пралета́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пралетарыя, пралетарыяў. Пралетарская рэвалюцыя. Пралетарская партыя. Пралетарская ўлада. □ Справа адбываецца так, што грамадзянская вайна пачалася як спроба сутычкі з імперыялізмам, якая даказала, што імперыялізм згніў абсалютна і што ўзнімаюцца пралетарскія элементы ўнутры кожнай арміі. Ленін. // Уласцівы пралетарыю, пралетарыяту. Пралетарская культура. □ Уласны домік, гарод, садок, дзеці адарвалі яе ад рабочай сям’і. Але ж павінен быў застацца ў жанчыны рабочы, пралетарскі гонар. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́нспартны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да транспарту (у 1, 2 знач.). Транспартная сістэма. Транспартны вузел. Транспартная служба. Транспартныя выдаткі. // Прызначаны для транспартавання; які з’яўляецца сродкам транспарту. Транспартная авіяцыя. Транспартны самалёт. // Які працуе на транспарце, які абслугоўвае транспарт. Транспартны рабочы. Транспартная брыгада. // Які мае адносіны да выкарыстання чаго‑н. для транспаніроўкі. Транспартнае асваенне рэк. Транспартнае значэнне дарог. // Які мае адносіны да вытворчасці машын і абсталявання для транспарту. Транспартная прамысловасць. Транспартнае машынабудаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ткачрабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Уладз.; кобр., Яшк. Мясц.; Арх. Вяр.), ст.-бел. ткачъ ’тс’ (1518 г., КГС), сюды ж тка́чка ’ткалля’ (Жд. 1, Мат. Гом., Уладз.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прадзільшчыца’ (лід., Сл. ПЗБ), ткачы́ха ’ткалля’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Уладз., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. ткач ’той, хто тчэ’, польск. tkacz, славац. tkáč, н.-луж. дыял. tkac, серб.-харв. ткач, балг. тъка́ч, макед. ткаеч ’тс’. Прасл. *tъkačь nomen agentis ад *tъkati (гл. ткаць1), лічыцца адносна познім утварэннем (Сяткоўскі, Słow. nazwy, 111). Звяртае на сябе ўвагу тка́чка ’прадзільшчыца’, у якім можна было б бачыць захаванне першаснага значэння *tъkati ’віць, звіваць’, параўн. Махэк₂, 644; шырокае ўжыванне назвы *tъkačьka: укр., рус. дыял. тка́чка, польск. tkaczka, славац. tkáčka, балг. тъка́чка, макед. дыял. тка́чка ’ткачыха’ сведчыць пра стары дэрыват ад *tъkačь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. То адкрываць, то закрываць вочы; маргаць. Генерал толькі што паабедаў, вочкі яго лыпалі сонна і сыта. Мележ.

•••

Лыпаць вачамі — а) бяссэнсава маргаць ад разгубленасць збянтэжанасці, здзіўлення, страху. Нейкі час .. [Ладуцька] разгублена лыпаў вачыма, а потым упарта закруціў галавой. Кулакоўскі; б) маўчаць, не ведаючы, што сказаць. [Алаіза:] — Часам звычайны рабочы што спытае, а ты стаіш і лыпаеш вачыма, не ведаеш, што адказаць. А спытае, здаецца, і вельмі простае. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рабак, ‑бка; мн. парабкі, ‑оў і парабкі, ‑аў; м.

Наёмны сельскагаспадарчы рабочы ў памешчыцкай або кулацкай гаспадарцы. Зямля навокал была ўрадлівая.. Парабкоў тут было многа, бо фальваркі і маёнткі былі багатыя. Чорны. Было ў пана сямёра парабкоў, адзін аднаго прыгажэй і здатней. Лынькоў. Гнаў канвой парабкоў, — тупат ног за акном. Пан хадзіў па пакоі, чарнейшы ад хмары. Куляшоў. У хаце туліліся дзве сям’і парабкаў, але і іх не было, — паехалі араць на поле. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуро́к, ‑рка, м.

1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.

2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падвала (у 1 знач.). Падвальнае акенца. □ — Вы што тут робіце? — нахіліўшыся над падвальнай дзіркай, крычыць.. [жанчына]. Гарбук. // Размешчаны ў падвале. Частка рабочых з двара і падвальных кватэр перабралася наверх. Бядуля. У падвальным памяшканні — сталоўка. Таўлай. // Які ўласцівы падвалу; такі, як у падвале. Падвальная сырасць. Падвальная цемра. // у знач. наз. падва́льны, ‑ага, м. Рабочы, які працуе ў вінным падвале. — [Ясь:] .. у мяне спірытус астаўся яшчэ з таго часу, як падвальным быў. Чарнышэвіч.

2. Які займае падвал у газеце. Падвальны артыкул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́йстар, ма́йсцер, ма́йсцяр, ма́йстра, майсцёр ’спецыяліст у якім-небудзь рамястве, галіне вытворчасці’, ’мастак, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе’, ’зух’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Нас.), шчуч. ’бацька маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ ’майстар, начальнік’ (XVI ст.); ст.-рус. мастеръ ’магістар ордэна’ (XIII ст.), ’майстар’ (XVI ст.). Запазычана праз польск. majster з с.-в.-ням. majster < ст.-в.-ням. meistar < лац. magister < magis ’большы’ (Булыка, Запазыч., 195). У бел. майсьцер ’майстар’ (Нас., Шат., Бяльк.) і майстырь (Бяльк.) другая частка слова аформлена пад уплывам рус. мовы. Формы майстра, майстря ’тс’ (Гарэц., Бяльк., Сл. ПЗБ) — арыгінальныя беларускія (як це́сля). Сюды ж майстрова ’маці маладога на вяселлі’ (Сцяшк. Сл.), майстрыха, майсьцерыха, майстровая ’жонка майстра’, майстроўка ’дачка майстра’, майстравырабочы, рамеснік’ (ТСБМ, Нас.), майстэрскі, майстэрства (ТСБМ). Гл. яшчэ майстраваць. Махэк₂ (365) мяркуе, што чэш., польск. і в.-луж. (mistr, mistř, mistra; mistrz; mištr) формы паходзяць з лац. magister, славац. majster, з ням. Meister, у іншых слав. — з грэч. μάγιστρος, μαίστωρ або з італ. ma(e)stro. Фасмер (2, 578) дапускае ў рус. мове польскае пасрэдніцтва або (магистръ) праз с.-грэч. μάγιστρος.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падму́рак, ‑рка, м.

1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.

2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.

•••

Закласці падмурак гл. закласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыр, ‑ы, ж.

1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.

2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.

3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)