бру́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.

2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.

3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.

4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.

5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падарожжа, звязаны з падарожжам. Падарожныя ўражанні. Падарожныя нататкі. □ У школе Генька асабліва захапляўся падарожнай рамантыкай. Паслядовіч.

2. Які звязаны з дарогай (у 4 знач.); дарожны. Бацька добра ведаў усе дзяціныя радасці і кожны раз пакідаў у сумцы які-небудзь акрайчык ад свайго падарожнага абеду. Кірэенка. // Які знаходзіцца ў дарозе. — А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі. Лынькоў. // Які накіроўваецца ў адну дарогу, у аднолькавым напрамку з кім‑н. За вёскай Грыша падняў руку, каб спыніць падарожную машыну. Пальчэўскі.

3. у знач. наз. падаро́жны, ага, м.; падаро́жная, ‑ай, ж. Падарожнік ​1. Падарожныя распраналі доўгія кажухі. Мальдзіс. Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату. Ваданосаў.

4. Гіст. Які плаціўся за праезд на паштовых конях у Расіі ў 18–19 стст. Падарожныя грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляўні́чы 1, ага, м.

Той, хто займаецца паляваннем. Сюды [на Глухі востраў] рэдка хто заходзіў, хіба толькі самыя дасціпныя паляўнічыя зазіралі. Колас. Праз некалькі мінут.. [лось] выскачыў на невялікую прагаліну і неспадзявана наткнуўся на двух паляўнічых. Шчарбатаў.

паляўні́чы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таго, хто займаецца паляваннем. Паляўнічае таварыства. // Які прызначаны, служыць для палявання. Паляўнічая стрэльба. Паляўнічы сабака. □ Гаспадар сабраў сваё паляўнічае начынне, а.. [жонка] падагрэла падрыхтаванае звечара сняданне. Кірэенка. Траха не кожны тыдзень у Міцькі мяняліся паляўнічыя сабакі. Кулакоўскі. // Звязаны з паляваннем. Паляўнічы промысел. Паляўнічая брыгада. □ — Сёння адкрыццё паляўнічага сезона, а мы дома сядзім. Ляўданскі. // Уласцівы таму, хто займаецца паляваннем. Калі мы рушылі з.. [генералам] у глыб лесу, я вырашыў не адрывацца.. Але хутка прыкмеціў, што генерал «водзіць за нос» мяне з намерам уцячы... Тут ужо апанаваў паляўнічы азарт. О не, дзед, ад мяне адчапіцца не так проста. Шамякін.

2. Ужываецца ў назвах сартоў некаторых харчовых прадуктаў і напіткаў. Паляўнічая каўбаса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.

2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.

3. у знач. прым. Апрацаваны парай ​2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.

4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.

5. у знач. наз. па́ранае, ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.

2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.

3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. □ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.

4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супо́льнае, ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трагедыі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Трагічны жанр. Трагічны сюжэт. Трагічная п’еса. // Які ляжыць у аснове трагедыі, які адлюстроўвае яе сутнасць. Трагічны канфлікт. / у знач. наз. трагі́чнае, ага, н. Трагічнае не існуе адасоблена ад жыцця.

2. Уласцівы выканаўцам трагедыі, які здольны перадаваць моцныя пачуцці. Трагічны талент. // Разлічаны на эфект; тэатральны. Трагічны жэст. □ — Бяда, Максім Іванавіч! — трагічным голасам усклікнула [Волька], спрытна саскокваючы з воза. Васілевіч. [Акцёр] разводзіў рукамі і, пакорліва апусціўшы галаву, дэкламаваў трагічным голасам завучаныя фразы. Бядуля.

3. Страшны, катастрафічны. Трагічная гібель судна. Трагічны выпадак. Трагічныя падзеі. // Поўны гора, няшчасця. Трагічнае становішча. □ У яркіх мастацкіх вобразах і малюнках раскрывае народная песня і радасць, і гора, і трагічныя моманты чалавечага жыцця. Саламевіч. Але .. [Кручкоўскі] быў пасабачы верны свайму пану шэфу і не мог не ўспомніць аб ім у такі трагічны час. Якімовіч. // Які выражае цяжкі душэўны стан, пакуты; які сведчыць аб пакутах. Трагічны выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбёны, ‑ая, ‑ае.

