основа́тельный

1. (обоснованный) абгрунтава́ны; (дельный) слу́шны; (веский) ва́жкі; (разумный) разу́мны;

2. (вдумчивый, серьёзный) грунто́ўны; сур’ёзны;

3. (о человеке) пава́жны, ста́лы; (серьёзный) сур’ёзны;

4. (прочный) мо́цны;

5. (большой по размеру, весу) разг. здаро́вы, ла́дны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шныпаважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сам ’сам, ніхто іншы’, у знач. наз. ’гаспадар, кіраўнік і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’адзін, адзінокі’ (Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), са́мы займ. ’той, ніхто іншы’, ’іменна такі, які патрэбен, падыходзіць (самая пара)’, ’той, што мае вышэйшую ступень якасці (самы вясёлы)’ (ТСБМ, Бяльк.), са́му, саму́ ’адзін, адзінокі’ (ТС), са́мо, са́ме ’толькі, як раз’, са́міе ’самі’ (Ян.), саме́нко, саме́нты ’якраз’ (Мат. Гом.). Сама‑ — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае накіраванасць, здзяйсненне, працяканне дзеяння і інш.: самасе́й (да сеяць), самапа́сам ’самастойна, без нагляду’ (да пасці), самату́жкі ’маленькія санкі’ (да тужыцца), самакі́ша ’прастакваша’ (да кіснуць), самахоць ’па сваёй волі’ (да хацець) і інш. Агульнаславянскае; рус. сам ’сам; адзін’, укр. сам, са́мий ’тс’, стараж.-рус., ст.-слав. самъ, польск., в.-луж., н.-луж. sam, каш. som, чэш., славац. sám, серб.-харв. sȃm, славен. sȃm, балг., макед. сам ’сам’, ’адзін, адзінокі’. Прасл. *samъ, *sama, *samo. Паралелі ў ст.-інд. samás ’роўны, адзінкавы’, авесц. hama‑, hāma‑, ст.-пярс. hama‑ ’роўны, той жа самы’, гоц. sama ’той жа самы’, ст.-в.-ням. samo, ст.-англ. same, ст.-ісл. sómr ’падыходзячы, належачы’ і г. д., гл. Траўтман, 273; Торп, 432; Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 552; Сной₁, 553; усе ад і.-е. кораня somo/semo < і.-е. *sem ’адзін’. Трубачоў, Этимология–1965, 23, 65, падкрэсліваючы незалежнасць ужывання займеннікавага элемента ў славянскім і іранскім, лічыць, што авесц. hāmō не падцвярджае агульнасць інавацыйнага падоўжання ў гэтых мовах. Даўжыня галоснага ў славянскім слове паводле Махэка₂, 537 мае экспрэсіўны характар. Гл. яшчэ БЕР, 6, 453 і наст., Шустар-Шэўц, 2, 1266; Борысь, 538. Сюды ж прым. самаві́ты ’разумны’ (Нас., ТС), ’самастойны’ (Ян.), ’мажны, дзябёлы’, ’паважны, салідны’ (ТСБМ), самава́ць ’садзіцца на гак, шараваць плытам па гаку’ (навагр., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

положи́тельный

1. (утвердительный, хороший) стано́ўчы, дада́тны;

положи́тельный отве́т стано́ўчы адка́з;

положи́тельный геро́й рома́на стано́ўчы (дада́тны) геро́й рама́на;

положи́тельная оце́нка стано́ўчая (дада́тная) ацэ́нка;

положи́тельные результа́ты стано́ўчыя (дада́тныя) вы́нікі;

2. (основательный, степенный) ста́лы, пава́жны;

3. (несомненный, настоящий) разг. сапра́ўдны, безумо́ўны;

положи́тельный неве́жда сапра́ўдны (безумо́ўны) не́вук;

4. мат., физ. дада́тны;

положи́тельная величина́ дада́тная велічыня́;

положи́тельная температу́ра дада́тная тэмперату́ра;

положи́тельный по́люс дада́тны по́люс;

положи́тельный заря́д дада́тны зара́д;

положи́тельная сте́пень сравне́ния грам. звыча́йная ступе́нь параўна́ння;

положи́тельная филосо́фия пазітыві́зм.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

самаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Мажны, дзябёлы. Я ўглядаюся ў партрэт Пятра Мацвеевіча. Плячысты, самавіты асілак з пышнай барадой. Мехаў. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан. Чыгрынаў. // Разм. Адкормлены, важкі (у адносінах да рыб і пад.). Па чаротах цішыня такая, Толькі ўсплёскі самавітых рыб. Броўка.

2. Паважны, салідны. Быў.. [Вяржбіцкі] мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты. Гарэцкі. // Удумлівы, самастойны. Косця ўдумлівы, не па гадах самавіты. Зарыцкі. // Упэўнены, спакойны. Непаспешлівыя, самавітыя рухі [Юркі] выклікалі зайздрасць. Карпаў.

3. Поўны хараства, прыгажосці, самабытнасці. Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Колас.

4. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны. Аздобленыя аканіцы на вялікіх светлых вокнах, бляшаныя, ярка пафарбаваныя дахі, багатыя агароджы вакол сядзіб — усё сведчыла аб тым, што тут жывуць гаспадары моцныя, самавітыя. Новікаў. Гаспадар ён [Варонін] быў самавіты, не любіў, калі яго заданне марудна выконвалася. Грамовіч.

5. Моцны на слых, галасісты. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. Чорны.

6. (з адмоўем «не»). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой‑н. якасці. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая. Кулакоўскі. Схованка.. была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата. Быкаў. Зіму, перагаравалі разам з дзедам, а вясною перабраліся ў няхай не вельмі самавітую на выгляд, але сваю хату. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)