падзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; заг. падзень; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).
Разм.
1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. [Тамаш:] — Дзе ж ты, сынку, запалкі падзеў? Чорны. // Схаваць, некуды звесці. [Дзеці:] — Куды нашых настаўнікаў падзелі? Сабаленка.
2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца сховішча, прытулак і пад. Юзя не ведала, дзе падзець драбавік. Бажко. — Вось забралі цябе ў палон, душылі голадам — і маўчаў. Уцёк і ўсё тваё ўцякло з табой. А я куды ўцяку? Дзе іх падзену? — бацька паказаў на прыціхлых дзяцей, якія ўважліва слухалі гаворку дарослых. Навуменка. // Зрасходаваць, патраціць; выкарыстаць. [Чарняхоўскі] не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў ім. Мележ. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Колас.
•••
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі падзець гл. ведаць.
Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе падзець гл. ведаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Памагчы каму‑н. сесці, узабрацца на што‑н. высокае. Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ўскочыць каню на спіну. Дамашэвіч. Падсадзіла [бабка] Віцю на воз,.. перахрысціла ўнука і доўга выцірала вочы ражкамі падвязанай пад бараду хусткі. Нядзведскі.
2. Пасадзіць разам, у адно месца з кім‑н. Цяпер.. [Максім] клаўся спаць адзін і, засынаючы, думаў: каго ж, якога таварыша падсадзяць да яго ў камеру? Машара. // Разм. Узяць на воз, у машыну і пад. падарожнага. — Сюды мяне прывёз інвалід з пратэзам замест правай нагі. Па дарозе падсадзіў знаёмую. Лужанін.
3. і чаго. Пасадзіць дадаткова. Падсадзіць капусты на градзе.
4. Разм. Змясціць, падсунуць пад што‑н. ці ў што‑н. [Алена і Міхась] падсадзілі насілы пад капу і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да падарожжа, звязаны з падарожжам. Падарожныя ўражанні. Падарожныя нататкі. □ У школе Генька асабліва захапляўся падарожнай рамантыкай. Паслядовіч.
2. Які звязаны з дарогай (у 4 знач.); дарожны. Бацька добра ведаў усе дзяціныя радасці і кожны раз пакідаў у сумцы які-небудзь акрайчык ад свайго падарожнага абеду. Кірэенка. // Які знаходзіцца ў дарозе. — А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі. Лынькоў. // Які накіроўваецца ў адну дарогу, у аднолькавым напрамку з кім‑н. За вёскай Грыша падняў руку, каб спыніць падарожную машыну. Пальчэўскі.
3. у знач. наз. падаро́жны, ‑ага, м.; падаро́жная, ‑ай, ж. Падарожнік 1. Падарожныя распраналі доўгія кажухі. Мальдзіс. Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату. Ваданосаў.
4. Гіст. Які плаціўся за праезд на паштовых конях у Расіі ў 18–19 стст. Падарожныя грошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.
2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.
3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.
4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.
2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.
3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.
1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.
2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.
3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.
4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.
•••
Біць у хамут гл. біць.
Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знаёмы, ‑ая, ‑ае; знаем, ‑а.
1. Раней зведаны, спазнаны, прывычны. Знаёмы голас. Знаёмая мелодыя. □ Зося лёгка разбірала знаёмы почырк. Крапіва. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду. Колас.
2. з чым або каму-чаму. Які зведаў, выпрабаваў што‑н., мае пазнанні ў чым‑н. Як чалавек, знаёмы з тутэйшымі парадкамі, .. [Кібрык] з самага пачатку сеў воддаль, на тахту. Шыцік. Рэдактар надзеў акуляры, паклаў на стол жылістыя рукі — ім, відаць, знаёма была ў свой час фізічная праца. Хадкевіч.
3. Які знаходзіцца з кім‑н. у знаёмстве (у 1 знач.). Мяркуючы па тым, як .. [юнакі] сустрэліся, як жартуюць, лёгка можна было заключыць, што яны даўно знаёмыя і паважаюць адзін аднаго. Анісаў.
4. у знач. наз. знаёмы, ‑ага, м.; знаёмая, ‑ай, ж. Той, (тая), хто знаходзіцца ў знаёмстве з кім‑н.; знаёмы чалавек. У цэнтры горада, ля крамы, на рагу, Знаёмая знаёмую спаткала. Корбан. Бацька і маці пайшлі да знаёмых у госці, а Віця застаўся дома. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.
2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. □ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».
4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.
5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́ркі, ‑ая, ‑ае.
1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.
2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. □ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. □ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.
3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. □ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.
4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.
5. у знач. наз. го́ркая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.
•••
Горкая соль гл. соль.
Гора горкае гл. гора.
Горкае дзіця гл. дзіця.
Горкі п’яніца гл. п’яніца.
Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.
Як горкая рэдзька гл. рэдзька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
1. Памянш.-ласк. да галава (у 1, 6 знач.). Дзіцячая галоўка. Галоўка сыру.
2. Шарападобны плод, шарападобнае або прадаўгаватае суквецце некаторых раслін. Галоўка маку. Галоўка дзьмухаўца. □ Красаваліся буйныя малінавыя галоўкі канюшыны. Мележ. // Пра клубень цыбулі, качан капусты. Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць. Колас. // звычайна мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Плады, каробачкі лёну. Лянок, паслушны лёгкаму ветру з усходу, кланяецца сваёй гаспадыні, пашумліваючы спелымі галоўкамі. Кулакоўскі.
3. Патоўшчаная канцавая частка чаго‑н. Галоўка бедранай косці. Галоўка запалкі. Галоўка цвіка.
4. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка саней. Пакласці сена ў галоўкі. □ Бацька хутка ўлажыў дровы — крыху вышэй за галоўкі — перавязаў вяроўкаю за развалкі. Мыслівец.
5. толькі мн. (гало́ўкі, ‑ловак). Пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і верхнюю частку ступні. Паставіць у ботах новыя галоўкі. □ Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі з траскучай карабацістай скуры. Навуменка.
•••
Баявая галоўка — тое, што і боегалоўка.
Гладзіць па галоўцы каго гл. гладзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)