спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вешчыца ’ведзьма, якая кладзе сваё цела пад ступу, а сама вылятае сарокай праз комін’ (паўн.-віц., Крывіч, 12, 1926, 108), паўн.-рус. вещица ’ведзьма, гадалка, нячысцік’; ’эпітэт сарокі’; ’пляткарка’, польск. кракаўск. wiescyca ’д’ябліца’, wieszczyca ’тс’, каш. ’вампір’, чэш. věštice ’ведзьма’, мар. věštica ’лясная німфа’, славац. veštica ’прадракальніца, прарочыца, чараўніца’, славен. veščíca ’прарочыца’, серб.-харв. ве̏штица ’старая жанчына, якая патаемна супрацоўнічае з д’ябламі’, макед. вештица ’ведзьма’, балг. вещица ’ведзьма, чараўніца, злая, грозная жанчына’; ’начны матыль, святляк Lampiris’, ст. слав. вѣщица, прасл. věštica ’жанчына, якая ведала будучае і прадказвала яго’. Утварылася ад прыметніка věštь‑ (< vědati) і суф. ‑ica. Гл. таксама ве́шчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпе́нда1, ліпінда́, лепе́нда́ ’нястрыманы на язык, балбатун’, лепянда́ць, лепе́ньдзіць, ліпяньдзі́ць ’гаварыць шмат, не да месца, надакучліва’ (міёр., З нар. сл.; ТС), шчуч., воран. ляпяндзя́ ’пляткарка’ (Сцяшк. Сл.). Да лімінда́, ляме́ндзіць (гл.). Мена ‑м‑ у ‑п‑ адбылася пад уплывам лапатаць, лапанда. (Яна характэрная і для гаворак літ. мовы; параўн. літ. lamañtas = lapañtas; LKŽ, 7, 140.) Аб суфіксе е́нда (‑інда́, ‑яндзя́), балтыйскім паводле паходжання, гл. Слаўскі (SP, 1, 63); інакш Сцяцко (Афікс. наз., 43, 98–99).

Ляпе́нда2, лепянда́, лепенда́ ’вадкая гразь’ (ТС). Да ля́па3. Аб суфіксе е́нда гл. папярэдняе слова.

*Ляпе́нда3, лепенда́ ’прымітыўная пабудова’ (ТС). Да ляпі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ліша́ць, пін. ліша́ть ’пакладаць’ (Шатал.) — фанетычны запіс зроблены не зусім правільна; драг. лэ́чатэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, КЭС), у якім націск на лэ́ пад уплывам прыметніка устар. лэ́шні, лэ́чны (цяпер лі́шні), параўн. польск. leszny ’лішні’ ў прымаўцы moszna rzecz leszna, lecz zdobi wałachy (Варш. сл.). Да прасл. lišiti ’пазбаўляць’, параўн. рус. лиша́ть, бел. ліша́цца ’пазбаўляцца’ (Ян.). Магчыма, гэта ‑э‑ ў аснове з’яўляецца архаічнымі адносінамі асноў liš‑/leh‑ (з чаргаваннем е : о), як славен. lẹ́hniti ’прыпыняць, праходзіць, пераставаць’ (гл. Куркіна, Этымалогія–72, 78–79). Прасл. lišati () — ітэратыў-дуратыў на ‑(j)ati, які ўзыходзіць да lišiti < lixъ > ліхі́ (гл.) (Трубачоў, Эт. сл., 15, 154–155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́бка ’верхняя планка ў драбінах воза’ (Шатал.). Параўн. укр. гла́бці ’лубкі ў санях; сані, абшытыя лубкамі’ (Грынч.). Паводле Рудніцкага (637), вытворнае ад асновы *glab‑, якая чаргуецца з *glob‑ (аб гэтай апошняй гл. Рудніцкі, 650) і ад якой утварылася таксама аглобля, галобля і да т. п. Гл. яшчэ ў Фасмера, 1, 413: глоба́ ’папярочная бэлька, жардзіна, доўгі шост’, укр. глоба́ ’дрэва, якое расце коса; жалезны клін’. Гэта група слоў, паводле Фасмера, адносіцца да рус. огло́бля. балг. сглобя́ ’збіраю, змацоўваю’, польск. głobić і г. д. (аб далейшых сувязях гл. у Фасмера). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 291 (пад głobić).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́раў ’характар; упарты характар з капрызамі’ (Нас., Яруш., Шат., Бяльк.), ’звычай’ (Нас.), но́роў ’нораў, звычка’ (ТС), наро́ў ’тс’ (Ян.), ’нораў, натурлівасць’ (ТС), ст.-бел. норовы (1562, Карскі, 1, 249), укр. но́ров ’характар; прыхамаць, капрызы’, рус. но́ров, на́ров ’характар; жаданне; прыступ да справы’, славац., чэш. nrav ’характар, звычка; звычай’, ст.-чэш. nrav ’тс’, славен. nrȁv ’звычка, характар’, серб.-харв. на́рав ’тс’, макед. нарав ’тс’, балг. нъра́в, дыял. нара́вие ’тс’, ц.-слав. нравъ. Прасл. *norvъ, роднаснае літ. nóras ’воля, жаданне’, norė́ti ’хацець’, грэч. νωρεῑ ’моц, сіла’; таго ж паходжання ст.-інд. nar‑ ’мужчына’, авест. nar ’тс’ і пад. (Фасмер, 3, 84; Бязлай, 2, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцярня́ ’месца, дзе сабраны людскія косці’ (Нас.). Пад праформай *kosterъ Трубачоў (Эт. сл., 11, 154) разглядае формы з розных слав. моў: балг. дыял. костер ’крывы вінаградарскі нож’, макед. коштерица ’від змяі’, серб.-харв. кбстер ’від асятра’, польск. дыял. kościer ’пустазелле Bromus secalinus’, ст.-рус. костеръ ’грубае тоўстае сцябло некаторых раслін’, рус. костерь ’пустазелле’. У лік бел. форм трапіла вытворнае і зафіксаванае толькі ў Нас. косцерня (аб яго значэнні гл. вышэй). Такім чынам, можна меркаваць (відавочна, услед за Трубачовым), што гэта бел. слова з’яўляецца вельмі каштоўным рэліктам, хоць і ў вытворнай форме старога прасл. *kosterъ. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бахту́рыць (набахтурыў ему голаву ’забіў яму галаву лухтой’; Чач., Нас.). Магчыма, звязана з групай слоў рус. ба́харь ’балбатун і г. д.’, славен. báhati ’хваліцца’. Суфіксацыя не зусім ясная (здаецца, ‑t‑ur‑ < ‑ъt‑ur‑), як звычайна ў многіх экспрэсіўных словах. Параўн. рус. бахте́ть, бахти́ть ’хваліцца, важнічаць’, бахту́рить ’перагружаць думкі чым-н.’ (пры ба́хать ’ілгаць, хлусіць’). Не выключаецца, аднак, што бахтурыць < бухто́рыць. Параўн. польск. buchtorzyć ’дурыць, баламуціць’. У Насовіча пад бахту́рыць прыводзяцца два значэнні — ’наліваць у пасудзіну’ і ’забіваць галаву лухтой’, параўн. бухто́рыць (Нас.) ’празмерна ліць вадкасць, празмерна піць’. Гэта можа сведчыць, што ’забіваць галаву лухтой, дурыць’ → ’наліваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)