надра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; заг. надзяры; зак.
1. чаго. Аддзіраючы, нарыхтаваць нейкую колькасць чаго‑н. Надраць вязку лыка. □ З маладой ліпы [Алёшка] надраў кары. Якімовіч. // Навыдзіраць, навырываць; нарваць. Жанчыны надралі ў лесе дзеразы, упрыгожылі дугі, уплялі ў дзеразу чырвоныя стужкі. Місько. У густым лазняку [мы] знайшлі стары акон, надралі моху. Жычка.
2. чаго. Разрываючы на часткі, нарваць у нейкай колькасці чаго‑н. Надраць паперы. Надраць каснікоў.
3. чаго. Зняць абалонку з зярнят, ператвараючы іх у крупы. Надраць мяшок круп.
4. чаго. Нацерці на тарцы чаго‑н., натаркаваць. Надраць міску бульбы.
5. што. Разм. Начасаць, расчасаць скуру, нацерці яе чым‑н. цвёрдым. Надраць руку да болю. □ [Камлюк:] — Такая лазня — лепшы лекар... Па сабе адчуваю. Вось надраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам і не было ў іх праклятага раматусу. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх. Шашкоў. Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты. Галавач.
2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.
3. што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч.
4. што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння. // Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.
5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.
6. што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.
2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.
3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.
4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.
2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.
3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).
4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.
5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.
1. Маленькая круглая часцінка якой‑н. вадкасці; капля. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі і пакаціліся па дарожным пыле. Грахоўскі.
2. перан.; толькі адз., чаго. Самая малая колькасць чаго‑н. Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві, і спагады. Гілевіч.
•••
Да (апошняй) кроплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).
Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).
Кропля ў кроплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.
Ні кроплі — нічуць, ніколькі.
Ні кроплі ў рот не браць гл. браць.
Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобны, супадае і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́зіс, ‑у, м.
1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі. «Полымя».
2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч.
3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.
4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс. // Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.
•••
Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.
Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.
[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лепш, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.
2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.
3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.
•••
Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.
Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрубі́ць, ‑трублю, ‑трубіш, ‑трубіць; зак.
1. Утварыць гукі, дзьмучы ў трубу ці ў іншы падобны духавы інструмент. Пратрубіць у ражок. // Утварыць моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Лось пратрубіў перамогу над гаем, Аж па вадзе захадзілі кругі. Лось.
2. што. Гукам трубы (ці іншага падобнага духавога інструмента) даць сігнал аб чым‑н. Пратрубіць збор. Пратрубіць трывогу. □ Гарніст пратрубіў адбой, дзетдомаўскі двор апусцеў. Нядзведскі. Пратрубілі дружна ў лад Звонкі марш гарністы. Гілевіч.
3. Разм. Правесці час за якім‑н. нецікавым, бескарысным заняткам. [Дзед:] — Сядай, ды толькі барзджэй, і без гэтага палову дня задарма пратрубіў. Пянкрат.
4. што і без дап. Трубіць некаторы час. Пратрубіць увесь дзень на трубе.
•••
Пратрубіць (пракрычаць) вушы каму — надакучыць размовамі пра што‑н. — А то вось і мой большы [сын] вушы мне пратрубіў: паеду, памагае, паеду на завод, дый годзе... Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.
2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Злучыць з чым‑н., прымацаваць да чаго‑н. коўкай або надзеўшы ланцуг. Прыкаваць ложак да падлогі. □ — Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. Якімовіч.
2. перан. Прымусіць каго‑н. застацца ў якім‑н. стане, у якім‑н. месцы. Трэшчына косці прыкавала надоўга дзяўчыну да пасцелі. Васілевіч. «Пабягу назад», — падумаў Віця, але ўпартасць і цікаўнасць прыкавалі яго да месца. Чарнышэвіч. Устаў і Сцяпан, але страх, жывёльны страх, ад якога дрыжалі ўсе мускулы цела, .. зноў прыкаваў яго да зямлі. Дуброўскі.
3. перан. Прымусіць быць пакіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). [Валя] неяк адразу прыкавала да сябе ўвагу, чуць і бачыць яе было вельмі прыемна. Ермаловіч. Зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы .. [Сашын] позірк. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)