Мінарэт ’вежа мячэці’ (ТСБМ). У літар. бел. мову прыйшло з польск. minaret або з рус. минарет, якія (праз ням. Minarett ці франц. minaret) прыйшлі з тур. minare < араб. mināra ’мінарэт’, — першапачаткова manāra ’месца, дзе гарыць агонь або ёсць святло, маяк’ (Фасмер, 2, 623). Аднак ёсць тур. minaret ’месца на вежы, з якога муэдзін ззывае на малітву’. Відавочна, лексема магла б быць вядомай у бел. гаворках тых населеных пунктаў, дзе пражывалі бел. татары.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́стачкі (мн.) ’ласкавыя, пяшчотныя словы’ (Нас.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем ластаўка ’ласкавая назва дзяўчыны, жанчыны’ і лёстачкі, лёсткі ’ліслівыя словы, усхваленні’, параўн. рус. ластуха ’ліслівец’. Не выключана, аднак, што гэта семантычны перанос лексемы ластачка (гл. ластаўка1). Параўн. рус. ласточкой ’ласкава, лісліва’, ласту́ха, ласту́шка ’чалавек, які любіць лашчыцца’, ластушка ’ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, асабліва да маладой (нявесты)’. Да ластаўка1 і ласка1 (гл.). Утварэнне гл. Сцяцко, Афікс. наз., 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лодар ’лежань, лайдак’ (Ян., ТС; астрав., Сл. ПЗБ; Касп., Мат. Гом.), лодыр ’гультай’ (Мат. Бых.), міёр. ло́дър (З нар. сл.), лодырь ’тс’ (Бяльк.), лодарышчэ ’вялікі гультай’, лодаруваць ’гультаяваць’ (ТС). Укр. ло́дарь, ле́дарь, рус. ло́дарь, лодырь. Запазычана з с.-в.-ням. ці з н.-ням. lodder, loder (Бернекер, 1, 735; Фасмер, 2, 510). Параўн. таксама лотр (гл.). Аднак Абаеў (2, 17) не выключае магчымасці роднаснай блізкасці рус. лодырь з асец. lǝedǝer ’дурань’, ’бездапаможны, нікчэмны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр. дыял. кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус. валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус. кодол, укр. кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл. kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед. kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́рно ’аўчыны’ (віл., Сл. паўн.-зах.). Адпаведнікаў быццам бы няма. На магчымы экспрэсіўны характар бел. слова ўказваюць тэксты: «На няшытыя аўчыны казалі кажурно. Шапкі шыюць з кажурна. Кавалкі кажурна валяюцца» (Сл. паўн.-зах., 359). Можна параўнаць з вядомымі на Тураўшчыне собарно, кожушно (гл.). Можна меркаваць аб экспрэсіўнай ‑н‑о‑суфіксацыі (кажурно < кажура ’скура, кусок аўчыны’), аднак, параўн. чобурна (< чобаты, тураў., Цыхун, вусн. паведамл.), у меншай меры собарно (< сабака), якія могуць сведчыць аб ускладненым суфіксе (‑арн‑о/‑урн‑о). Што датычыцца генезіса гэтага суфікса, ён, відаць, утварыўся ў выніку дэкампазіцыі структур, дзе ‑ур‑ суфікс з адценнем экспрэсіўнасці (магчыма, наватворам быў не суфікс ‑урн‑о, а толькі ‑рн‑о, параўн. собарно), а ‑н‑, н‑а, н‑я вядомы ў некалькіх прыкладах таксама экспрэсіўны суфікс. Параўн. да першага ваўчура (< воўк), да другога — мална, мяльня ’пустамеля’, аддзеяслоўныя ўтварэнні, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58, сабачня і інш. Канчатак можа тлумачыцца па-рознаму, аднак звяртае на сябе ўвагу рыфмоўка ў прымаўках: укр. «Душно! — Скинь кожушно» і бел. тураў.: «Як душно, то скідай кожушно, а як холодно, то адзевай лайно».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кварта́л ’чацвёртая частка года’ (ТСБМ, Нас.), ’частка горада, абмежаваная некалькімі перакрыжаванымі вуліцамі’ (ТСБМ, Яшк.), ’адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес’ (ТСБМ, Сцяшк., Яшк.). Ст.-бел. кварталъ ’чвэрць’ (з 1692 г.). З польск. kwartał < с.-лац. quartale. Як у папярэднім выпадку, для старабеларускага нямецкае пасрэдніцтва не даведзена (параўн. Булыка, Запазыч., 145; Слаўскі, 3, 462–463; ЕСУМ, 2, 415). Аднак для мовы XIX–XX стст. трэба мець на ўвазе магчымасць рускай крыніцы. Аб гэтым сведчыць месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Корх ’мера даўжыні на шырыню далоні, кулак’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг., ЭШ). Укр. корх, рус. корх ’тс’ (Фасмер, 2, 340). Аднак, зыходзячы з бел. прыкархнуць ’прытуліцца, заснуць’, рус. прикорхнутися ’нахіліцца, сагнуцца’, можна меркаваць, што першасным значэннем для корх было ’нешта сагнутае, скурчанае’ (> ’кулак’). Калі прыняць гэту гіпотэзу, мэтазгодна суаднесці корх з рус. корг ’кулак’, корга ’крывое дрэва’ (гл. корга). Фрыкатыўнае г магло перайсці ў х. Іншыя спробы этымалогіі зусім ненадзейныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgota ’макрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольгота ’вольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ду́бальт ’удвайне, удубальт’ (БРС, Нас., Байк. і Некр., Касп., Бяльк.). Запазычанне з польск. dubelt ’тс’. Польск. слова, паводле Брукнера (101), з ням. dupel ’падвойны’, аднак ням. форма не тлумачыць наяўнасць ‑t у польск. слове, таму, мяркуем, лепш зыходзіць з ням. doppelt (гібрыдная форма, вядомая з XVI ст., паводле Пауля, Wörterb., 7. Aufl., 129, якая ўзнікла з doppel < франц. double шляхам кантамінацыі з gedoppelt). Паводле Кюнэ (Poln., 52), польск. dubelt узята з н.-ням. dubbelt або ўстарэлага ням. duppelt.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)