прысудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.

1. Прыгаварыць да якога‑н. пакарання; вынесці рашэнне (пра суд). Прысудзіць да турэмнага зняволення. □ Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Брыль. З Сурвілам [Гушка] ўжо расквітаўся, суд прысудзіў зараз жа аддаць і доўг і працэнты. Чорны. // Разм. Вынесці судовы прыгавор аб перадачы каго‑, чаго‑н. каму‑н. — Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца. Чорны.

2. Вынесці рашэнне аб прысваенні, уручэнні каму‑н. чаго‑н. (узнагароды, звання і інш.). Прысудзіць Дзяржаўную прэмію. □ Абедзеюм [брыгадам] можна было прысудзіць першае месца, але ў брыгадзе Данілюка ў апошні час назіраліся выпадкі недысцыплінаванасці, дык таму ёй прысуджаецца другое месца. Гаўрылкін. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраўда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Даказаць чыю‑н. невінаватасць. [Шашы] хацелася апраўдаць Максіма. Шамякін. // Вынесці прыгавор, які заключае прызнанне падсуднага невінаватым.

2. Даказаць магчымасць чаго‑н. [Лабановіч:] — Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва, калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Колас. // Паслужыць асновай для апраўдання чаго‑н. Памог выпадак, які паклаў канец ваганням Веры Антонаўны і крыху апраўдаў яе ў вачах Васіля Пятровіча. Карпаў.

3. Праявіць сябе вартым чаго‑н. Умей адважна, друг, змагацца І ворагаў перамагаць, Каб добры гонар сына працы Жыццём і смерцю апраўдаць. Глебка.

4. Кампенсаваць, акупіць. [Осіпава:] — Больш, хоць забі, не дам. А то і ягад сваіх не апраўдаю. Пятніцкі.

5. Афіцыйна пасведчыць дакументамі зробленым выдаткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; -вёў, -вяла́, -ло́; -вядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго (што). Ведучы, памагчы дайсці.

П. дзяцей дадому.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго (што). Паслужыць шляхам да чаго-н.

Сляды прывялі паляўнічых да нары.

Сцежка прывяла на паляну.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго (што), да чаго. Давесці да якога-н. выніку, стаць прычынай чаго-н.

Новыя факты прывялі вучонага да важнага адкрыцця.

Усё гэта можа п. да вялікіх непрыемнасцей.

4. каго-што і ў што. Зрабіць што-н. (што ўказана назоўнікам).

П. ў захапленне. П. прыгавор у выкананне. П. ў належны выгляд.

5. каго. Даць прыплод, нарадзіць (разм.).

Свіння прывяла адзінаццаць парасят.

6. што. Паведаміць для падмацавання чаго-н., напомніць.

П. выказванне вучонага. П. прыклад.

|| незак. прыво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. прывядзе́нне, -я, н. (да 3, 4, 6 знач.) і прыво́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

змякчы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш мяккім, эластычным; пазбавіць цвёрдасці, калянасці. Змякчыць скуру.

2. Пазбавіць суровасці, строгасці; зрабіць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Панця маўчаў — відаць, моцная рэзь у карку занепакоіла і трохі змякчыла яго. Кулакоўскі. [Шаройка] глянуў на Сынклету Лукічну з надзеяй, што напамінак аб сыне змякчыць яе душу. Шамякін. / Пра твар, вочы, усмешку. [Аляксей Пятровіч] зрабіў паўзу, перамінаючыся з нагі на нагу, і ўсмешка змякчыла панурыя рысы яго вострага, са светлымі брывамі, твару. Сіўцоў.

3. Зрабіць менш моцным, рэзкім; аслабіць, зменшыць. Змякчыць боль. Змякчыць удар. // Зрабіць менш цяжкім, суровым. Змякчыць прыгавор. □ Суддзі доўга шукалі, як бы змякчыць пакаранне. Новікаў. // Зрабіць менш грубым, рэзкім, прамалінейным (словы, выразы і пад.). Змякчыць тон.

4. Вымавіць з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізаваць (пра зычныя гукі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суддзя́, ‑і; мн. суддзі, ‑яў; м.

1. Службовая асоба ў органах суда, якая выносіць прыгавор па судовай справе. Народны суддзя. Міравы суддзя. □ Чыкілевіч успомніў адно здарэнне па судзе, паставіў сябе на месца таго падсуднага, якога асудзіў суддзя. Колас. Джыавані не ведаў, што дні праз тры пасля яго суда тую дзяўчыну таксама прывялі ў суд, праўда, не да таго суддзі, які судзіў Джыавані. Лынькоў.

2. У спорце — той, хто судзіць якое‑н. спаборніцтва, гульню. Сам суддзя аслупянеў — Вырашыць не можа: Гол ці не? Гілевіч.

