Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯпаверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.
Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = ƒ(u)cos φ, y = ƒ(u)sin φ, z = u, дзе ƒ(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.
Да арт.Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,
раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),
мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФІЛО́МЕТР,
прылада для вызначэння памеру няроўнасцей (шурпатасці) апрацаванай паверхні дэталей. Электрадынамічны П. складаецца з алмазнай іголкі, што перамяшчаецца перпендыкулярна кантралюемай паверхні і пераўтваральніка ваганняў іголкі ў адпаведныя паказанні электравымяральнай прылады. Існуюць аптычныя П., якія перадаюць (у павялічаным маштабе) профіль паверхні на экран. П. з аўтам. запісам паказанняў пераўтваральніка наз. прафілографам. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬда паверхні ў пункце,
плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.
Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, y, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, y0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце M0. Д.п. да паверхні σ у пункце M0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да M0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.