Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапці́ ’цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам’ (ТСБМ, Шат., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр.), со́пці ’сапці, спаць’ (Нас.), сапе́ць ’сапці’ (Бяльк., Касп., Ант.; брасл., Сл. ПЗБ), сапсці́ ’тс’ (Др.-Падб., Скарбы), сапа́ць ’пакрывацца налётам сажы’ (Сцяшк.), ’пачынаць разгарацца (аб дровах)’, ’салыпаць (аб пламені)’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), сапану́ць ’перадахнуць’ (Сцяшк. Сл.), сапну́ць ’тс’ (Шатал.), сапаце́ць ’хутка ісці’ (Сцяшк. Сл.), сапапу́ць ’садануць, пырнуць’ (Касп., Юрч.), сопону́ты ’рынуцца, кінуцца, шмыгнуць’, сапаце́ць ’пыхаць жарам’ (Нар. лекс.), сопоні́ты ’тс’ (Клім.), со́паць ’сапсці’ (ТС). З іншай ступенню чаргавання ў корані: сапа́ць ’сапці, цяжка дыхаць’ (Нас., Гар., Др.-Падб.), магчыма, з польск. sapać (гл. сап2). Укр. сапти́ ’сапці’, рус. сопе́ть ’тс’, дыял. ’дуць (аб ветры)’, ’піць’, ст.-слав. сопсти, ст.-рус. сопѣти ’іграць на трубе’, сопьць ’музыка, які іграе на трубе’, чэш. soptiti ’сапці; пыхкаць (аб пламені, дыму)’, славац. soptiť ’тс’, серб.-харв. со̀пити ’сапці, пыхкаць’, sopsti ’тс’, славен. sopéti, sopsti ’шумна дыхаць, фыркаць’, балг. со́пам се ’агрызацца’; з іншай агаласоўкай кораня: ст.-рус. сапѣти, саплю ’сапці’, польск. sapać ’сапці; пыхкаць’, в.-луж. sapać ’вывяргаць’, н.-луж. sapaś ’пылаць, пламянець’, чэш. sapati se ’накідвацца на каго-небудзь’, славен. sápati ’тс’. Прасл. *sopti, *sopěti, *sapati ’цяжка дыхаць’. Куркіна (Этимология–1984, 46, 51–52) дзеясловы на ‑iti, ‑ěti, ‑ati лічыць прыналежнасцю асобных славянскіх моў эпохі дыялектнага развіцця прасл. мовы. Паралелі ў ст.-інд. śápati ’ён праклінае’, sábdah ’гук, голас, шум’, гл. Міклашыч, 316; Траўтман, 299; Майргофер, 3, 296. Праабражэнскі (2, 257 і наст.) лічыць слова гукапераймальным і параўноўвае з рус. сипеть, шипеть. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 718. Сной₁, 593, узводзіць слав. слова да і.-е. *su̯op‑ у тым жа значэнні. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1270; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туры́ца1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур1, турыца1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нябо́га ’небарака, бедалага, няшчасны’ (Шпіл., Мядзв., Яруш., Булг., Бяльк.), нэбо́га ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), нябо́га — звычайна ў звароце ’прыяцель, голуб, даражэнькі, шаноўны’ (Нас., Мал., Касп.), нябо́га, небо́га, нібо́га ’пляменніца’ (парыце Янк. Мат.; пухав., Сл. ЦРБ; Сцяшк., Янк. 1, Чуд.; ст.-дар., Нар. сл.; петрык., Шатал.; браг., рэч., Мат. Гом.; мазыр., З нар. сл.; Сл. Брэс., ТС), нябожа ’тс’ (хойн., Шатал.), сюды ж небо́ж, мн. небожа́та ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (Федар., Пятк., ТС), нябо́ж, небож ’тс’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’пляменнік’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Чуд., Мат. Маг., парыц., Янк. Мат.; Янк. 1, Ян.; браг., Мат. Гом.; лельч., Нар. лекс.; мазыр., хойн., Шатал.), нябо́г ’тс’ (петрык., Шатал.), ні́бог, ні́бож — у іранічным звароце ’шаноўны, даражэнькі’ (Нас.), небажа́ — пагрозлівы зварот да няпоўналетніх (Нас.), нябо́гая ’нявестка’ (пруж., Сл. Брэс.), укр. небо́га ’пляменніца; небарака, галубка’, небі́ж ’пляменнік; небарака, бядак’, небожа́ ’пляменнік, пляменніца’, небожата ’мілыя, родныя, галубкі’, польск. nieboga ’бедная, няшчасная жанчына; нябошчыца’, nieboże ’небарак, бядак’, славен. nebore (< *nebože) ’тс’; у іншых славянскіх мовах пераважна ў форме прыметнікаў параўн. рус. небогий ’бедны’, чэш. nebohý ’бедны, убогі, мізэрны’, славац. nebok, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’, серб.-харв. нѐбог, дыял. nebȍh ’убогі, бедны’. Прасл. *ne‑bogъ, дзе другая частка *bogъ ’доля, частка’, параўн. багаты (гл.); тыпалагічная паралель — нядо́ля ’няўдалы, няздатны (пра чалавека)’ (Сцяшк.), першасная матывацыя, магчыма, у пруж. нябо́гая ’нявестка’, г. зн. ’якая не мае сваёй долі, часткі (багацця)’, аналагічна убо́га ’нявестка’ ад убогі ’бедны, няшчасны; абяздолены’ (гл.). Усходнеславянскае значэнне ’пляменніца’, відаць, адлюстроўвае нейкую старажытную маёмасную непаўнацэннасць дачкі брата або сястры ў старым патрыярхальным ладзе. Гл. Махэк₂, 393; Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 201; Трубачоў, Этимология–1965, 27; Іванаў, Тапароў, Слав. языкозн., 8, 236; Слаўскі, Зб. Геаргіеву, 388.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел. робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус. ра́б ’раб’, польск. rab ’раб, хлопец’, чэш. rab ’тс’, ст.-чэш. rob ’нашчадак’, славац. rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац. rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв. rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен. r̀ȍb ’тс’, балг. роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед. раб, роб ’тс’, ст.-слав. рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск. рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл. *orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл. *orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг. ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е. *orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц. arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням. Arbeit ’работа’, лац. orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл. orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд. árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абы́ 1, злучнік.

