спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Грахоўскі.
2. перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...» Гартны. [Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае. Шыцік.
3. Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.
Разм.
1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.
3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́кцыя 1, ‑і, ж.
Дзеянне, накіраванае на дасягненне пэўнай мэты. Міралюбівая акцыя Савецкага ўрада. Дыпламатычная акцыя. Акцыя помсты. Агрэсіўная акцыя. □ [Кох:] не раз рабіў.. [Вейсу] непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім. Лынькоў.
[Ад лац. actio — дзеянне.]
а́кцыя 2, ‑і, ж.
Цэнная папера, якая сведчыць пра ўнясенне пэўнага паю ў капіталістычнае прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства. Валодаць акцыямі. Скупіць акцыі. Трымаць акцыі. Рост каштоўнасці акцый. □ Большая частка банкірскага капіталу зусім фіктыўная і складаецца з даўгавых патрабаванняў (вэксаляў), дзяржаўных папер (якія прадстаўляюць ранейшы капітал) і акцый (пасведчанняў на атрыманне: будучага даходу). Маркс. Шалёна несліся ў гару акцыі фабрык і заводаў. Гартны. Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.
•••
(Яго, яе, іх) акцыі павышаюцца — пра павышэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.
Акцыі падаюць — пра зніжэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.
[Фр. action.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памяшканне для птушак і жывёлін, сценкі якога зроблены з металічных або драўляных прутоў. Клетка для птушак. Трымаць трусоў у клетцы. // Разм. Малы пакой, цеснае памяшканне. У адной клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла [Наталля] безупынна ісці на змаганне, ухарошваць жыццё кіпучым полымем рэвалюцыйнага натхнення. Гартны. // Тое, што і клець (у 2 знач.). Клетка пад’ёмніка.
2. Спосаб складання дроў, дошак, цэглы і пад. у выглядзе чатырохвугольніка. Клетка цэглы. Злажыць дровы ў клетку.
3. Чатырохвугольнік, нарысаваны, начэрчаны на паверхні чаго‑н. Клетка шахматнай дошкі. Тканіна ў клетку.
4. Элементарная адзінка будовы жывога арганізма, якая складаецца з ядра, пратаплазмы і абалонкі. Раслінная клетка. Жывёльная клетка.
•••
Грудная клетка — частка шкілета, якая складаецца з рэбраў, грудзіны, пазванкоў і змяшчае ў сабе сэрца, лёгкія, стрававод.
Лесвічная клетка — памяшканне ў доме для лесвіцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клубо́к, ‑бка, м.
1. Шарападобны маток нітак, шпагату і пад. Клубок пражы. Разматаць клубок. □ Хлопцы пазіралі з печы, як увачавідкі растуць клубкі і танчэюць верацёны. С. Александровіч. // Пра тое, што набыло форму шара, камка. Раптам з самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой, сабраўся над вуллем у клубок, пачаў жвава круціцца, страшэнна гусці. Кулакоўскі. / у знач. прысл. клубко́м. Малы, абараняючыся, качаўся клубком па зямлі. Ракітны.
2. перан. Заблытанае мноства чаго‑н. Клубок раптоўных, загадкавых думак занасіўся ў .. [Рыгоравай] галаве. Гартны. Пякучая крыўда, і боль, і страх.. — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.
3. Невялікі клуб 2; тое, што і клуб 2. Густы дым паваліў з-пад страхі і ахутаў, схаваў у сваіх клубках высокі комін завода. Пестрак. Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгору і расплываўся туманам. Нікановіч.
•••
Клубок у горле — пра пачуццё сутаргавага, хваравітага сціску ў горле.
Разматаць клубок гл. разматаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.
заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.
2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дама́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Прызначаны для задавальнення бытавых патрэб у доме. Дамашні тэлефон. Дамашнія туфлі. □ Убачыўшы паважную жанчыну ў багатым дамашнім халаце, чалавек у цывільнай вопратцы памякчэў, зняў капялюш. Машара. // Звязаны з доглядам дома, сям’і і пад. Справіць дамашнюю работу.
2. Зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы; не куплены. Дамашні хлеб. □ Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі. Гартны. // Прызначаны для выканання дома. Дамашняе заданне.
3. Сямейны, прыватны. Дамашні настаўнік. Дамашняе выхаванне. Дамашнія абставіны. □ Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Колас.
4. у знач. наз. дама́шнія, ‑іх. Члены сям’і; асобы, якія жывуць з кім‑н. разам. Надышла цішыня: дамашнія вячэралі. Мележ.
5. Свойскі, не дзікі (пра жывёл, птушак). Валяліся пярыны, падушкі, самакаты, труны розных дамашніх жывёл. Шамякін.
•••
Дамашні арышт гл. арышт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
джа́ла, ‑а, н.
1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.
2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.
3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.
4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агалі́ць, агалю, аголіш, аголіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць голым, зняўшы адзенне, покрыва і пад. Шэя адсунуў на патыліцу сваю чорную высокую, з абшытым казырком, шапку і агаліў высокі маршчыністы лоб. Гартны.
2. Зрабіць бачным што‑н. раней скрытае, зняўшы покрыва. Перасохла.. [рэчка], апала, агаліла крутыя свае берагі і прысмірнела. Галавач.
3. перан. Давесці да галечы, разарыць. [Немцы] агалілі нашчэнт, у морак ахуталі сёлы, Над краем прыйшлі панаваць Расстрэлы, пакуты, турма... Броўка.
4. Раскрыць сутнасць, сапраўдны змест чаго‑н., зрабіць яўным, відавочным. — Ты занадта агаліў сэнс жыцця, — сказаў Турсевіч. Колас.
5. перан. Пакінуць без людзей, без зброі, зрабіць даступным, адкрытым для ворага. Агаліць фронт. □ [Ермашоў:] А вам, таварышы, не шкодзіць павучыцца ў Наганава, як трэба трымаць заняты рубеж. А то, сапраўды: агалілі яго флангі і — бывай здароў... Губарэвіч.
6. Выняць з ножнаў. Агаліць шаблю.
7. Зрэзаць брытвай валасы, пабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)