Свяці́ць ‘выпраменьваць святло; ззяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. світи́ти, рус. свети́ть, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтити, польск. świecić, в.-луж. swecić, н.-луж. swesiś, чэш. svítiti, славац. svietiť, серб.-харв. svétiti, славен. světili, балг. све́тя ‘тс’. Прасл. *světiti ‘свяціць’. Роднасныя літ. švaitýti, švaitaũ ‘свяціць’, ст.-інд. 3 а. адз. л. aş́vait ‘заблішчаў’; гл. Траўтман, 310; Фасмер, 3, 575. Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. базы *ku̯ei̯t‑свяціцца; светлы, белы’. Іншая ступень чаргавання ў світаць, свіцецца (гл.). Аддзеяслоўныя ўтварэнні свяці́ла ‘светач для лучыны’ (гарад., Нар. лекс.), свеце́льнік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (ТС), якому адпавядаюць ст.-польск. świetelnik ‘падсвечнік’, серб. дыял. светелник ‘металічная падстаўка для лучыны пры асвятленні хаты’ (СДЗб, 29, 525) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запалі́цца, ‑палюся, ‑палішся, ‑напіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успыхнуць, загарэцца. Дым павялічваўся, гусцеў, а праз хвіліну поўсць запалілася ўжо агнём. Маўр. У купэ нарэшце запалілася святло — сіняе зверху і яшчэ лямпа на століку. Васілёнак. // Пачаць свяціцца, зіхацець. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца запалёным. Вочы запаліліся. Рана запалілася.

3. перан.; чым і без дап. Аказацца ахопленым моцным пачуццём, імкненнем і пад. Запаліцца гневам. □ — Не дам! Не дам — і ўсё! — запаліўся яшчэ больш Ігнат. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырво́ны, -ая, -ае.

1. Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра, што ідзе перад аранжавым; колеру крыві.

Чырвоныя памідоры.

Ч. аловак.

2. Пачырванелы ад прыліву крыві да скуры.

Ч. твар.

3. Звязаны з рэвалюцыйнай дзейнасцю, з савецкім ладам, з Чырвонай Арміяй.

Ч. камандзір.

Чырвоныя (наз.) уступалі ў горад.

4. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў.

Ч. перац.

Чырвонае віно — віно, прыгатаванае з цёмных гатункаў вінаграду.

Чырвоная кніга — кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, якая змяшчае ў сабе кароткія звесткі аб распаўсюджанні, колькасці, біялогіі і мерах аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін усяго свету.

Чырвоная рыба — рыба сямейства асятровых.

Чырвоны лес — хваёвы лес.

Чырвоны напал — такая ступень нагрэву, пры якой металы пачынаюць свяціцца чырвоным святлом.

Чырвоны радок — першы радок абзаца.

|| наз. чы́рвань, -і, ж. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.

2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.

3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пала́ць1 ’гарэць яркім полымем; ярка свяціцца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ). Польск. połać ’тс’, чэш. plapolati ’гарэць, палымнець’. Роднасныя паліць, полымя (гл.). Гл. таксама Махэк₂, 429 і наст.

Пала́ць2 ’ачышчаць абмалочанае або абтоўчанае зерне ад мякіны і пылу пры дапамозе маленькіх начовак’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Шн., Мат. Гом.), пола́ць (Выг.), пало́ць ’тс’ (Нар. лекс.). Рус. пола́ть, пола́ю ’веяць зерне’, укр. пала́ти ’тс’, польск. pałać, opalać ’веяць’, в.-луж. płoć, płoju ’тс’, н.-луж. hopałka ’веялка’, славац. opalať ’веяць зерне; махаць, калыхацца, гойдацца’, славен. pláti, poljem ’хістаць, калыхаць’. Махэк (429) адрознівае ў прасл. polti, poljǫ (параўн. славен. і луж. формы) і palati, palajǫ. Роднаснымі лічацца палова, палоць (Фасмер, 3, 307), а таксама літ. pìlti, pilù ’ліць, сыпаць’ з іншым вакалізмам (гл. Траўтман, 213). Аб бел. слове гл. яшчэ Выгонная, Лекс. Палесся, 80.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.

2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.

пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.

1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.

2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасве́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прасвяціць.

2. Свяціцца праз што‑н. Сонца прасвечвае між ствалоў сосен. В. Вольскі.

3. Віднецца праз што‑н. У адным месцы праз страху прасвечвала неба. М. Стральцоў. Праз рэдкую бародку прасвечваў раздвоены падбародак. Пестрак. // перан. Выяўляцца, станавіцца прыкметным (пра якое‑н. ўнутранае пачуццё, стан, якасць і пад.). Вочы, здавалася, яшчэ больш запалі, пацямнелі, твар паблажэў, але на ім выразна прасвечвала незвычайнае хваляванне і радасць. Алешка.

4. Прапускаючы праз сябе святло, здавацца празрыстым. Часам .. [рука] засланяе святло лучыны, і тады мне здаецца, што пальцы прасвечваюць наскрозь. Асіпенка. / Пра што‑н. вельмі старое, парванае. [Жанчыну] непакоіла тое, што пачаліся дажджы, ноччу ў шалашы было холадна і вільготна, ён сям-там пачаў прасвечваць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем. Пад разложыстым старым дубам палае вялікі агонь. Пестрак. Палалі вагоны і платформы з цюкалі сена. Карпаў. // Зырка паліцца. Магдалена нясмела і з трывогай адчыніла дзверы з сянец у знаёмую кухеньку. Там палала печ. Чорны. // Павяваць цяплом, жарам. Ах, якая пагода! Ах, пагода якая! Ад усходу да захаду Сонца палае. Танк.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ярка свяціцца. У вітрынах палалі рознакаляровыя агні. Корбан. Палала зарніца над бярэзнікам. Бядуля. // Быць чым‑н. асветленым; свяціцца яркім святлом. Палаў далягляд ад палярнага сонца. Шамякін. А я на Замкавай гары стаю, дзіўлюся, як азёры агнём палаюць на зары. А. Вольскі. // перан. Вылучацца колерам, афарбоўкай (звычайна чырвонай). Востраў, цэлы востраў кустоў барбарысу з чырвонымі ягадамі палаў на сонцы! Хомчанка. Трыбуна! Твой абрус чырвоны Палае сцягам агнявым. Вітка.

3. Станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Літары зліваліся ў адну шэрую пляму, твар палаў, але на душы ў .. [Рыгора] было светла. Ваданосаў.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. пачуццём, быць узбуджаным. Сам.. [Косця] палаў шчасцем і думаў, што шчасцем поўняцца ўсе навокал. Шыцік. Дзяўчынкі так і палалі жаданнем прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Маўр. // Праяўляцца бурна, з вялікай сілай (пра пачуцці). Агонь абурэння ў іх грудзях палаў, Адна толькі песня палёгкай была. Чарнушэвіч. // Выражаць моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праходзіць бурна (пра паўстанне, барацьбу і пад.). Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх, рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін.

пала́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Ачышчаць абмалочанае або абтоўчанае зерне ад мякіны і пылу пры дапамозе маленькіх начовачак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъ ‘планета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ)свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)