Ці ж бачылі вы калі гэта?

6. неазначальнае. Часам, час ад часу. Заходзь калі да нас. // Пры проціпастаўленні двух сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага з іх (калі... калі...) абазначае: парой, часам. Калі сыты, калі галодны.

7. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы назоўніку галоўнага сказа, які абазначае пэўны прамежак часу. Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Колас. Быў аднак час, калі Тодар хадзіў, спусціўшы свой задзірысты нос. Крапіва; б) падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ выказніку галоўнага сказа. [Караневіч (Наталлі):] Я не ведаю, калі буду вольны. Крапіва; в) злучае даданыя дзейнікавыя сказы з выказнікам галоўнага сказа. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з завода ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Гартны.

•••

Ёсць калі! (фам.) — няма часу, некалі.

Калі яшчэ — пра даўно мінулае або няпэўнае будучае. Калі яшчэ тое было. Калі яшчэ тое будзе.

Няма калі — няма часу, некалі (рабіць што‑н., займацца чым‑н. і пад.).

Рэдка калі — вельмі рэдка.

калі́ 2, злучн.

1. Ужываецца ў пачатку даданага сказа часу (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «тады», «то» і інш.) і выражае: а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; абазначае: у той час як. Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Колас; б) паслядоўнасць дзеяння; абазначае: пасля таго як. Упусціла паводдзе старое, Калі вір маладога нахлынуў. Трус. Калі Якуб падаў Вольцы руку, яна трохі засмучана яму ўсміхнулася. Крапіва; в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.). Бацькі заўсёды былі вельмі рады, калі Ксаня з мужам і дзіцем прыязджалі часам летам да іх у госці. Лынькоў. Бывала, калі .. Цімошка гнаў каровак на пашу, то Кустрэй.. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас.

2. Ужываецца ў пачатку даданага сказа рэальнай умовы (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «то», «дык», «тады» і інш.); абазначае: пры ўмове, калі...; у (тым) выпадку, калі... Калі паэт Сваёй эпохай дыша, — Паэзію яго Усхваляць пакаленні. Чарот. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. // (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў даданым сказе ўмовы, які выражае пажаданую, уяўную або процілеглую рэальнасці ўмову. Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Колас. // Ужываецца ў пабочных і ўстаўных сказах з адценнем умоўнасці, уяўнасці. Калі праўду казаць, я не любіў хадзіць у Багульнікі, хоць там бабулька Ганна мяне частавала варэннем. Сабаленка. Ад Астапавай леснічоўкі да бальніцы, Калі ісці наўпрост праз лес, было кіламетраў дзевяць альбо дзесяць. Лынькоў.

3. Ужываецца ў пачатку сказа, у якім ёсць супастаўленне або проціпастаўленне з другім сказам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Колас.

4. (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі «і», «а»). У пачатку даданага сказа з аслабленай умоўнасцю ўжываецца для выражэння катэгарычнага сцверджання, каб падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н. Яму нічога больш было не трэба, І калі б ён цяпер што і хацеў, Дык гэта — лусту матчынага хлеба. З. Астапенка.

5. (у спалучэнні з часціцамі «і», «ж», «нават»). Ужываецца ў значэнні ўступальнага злучніка ў даданым уступальным сказе. Зусім змяніўся стары бондар Сымон... Калі і раней ён быў не з гаваркіх, дык цяпер учуць ад яго якое-небудзь слова было ў вялікую навіну. Лынькоў. Калі ж і цяпер ён, Сцёпка Мякін, шаптаў супраць калгасаў, дык рабіў гэта значна асцеражней. Брыль.

6. Ужываецца ў пачатку даданага сказа, што выражае прычыну, якой абумоўлена дзеянне галоўнага сказа. Трэба было ісці ў такую [вячэрнюю] школу, калі лепшай не было. Чорны. // Ужываецца ў пачатку даданага сказа, які паказвае на прычыну, што з’яўляецца асновай сцверджання, выражанага ў галоўным сказе (пры наяўнасці проціпастаўлення паміж прадметамі, асобамі, аб якіх гаворыцца ў абодвух сказах). Калі ўжо ты змог гэта зрабіць, то і я змагу.

7. Падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ галоўнаму. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.

8. у знач. часціцы (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў пачатку клічнагасказа для выражання моцнага жадання. Ах, калі б гэта збылося!

•••

Калі (б) ні — кожны раз як. Калі ні прыйдзеш, ён чытае.

Калі ласка гл. ласка.

Калі на тое пайшло (у знач. пабочн.) — калі так трэба, раз справа датычыцца... Калі на тое пайшло, дык ён можа паказаць Васільку такое, што таму і не снілася. Лынькоў.

Калі хочаш (хочаце) (у знач. пабочн.) — магчыма, можа здарыцца. Лявон дома .. застаўся, чытаў кнігу. «Не, нешта не лезе ў галаву чытанне: Чортава дзеўка, зачаруе, калі хочаш, мяне. Х-ха-ха!» Галавач.

Калі што якое гл. што.

Ні калі было ні калі будзе — тое, што мае адбыцца, было або вельмі даўно або будзе яшчэ вельмі няскора.

Што, калі?.. — а раптам (пра надыход чаго‑н. небяспечнага, непажаданага). А што, калі пра гэта даведаюцца?

Што, калі б?... — зварот у значэнні нерашучай просьбы, асцярожнага запытання. — А што, калі б і нам падацца ў лес замест бежанства? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)