3. Чалавек, які выказвае якое‑н. суджэнне, думку, вывад пра што‑н. або дае ацэнку каму‑, чаму‑н. Лёдзя не раз заўважала, як людзі чамусьці тушуюцца перад бацькам і, калі спрачаюцца між сабою, звычайна бяруць яго за суддзю. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вынікам якога з’яўляецца смерць, які прыводзіць да смерці. Смяротная доза яду. Смяротная хвароба. // Які служыць прыкметай памірання, звязаны са смерцю. Таптаў [Казімір] люта, злосна, наколькі хапала сілы, а потым, схапіўшыся за сэрца, у смяротнай бледнасці апусціўся на падлогу. Пестрак.

2. Тое, што і смертны (у 2 знач.). — Бедны я чалавек. Хто пазбавіць мяне майго смяротнага цела? — спытаў .. [прэсвітэр] так шчыра, што Каця паверыла яму. Гаўрылкін.

3. Тое, што і смертны (у 3 знач.). Смяротная небяспека. Смяротны прыгавор. □ Не знала яна [любая], што з-пад Любеч Ужо не напішаш ты ёй. Што ты са смяротнаю ранай Ідзеш у бяссмерце, баец. Прыходзька. Паэт [М. Танк] заклікаў народ да смяротнага змагання з ворагам, вудзіў у народзе палымяную нянавісць да фашысцкіх захопнікаў. Клімковіч.

4. перан. Крайні ў сваім праяўленні; вельмі моцны, люты, бязлітасны. Смяротны жах. Смяротны вораг. □ Смяротная стома скавала цела... Мележ. [Базыль:] — Няхай жыве наш дух здаровы, Далоў, смяротная нуда! А. Александровіч.

•••

Смяротная гадзіна гл. гадзіна.

Смяротны грэх — тое, што і смяртэльны грэх (гл. грэх).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суд, ‑а і ‑у, М ‑дзе і ‑дзе, м.

1. ‑а, М ‑дзе. Дзяржаўны орган, які разглядае і вырашае грамадзянскія спрэчкі і крымінальныя справы. Народны суд. Прыгавор суда. // Памяшканне, у якім знаходзіцца такі орган. У судзе свецяцца вокны. // зб. Суддзі. Нарада суда. □ І кідае [Варывода] строга свой зрок. — Суд ідзе! — грыміць урачыста! І вочы скіроўвае ўбок, Пранізвае імі фашыста. Колас. — Што вы маўчыце? — пытаецца суддзя. — У вас заўвагі да складу суда ёсць? Адводы, прапановы? Дадзіёмаў.

2. ‑а, М ‑дзе. Судовы працэс, разбор грамадзянскай або крымінальнай справы. Выступаць на судзе. □ Паведамілі, што пракурор патрабуе тэрміновага суда над браканьерам .. і хоча зрабіць гэты суд паказальным на ўвесь раён. Краўчанка. Суд цягнуўся два гады. Выйграў пан. Бядуля. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг. Брыль. [Зося:] — На судзе мне трэба было ўсё, як было, расказаць. Чорны. / У складзе некаторых устойлівых выразаў. Папасці пад суд. Чыніць суд. // Пакаранне каго‑н., кара. Павел зразумеў, што няма больш страшнага суда, чым суд уласнае памяці. Васілёнак. [Міхалка:] — Мы .. [Ігналю] лепей сваім судом, — адсцёбаем гэтымі лейцамі і годзе. Ён болей красці не будзе. Бядуля.

3. ‑а, М ‑дзе; чаго або які. Грамадскі орган, які выбіраецца з членаў якога‑н. калектыву для разгляду спраў, звязаных з непрыстойнымі паводзінамі каго‑н. Суд гонару. Грамадскі суд. □ Праўленне вырашыла ўчыніць таварыскі суд над тымі, каго злавілі за руку. Дуброўскі.

4. ‑у, М ‑дзе. Думка, меркаванне аб кім‑, чым‑н.; ацэнка каго‑, чаго‑н. Суд гісторыі. □ Мінаў час, старое забывалася, яно з-за даўнасці не падлягала і суду Андрэевага сумлення. Шахавец.

•••

Вярхоўны суд БССР — найвышэйшы судовы орган БССР.

Надворны суд — судовы орган дваран у Расіі 18–19 стст.

Страшны суд — паводле рэлігійных уяўленняў — божы суд пад усімі людзьмі, калі наступіць «канец свету».

Суд Лінча — у ЗША жорсткая расправа з актыўнымі дзеячамі прафсаюзнага, негрыцянскага. антыімперыялістычнага і камуністычнага руху; лінчаванне.

Суд прысяжных — суд з удзелам прысяжных засядацеляў.

Таварыскі суд — грамадскі суд, утвораны на прадпрыемствах, ва ўстановах для разгляду спраў, звязаных з парушэннем працоўнай дысцыпліны або грамадскага парадку.

Трацейскі суд — разбор якога‑н. канфлікту кім‑н. трэцім, не зацікаўленым у гэтай справе.

Шамякаў суд — несправядлівы, прадузяты суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці).

Аддаць на суд каму гл. аддаць.

Аддаць пад суд гл. аддаць.

Ісці пад суд гл. ісці.

Пакуль суд ды справа — пакуль адбываецца, робіцца што‑н. Загоншчыкі падаліся ў абход. А мы, стралкі, пакуль суд ды справа, на прасецы ў лінію пасталі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)