хіста́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.

2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.

3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарэ́ць, ‑эе; незак.

1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.

2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.

3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіль, ‑я, м.

1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.

2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.

[Ад ням. Spill.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусце́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца густым або больш густым (у 1 знач.). Юзя тым часам ужо мінула дарогу, увайшла ў лес, які ўсё больш гусцеў. Бажко.

2. Станавіцца больш канцэнтраваным, густым (у 2 знач.). Цеста гусцее. // Траціць блякласць, станавіцца больш яркім (пра колеры, фарбы і пад.). Ледзь прыкметна гусцее блакіт неба.

3. Станавіцца больш шчыльным, малапранікальным для зроку, святла. За акном гусцеў змрок цёплага летняга вечара. Мележ.

4. Паўтарацца больш часта, праз меншыя прамежкі часу. Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Спачатку гукі былі рэдкія, нясмелыя, потым пачалі гусцець, перасыпаліся срэбрам. Бядуля.

5. Станавіцца больш нізкім, прыглушаным (пра гукі, голас).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

банке́т 1, ‑у, М ‑кеце, м.

Урачыста абед ці вячэра з нагоды чаго‑н. або ў гонар каго‑н. У нас сёння з выпадку прэм’еры банкет у рэстаране... Васілевіч. Нямала я быў на банкетах, але Урачыстасці большай не знаю, Як гэта, калі мы раскройваем хлеб З свайго маладога ўраджаю. Танк.

[Фр. banquet.]

банке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.

Спец.

1. Насып з грунту або камення для засцярогі якога‑н. збудавання (чыгуначнага, гідратэхнічнага). [Каваль] убачыў .. [Паліну] адразу, ледзь машына, ўзышла на шырокі каменны банкет. Савіцкі.

2. Невялікае ўзвышша каля ўмацавальнага вала для зручнасці стральбы з вінтовак. // Пляцоўка для стральбы каля ўнутранага борта пад верхняй палубай ваеннага карабля.

[Фр. banquette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лахманы́, ‑оў; адз. лахман, ‑а, м.

Разм.

1. Старое, паношанае або падранае адзенне; лахмоцце. Жабрачыя лахманы. □ [Саша] адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Шамякін. Дзіравыя лахманы ледзь прыкрываюць худыя целы. Лынькоў.

2. Кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі. Полы кажушка канчаліся .. абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас. Вопратка на .. [палонных] была парванай, звісала лахманамі. М. Ткачоў. / Пра шматкі, абрыўкі дыму, туману, хмар і пад. Трубы густа дымілі, і брудныя лахманы дыму паўзлі па блакіце неба. Гамолка. Землі дрыжаць, лахманамі хмары падаюць глуха за небасхіл. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́тнік 1, ‑у, м., зб.

Аднагадовыя дэкаратыўныя садовыя расліны. // Абл. Летняя садавіна. [Каліна:] — Пяцьдзесят гектараў саду. А які ўраджай! .. Летнік псуецца, гніе шмат. М. Ткачоў.

ле́тнік 2, ‑а, м.

Разм. Лёгкі летні пінжак або жакетка. На .. [хлопцу] шэры, з абвіслымі штрыфелямі летнік; сіняя кепка-васьміклінка з кароценькія брылём. Ракітны.

ле́тнік 3, ‑а, м.

Разм. Дарога, якой карыстаюцца толькі летам; проціл. зімнік. Адшукаў [Віця] знаёмы летнік — летнюю дарогу, па якой калгаснікі вазілі сена. Жычка. [Андрэй і Драбок] выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.

1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.

2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.

3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тла,

1. Прысл. да светлы (у 1, 2, 3, 5 і 7 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць святла дзе‑н.; відно. І гэтак светла Стала ў вёсках ноччу, Што вуліцы — З канца ў канец відаць. Шымук. // Пра надыход дня. Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Мележ.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра радасны, вясёлы настрой. Ты мяне сустрэнеш ветла — Рад я сонцу, рад вясне. Стане лёгка, стане светла Быць з табою побач мне. Куляшоў. Хораша і светла на душы. Хто спытае, адкажу любому: Я не проста ў сценах Мінска жыў, Сэрца ўсё аддаў яму з любоўю. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.

2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.

3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)