Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судом па пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́СТ (ад лац. protestari публічна даказваць),
1) рашучае пярэчанне супраць чаго-н., заява пра нязгоду з чым-н.
2) У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых інш. краін адна з форм ажыццяўлення пракурорскага нагляду. Заключаецца ў матываваным пярэчанні пракурора супраць суд. або кіраўніцкага акта. Адрозніваюць П.: у парадку агульнага нагляду (на акт органа кіравання, які супярэчыць заканадаўству); касацыйны (на прыгавор або рашэнне суда, які яшчэ не набыў законнай сілы); прыватны (на вызначэнне суда, што не набыло законнай сілы). Прадугледжваецца таксама П. у парадку нагляду на рашэнне ці прыгавор суда, якія набылі законную сілу. Звычайна падаецца ў пісьмовай форме.
т. 13, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУ́ДЖАНЫ,
асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.
т. 2, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЎДА́ННЕ,
прызнанне судом падсуднага невінаватым у прад’яўленым яму абвінавачанні. Апраўдальны прыгавор выносіцца ў выпадках, калі не ўстаноўлены факт злачынства, у дзеяннях падсуднага адсутнічае склад злачынства або не даказаны яго ўдзел у злачынстве. Пры апраўданні суд павінен неадкладна вызваліць падсуднага з-пад варты, калі ён быў да гэтага арыштаваны.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЫ́КТ (англ. verdict ад лац. vere dictum літар. дакладна сказанае),
рашэнне (прыгавор) прысяжных засядацеляў у судзе прысяжных па пытанні вінаватасці ці невінаватасці падсуднага па крымінальнай справе (вердыкт абвінаваўчы або апраўдальны). Вердыкт прымаецца аднагалосна (суды некаторых штатаў ЗША) або большасцю галасоў (суды Вялікабрытаніі, дарэв. Расіі і інш.); на аснове абвінаваўчага вердыкту суд назначае пакаранне.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,
асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРА́НІЦКІ (Vranický, Vranitzky, Wranizky) Павел (13.12.1756, г. Нова-Ржышэ, Чэхія — 26.9.1808), аўстра-чэшскі скрыпач, кампазітар. З 1780 скрыпач, з 1785 музік-дырэктар у капэле кн. І.Н.Эстэрхазі, з 1790 канцэртмайстар аркестра Венскай прыдворнай оперы. Аўтар папулярных опер-зінгшпіляў «Аберон, кароль эльфаў» (паст. 1789), «Свята басяка» (паст. 1794), «Сталяр» (1799), камічнай оперы «Добрая маці» (паст. 1795); балетаў-дывертысментаў «Збор вінаграду» (паст. 1794), «Прыгавор Парыса» (1801); кантаты, 22 сімфоній, 5 канцэртаў, камерна-інстр. твораў.
т. 4, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́ЎСКІ (Станіслаў Іванавіч) (12.2.1839, Варшава — ?),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. З 1858 вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, адзін з кіраўнікоў рэв. студэнцтва. У жн. 1861 удзельнічаў у с.-г. з’ездзе ў Горках. З сак. 1863 паўстанцкі начальнік г. Горкі. У ноч на 6.5.1863 паўстанцы на чале з Л.М.Звяждоўскім і Віскоўскім захапілі Горкі. Удзельнічаў у баявых дзеяннях Горацкага паўстанцкага атрада. Пераканаўшыся ў бесперспектыўнасці ўзбр. паўстання, склаў зброю. У час следства знаходзіўся ў Магілёве і Вільні. Смяротны прыгавор заменены 12-гадовай катаргай у Сібіры. У канцы 1870-х г. жыў у Іркуцку.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),
дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).
т. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)