1. Закаханы ў каго‑н. Калі салдаты пайшлі, Лёдзя, улюбёная на той момант у Пракопа, з нейкім асаблівым уздымам узялася за работу. Карпаў. // у знач. наз. улюбёны, ага, м.; улюбёная, ‑ай, ж. Той (тая), хто закаханы ў каго‑н. [Патуцька:] — А гэты... улюбёны твой што — таксама на семінар? — Улюбёны? — дзяўчына ўскінула бровы і ўсміхнулася: Які ўлюбёны? Ці вы жартуеце? Ракітны. // Ачараваны, захоплены кім‑, чым‑н. Валодзька па-дзіцячы быў улюбёны ў.. [Корзуна], як у добрага казачніка. Кірэйчык. [Сакратар:] — Вёсцы трэба не проста людзі, а здольныя людзі, здольныя арганізатары, людзі, улюбёныя ў зямлю. Гаўрылкін.

2. Такі, якому аддаецца перавага ў параўнанні з чым‑н. іншым; аблюбаваны. Улюбёная страва. □ Простыя людзі, радавыя працаўнікі сталі ўлюбёнымі героямі паэзіі Броўкі. «Полымя». Гэта вуліца часта вадзіла Ільіча на Жураўліную горку — яго ўлюбёнае месца адпачынку. Сіпакоў. Маральная і філасофская алегорыя была ў Я. Коласа адным з улюбёных сродкаў мастацкага абагульнення жыццёвых назіранняў. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хме́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; захмялелы, нецвярозы. Грукоча машына. Маўчы, качагар, і пылам вугольным давіся!.. Хай з топкі тваёй не праб’ецца ўгар да містэраў хмельных і місіс. Дудар. // Уласцівы захмялеламу, нецвярозаму. Вочы [Тосі] паліліся калючым бляскам і хмельнай лянівасцю. Адамчык. // Такі, у якім удзельнічаюць нецвярозыя. Там [на банкеце] віно шуміць і льецца, Мова хмельная вядзецца. Колас.

2. Які выклікае ап’яненне. Наліліся хмельным сокам Гронкі [вінаграду] буйныя, даспелі. Жычка. Заморскія віны, мясцовая медавуха, гарэлка і хмельнае піва ліліся ракой. П. Ткачоў. / у знач. наз. хме́льнае, ага, н. У меру выпітае хмельнае як бы выраўноўвае, падводзіць пад адно ўсе настроі. Сабаленка. // перан. Які прыводзіць да ўзбуджэння, самазабыцця. Любыя, мілыя ліпы — Радасць квяцістых нізін! Водару хмельнага выпіў Ваш непакорлівы сын. Пушча. Ты пакліч мяне. Пазаві. Там заблудзімся ў хмельных травах. Янішчыц. Хмельная трэль салаўя ціха струменіць здалёку. Машара.

3. перан. Узбуджаны чым‑н. У прыцемку хмельны ад шчасця хлопец сустрэў.. хвалюючую цеплыню [Любы]. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяжу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выконвае тыя ці іншыя службовыя або грамадскія абавязкі ў парадку чаргі. Дзяжурны міліцыянер. □ Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. // у знач. наз. дзяжу́рны, ага, м.; дзяжу́рная, ‑ай, ж. Асоба, якая ў парадку чаргі выконвае свае службовыя або грамадскія абавязкі. Дзяжурны па вакзалу. Дзяжурны па кухні. □ У казарме чутны асцярожныя крокі дзяжурнага, які штораз паглядае на гадзіннік. Каваль. Аператыўны дзяжурны зараз жа пазваніў у эскадрыллі, перадаў загад камандзіра палка. Алешка. // Які працуе ў гадзіны перапынку або ў дні адпачынку іншых падобных устаноў. Дзяжурная аптэка. Дзяжурны магазін.

2. Прызначаны для дзяжурства. У дзяжурным пакоі рэзка і трывожна зазваніў тэлефон, і Стась кінуўся да яго. Мікуліч. // у знач. наз. дзяжу́рная, ‑ай, ж. Пакой, памяшканне для дзяжурства. Зайсці ў дзяжурную.

3. Загадзя падрыхтаваны для неадкладнага выкарыстання. Дзяжурная страва ў рэстаране. // перан. Загадзя прыдуманы, завучаны. Дзяжурная фраза. Дзяжурны жарт. □ Паходня паспрабаваў быў чытаць тэзісы, але і самому яму стала сумна, нібы гэта былі чужыя, дзяжурныя словы, паўтораныя сотні разоў. Хадкевіч.

[Ад фр. de jour— які адносіцца да гэтага дня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)