распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.

2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.

распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́чышча, ‑а, н.

1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.

2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. саскроб, ‑скрэбла; зак., што.

1. Скрабучы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні чаго‑н. Саскрэбці фарбу са шкла. □ Адам Блецька.. саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь з ганк[а], з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны. Смагул падышоў да.. [Паўліка], саскроб з пляча раструшчаную кузурку. Беразняк. // Зняць верхні слой чаго‑н. Саскрэбці кару з дрэва. □ Там, дзе прайшоў палазок плуга, сапраўды глыбіня будзе дваццаць сантыметраў, а са знешняга боку — парог ледзь саскроб зямлю. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Саскрэбці каросту мінулага.

2. перан. Разм. З вялікімі цяжкасцямі сабраць (якую‑н. суму грошай). Саскрэблі апошнія грошы .. і адправілі ў Віцебск Ермалая Кавалёва купляць [рыдлёўкі]. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спляце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. сплятаць — сплесці і сплятацца — сплесціся.

2. Тое, што сплецена; цэлае, часткі якога сплецены, пераплецены адно з адным. Сонечныя, быццам дымныя [прамяні] прабівалі спляценні галля на дрэвах. Савіцкі. [Пялёсткі] падалі з дрэва на сівую галаву Тапурыя, ляжалі на тонкім спляценні сецяў. Самуйлёнак. Перад будынкам пад спляценнем правадоў чарнелі .. трансфарматары. Карпюк. // перан. Злучэнне, спалучэнне чаго‑н. Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім І даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Колас. У рамках асноўных сюжэтных ліній .. выяўляецца спляценне асабістага лёсу галодных герояў з гістарычным працэсам. Дзюбайла.

•••

Сонечнае спляценне — спляценне сімпатычных нерваў, размешчанае ў брушной поласці на паверхні брушной аорты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́б, прысл. і прыназ.

1. прысл. Углыбіню, унутр. Не паспее паплавок дакрануцца паверхні, як адразу штопарам ідзе ўглыб. Місько. [Хмялеўскі:] — Ласі сустракаліся, а цяпер няма. Сышлі ўглыб. Чарнышэвіч. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў. Чорны. // перан. У сутнасць чаго‑н. Пошук паэта пайшоў углыб. Лойка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «углыб» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на кірунак у глыбіню або ўнутр чаго‑н. Лес палье [дождж] — Глядзі, й дубок Новы выкіне сучок. Пусціць воды Долу ўглыб І палезе ўгору грыб. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалява́нне, ‑я, н.

1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.

2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.

3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчу́пальцы, ‑аў; адз. шчупальца, ‑а, н.

Рухомыя адросткі на целе ў чарвей, малюскаў, членістаногіх і некаторых іншых жывёл, якія служаць для дотыку, захоплівання ежы, іншы раз для дыхання. Сярод шчупальцаў медузы нярэдка хаваюцца малькі розных рыб. «Маладосць». Другія жывёліны марскога дна — каралы, актыніі свае шматлікія шчупальцы выцягваюць высока ўверх і прагна хапаюць рэшткі харчу, якія падаюць на дно з паверхні акіяна. «Звязда». // перан. Пра тое, што нагадвае такія адросткі, пранікае куды‑н., захоплівае што‑н. На небе, пакінуўшы доўгія шчупальцы асляпляльна-белых пратуберанцаў, ляжала распластанае Сонца. Гамолка. Мы выразна ўсе ўбачылі Перад сабой, Як з канцэрнаў І банкаў Уол-стрыта Працягнуў свае шчупальцы Спрут-капітал Да калоній. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́ць, -жу́, -жы́ш, -жы́ць; -жы́м, лежыце́, -жа́ць; -жы́; незак.

1. Знаходзіцца на чым-н. у гарызантальным становішчы.

Л. на зямлі.

2. Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі.

Л. у непрытомнасці.

3. Аб прадметах: знаходзіцца на паверхні ў нерухомым стане (бакавой часткай, гарызантальна).

Кнігі ляжаць на стале.

4. Знаходзіцца, быць, захоўвацца, змяшчацца.

Грошы ляжаць у кішэні.

5. Размяшчацца дзе-н., мець напрамак куды-н.

Наўкола ляжаць зялёныя палі.

Шлях ляжыць на ўсход.

6. перан. Быць чыім-н. абавязкам.

На бацьку ляжаць усе клопаты пра сям’ю.

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго (разм.) — няма цікавасці, прыхільнасці да каго-, чаго-н.

Лежма ляжаць (разм.) — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра няворанае, удзірванелае поле.

Ляжаць пад сукном (разм.) — заставацца без разгляду, без рэагавання (пра заявы, скаргі).

|| наз. ляжа́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і ле́жня, -і, ж. (да 1 і 2 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся, кладу́цца; кла́ўся, кла́лася; кладзі́ся; незак.

1. Прымаць ляжачае становішча.

К. на ложак.

2. Укладвацца, размяшчацца для сну, адпачынку.

К. адпачыць.

3. Адпраўляцца на лячэнне.

К. ў шпіталь.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрываць, засцілаць сабою што-н., распаўсюджваючыся па паверхні.

Туман клаўся ў нізіне.

Снег кладзецца на палі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Браць які-н. напрамак (пра самалёт, карабель).

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра падавацца кладцы.

Цэгла добра кладзецца ў сцяну.

7. перан. Свабодна, лёгка выкладацца, выказвацца (пра думкі, словы і пад.).

Фразы лёгка кладуцца на паперу.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., на каго-што. Станавіцца чыім-н. доўгам, абавязкам, заняткам і пад.

Цяпер усе клопаты па гаспадарцы кладуцца на матчыны плечы.

|| зак. пакла́сціся, 1 і 2 ас. не ўжыв., -кладзе́цца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Бу́хта1 ’заліў’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне (у рус. мове з Пятроўcкай эпохі) з ням. Bucht ’тс’ (а гэта вытворнае ад biegen гнуць, выгібаць’, гл. падрабязна Клюге, 107). Фасмер, 1, 256; Рудніцкі, 277; Шанскі, 1, Б, 241–242. З даўнейшай літ-ры параўн. Корбут, PF, 4, 501.

Бу́хта2 ’глыбокае месца ў рацэ на самым яе павароце, вір’ (Яшкін); ’выкручаная вадой яма на дарозе, на лузе ў час разводдзя’ (Яшкін), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Наўрад ці ад бу́хта ’бухта’ (< ням. Bucht). Хутчэй трэба думаць пра сувязь з слав. дзеясловам гукапераймальнага паходжання *buxъtěti (гл. бухцець). Мабыць, таго ж паходжання і рус. дыял. (паўн.) бу́хта ’вада са снегам на паверхні лёду’, якое Фасмер, 1, 256 (услед за Кілімам) няўпэўнена выводзіць з фін. uhku. Параўн. бу́кта, бу́кча, бо́хат. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 68.

Бу́хта3 ’круг складзенага каната’. Рус. бу́хта, укр. бу́хта. Запазычанне з гал. мовы (параўн. гал. bogt ’тс’; ССРЛЯ, 1, 712; Рудніцкі, 278; Сл. ин. сл. прыводзіць bocht). Але магчыма і запазычанне з ням. Bucht ’тс’.

Бухта4 ’буркун’. Гл. бухцець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)