1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.

2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.

3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.

абы́ 2, часціца.

Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца. М. Ткачоў. [Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы! Бажко.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Абы з рук гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́ра, ‑ы, ж.

1. Матэрыял для пісьма, друку, малявання і пад., які вырабляецца ў асноўным з раслінных валокнаў, апрацаваных адпаведным спосабам. Абгортачная папера. Папяросная папера. Газетная папера. □ Ускудлачаны Аляксееў, седзячы за сталом, нешта чарціў на лістку паперы. Карпаў. Ходзячы па вуліцах горада, мы неаднойчы бачылі на вокнах дамоў выразаныя з паперы залатыя і чырвоныя зоркі. Лынькоў.

2. Пісьмовы дакумент афіцыйнага характару. Штабныя паперы. □ [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі. Клімковіч. [Галена] чакала ў паважнай канцылярыі падарожнай паперы. Чорны. // толькі мн. (папе́ры, ‑пер). Разм. Асабістыя дакументы (аб службе, нараджэння і пад.). [Лабыш:] Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты. Козел.

3. пераважна мн. (папе́ры, ‑пер). Розныя лісты з рукапісным або друкаваным тэкстам. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі. Пісар хацеў нешта сказаць, але .. замест адказу, узяў вокладкі, распёртыя рознымі паперамі. Колас.

•••

Александрыйская папера — асобы гатунак гладкай шчыльнай белай паперы вялікага фармату для чарчэння і малявання.

Ватманская папера — цвёрдая высокагатунковая папера для чарчэння і малявання.

Каштоўныя паперы — аблігацыі, вэксалі.

Лакмусавая папера (паперка) — фільтравальная папера, насычаная растворам лакмусу, якая ўжываецца ў якасці рэактыву на кіслоты і шчолачы.

Мелаваная папера — папера, накрытая белай клеявой фарбай.

Міліметровая папера — папера для чарчэння ў клетку, роўную аднаму квадратнаму міліметру.

Застацца на паперы гл. застацца.

[Ад грэч. pápyros — выраб з расліны папірусу]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. нанёс, ‑несла і ‑нясла; зак.

1. чаго. Прынесці ў нейкай (звычайна вялікай) колькасці. Нанесці яблыкаў. Нанесці кветак. □ [Партызаны] грукалі ў парозе нагамі — абівалі снег, каб не нанесці.. да стала. Пташнікаў.

2. чаго. Сваім рухам прынесці, утварыць што‑н. (пра ваду, вецер і пад.). Песню сівер запяе, Ўсе дарожкі зараўнуе, Гурбы снегу нанясе. Колас. Толькі падзівішся, адкуль гэты гарэза-вецер мог нанесці столькі вішнёвага, грушавага і бярозавага лісця, што ім забіты каляіны. Шамякін. / у безас. ужыв. Нанесла пяску. Нанесла снегу.

3. безас. што. Разм. Рухам вады, ветру наштурхнуць. Катэр нанесла на мель.

4. пераважна безас. каго-што. Разм. Нечакана з’явіцца, сустрэцца, трапіць на каго‑, што‑н. (звычайна аб чым‑н. непажаданым). Ніна памкнулася зняць вядро [з бульбай], але .. апякло, рукі. Добра, што ў гэты час нанесла Сароку. Ён адсунуў вядро на край кія. Ваданосаў. Хлопцы падаліся да машыны, відаць, у думках праклінаючы тую часіну, якая нанесла іх на вочы Леаніда Пятровіча. Карпюк.

5. што на што. Занесці якія‑н. даныя, абазначыць, адзначыць. Нанесці пункты на карту. // Надрукаваць, намаляваць і пад. Нанесці малюнак на тканіну.

6. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: прычыніць, зрабіць тое, што выражана назоўнікам. Нанесці шкоду. Нанесці паражэнне. Нанесці знявагу. Нанесці ўдар. □ Вайна нанесла вялізныя страты народнай гаспадарцы Палесся. Краўчанка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чаго. Знесці нейкую колькасць яек (пра птушак).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)