Жарт, жартаваць. Рус. пск., смал., урал. жарт, укр. жарт, польск. żart, серб.-луж. žort, чэш. žert, славац. žart ’жарт’. Ст.-бел. (XVI ст.) жартъ ’кашчунства’, ’жарт’. Паводле Булыкі (Запазыч., 113), ст.-бел. < польск. < чэш. < ням. Scherz ’жарт’. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 2, 146) указваюць с.-в.-ням. scherz ’жарт’. Аднак яшчэ Брукнер (662) выказваў сумненні наконт апошняга ‑t. Махэк₂ (726) прапануе лічыць ст.-чэш. слова запазычаным са ст.-в.-ням. serten ’брахаць, падманваць’. На такое значэнне магло б указваць і тое, што Зізаній супастаўляе кощунъствуюжарътую (да таго ж у дзеяслоўнай форме). Укр. з польск., рус. з бел. На ням. першакрыніцу ўказвае Гіст. лекс., 116.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывёла ’жывая істота’, зборн. ’свойская скаціна’ (ТСБМ). Польск. żywioła ’свойская скаціна’. Параўн. славен. živâl ’жывёла’. Слав. мовы захоўваюць асобныя словы з суф. ‑ela, ‑ola (напр., чэш. mrtvola ’труп’). Аднак не хапае падстаў для атаясамлівання славен. слова з бел., хаця наяўнасць літ. gývolis, gyvulỹs ’жывая істота, жывёла’ ўказвае на магчымасць яшчэ прасл.-балт. узаемадзеяння (Безлай, Radovi XXXV, Odjeljenje društvenih nauka, 12. Sarajevo, 1969, 92) і нават уплыву. Ст.-бел. ведала живиолъ, живелъ ’стыхія’ (XVI ст. Скарына; Булыка, Запазыч., 114) з польск. żywioł, дзе, як сведчыць Брукнер (670), так у XVI ст. тлумачылі і лац. animal (а не толькі element). Таму бел. жывёла, відаць, таксама з польск. Лаўчутэ, Сл. балт., 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зго́да ’лад’. Рус. сго́да ’шчасце’ (Даль), укр. зго́да, польск. zgoda, чэш. shoda, славац. zhoda ’лад’, н.-луж. zgoda ’добрае надвор’е’, славен. zgọda ’выпадак’, серб.-харв. зго̏да ’выпадак, умова, зручнасць’, балг. зго̀да ’зручныя абставіны, выпадак’, ’згода’, макед. згода ’зручнасць, выпадак’. Ц.-слав. (серб.) съгода ’выпадак’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., Данічыч). Ст.-рус. згода (1493 г., у «польск. справах») ’умова, згода’. Ст.-бел., ст.-укр. згода ’мір’ (Сінаніма). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова sъ‑god‑i‑ti () (гл. год, гадзіцца), які меў шырокае кола значэнняў, у тым ліку ’згаджацца, быць падыходзячым, трапляцца’. Бел. значэнне ўказвае, верагодна, на польск.-укр. бел.-славац. арэал, магчыма, хаця і не абавязкова пад польск. уплывам ці з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыкро́ць ‘тры разы’, ‘тройчы’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб.), ст.-бел. трикроть, трикротъ, трыкроть ‘тс’ (1514 г., ГСБМ). З польск. trzykroć ‘тс’, гл. тры і кроць. Сюды ж трыкро́тны ‘трохразовы’ (Нас., Байк. і Некр.) з польск. trzykrotny ‘тс’, ст.-бел. трикротный, трыкротный ‘тс’ (1558 г., ГСБМ), якія проціпастаўляюцца ст.-бел. трикратъ, трикраты, трикрать ‘тройчы’, запазычаным праз ц.-слав. са ст.-слав. три краты, што да кратъ ‘раз’; зыходнае ўсходнеславянскае слова мела б форму *коротъ, параўн. літ. kar̃tas ‘раз’, лат. kā̀rta ‘рад’ і пад., гл. Фасмер, 2, 368. Адносна генетычных і тыпалагічных сувязей другой часткі слова гл. Папоў, Из истории, 36; ЭССЯ, 11, 100; Борысь, 260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярох ’верх прадметаў, на які можна пакласці што-небудзь’ (Нік. Заг.), паўн.-рус. (паўсюдна) верех ’верх’; ’верхні паверх дома’; ’гара (у будынку)’; ’верхні слой, паверхнасць’. Відаць, бел. лексема складае адзіны бел.-рус. арэал. Гук ‑о‑ другасны, новы; ён узнік паміж дзвюма зычнымі, збег якіх цяжка вымаўляецца (Карскі, 1, 201). Параўн. гэту з’яву ў інш. словах: ваўк. zubiòr ’зубр’ (Федар., 1), лід. мудзʼор ’мудры’ (КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міні́стр ’член урада, які стаіць на чале міністэрства’ (ТСБМ), міні́стар ’тс’ (Яруш.), міні́сьцер ’тс’ (Шат.) паходзяць з польск. minister ’тс’, а сучаснае бел. — з рус. министр, якія з франц. ministre ’тс’ < лац. minister ’які дапамагае, садзейнічае’, ’падручны, слуга, памагаты’. Ст.-бел. минист(е)ръ ’пратэстанцкі свяшчэннік’, ’асоба, якая прычашчае’ (XVI ст.) са ст.-польск. minister ’тс’ < лац. minister ’служыцель культу’ (Булыка, Лекс. запазыч., 172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мірт, мі́рта ’паўднёвая расліна, Myrtus communis’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), ст.-слав. мирътъ ’тс’ (Пацлава, Paleoslovenica, 120). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 88), запазычана з рус. мовы. Аднак яшчэ ст.-бел. мирта ’тс’ (XVII ст.), якое было запазычана са ст.-польск. mirta < лац. mirta, myrta (Булыка, Лекс. запазыч., 148) < ст.-грэч. μύρτος ’дрэва мірта’ < μύῤῥα — гл. мі́рра. Сюды ж ст.-бел. мирсина (Булыка, БЛ, 9, 30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́нне1, ме́ннье, ме́ня ’маёмасць’, ’маёнтак, багацце’ (Яруш., Шат., Дун.-Марц.), ст.-бел. менье, мене ’маёнтак’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. mienie ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78), якое ўзыходзіць да прасл. jьměmьje ’тс’, ’скаціна’ (Копечны, Zákl. zásoba, 141). Шатэрнік (157) выводзіць бел. лексему з польск. мовы.

Менне2, ме́ньня, мэ́ньне, ймэ́ньне ’імя’ (докш., Янк. Мат., Сл. ПЗБ; стол., Нар. лекс.; Мат. Гом., Клім.). Да іме́нне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мушке́т1 ’старажытнае буйнакалібернае ружжо з кнотам для запальвання замка’ (ТСБМ, БелСЭ), ’самаробны пісталет’ (Бяльк.). Сучасная форма з рус. мушкет ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 86). Аднак ст.-бел. мушкетъ ’тс’ (1616 г.) запазычана са ст.-польск. muszkiet, якое з франц. mousquet ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 69).

Мушке́т2 ’бузіна, Sambucus L.’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, ад мушкат, мускат (ст.-бел. мушкатела ’сорт віна і вінаграду’) паводле падабенства (ягады, колер?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)