шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.

2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрыва́ла, ‑а, н.

1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.

2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Пакрываць, насычаць фарбай, падвяргаць афарбоўцы. Фарбаваць падлогу. Фарбаваць тканіны. □ Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках паспешліва і любоўна фарбавалі асвятляльныя мачты. Карпаў. [Хлопчык:] — Глянь, хто гэта туды [на дах] узлез? Што ён робіць? [Маці:] — Маляр. Дах фарбуе, каб не цёк. Гарбук. // Надаваць колер, афарбоўку. Фарбуе сонца ліст асіны, а ў сэрцы радасць і вясна. Дзень добры, родная краіна! Дзень добры, Беларусь мая! Машара. Чырвоная прозалаць захаду фарбавала не толькі край неба, але і ўсё наваколле ў мяккі ружовы колер прадвесня. Сабаленка.

2. Разм. Пэцкаць (пра нетрывала, недабраякасна афарбаваныя рэчы).

3. Падмалёўваць сабе вусны, бровы і пад. Тамара не разумее: навошта фарбаваць вусны? Ермаловіч. // Перафарбоўваць у іншы колер. Фарбаваць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Утвараць тонкі металічны гук. Гулі паравозы, ляскаталі пад’ёмнікі на прыстані, звінелі трамваі. Асіпенка. У кузні грукаталі молаты. Звінела жалеза. Чарнышэвіч. Шуміць піла, звініць тапор, Разносіць рэха гул далёка. Астрэйка. // чым. Утвараць пры дапамозе чаго‑н. такі гук. Вярнуўся [Патапчыкаў] не тым Іванам, што звінеў медалямі адразу пасля дэмабілізацыі з арміі, а зусім не падобным да сябе: прыціхлым, бязмоўным. Васілевіч. А Зося.., пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі. Шамякін. // Звонка гучаць. У школах савецкіх растуць нашы дзеці, роднаю мовай звіняць галасы. Машара. / Пра насякомых, птушак. Над зялёнымі жытнімі каласамі таўкуць мак і звіняць камары. Пташнікаў. У небе бесперастанку звінеў жаваранак. Гурскі. // перан. Поўніцца чым‑н. звінючым. Наваколле зранку звінела дзіцячымі галасамі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што і чаго. Набыць, займець што‑н.; нажыць. [Алесь] трымаў каня і цешыўся з таго, што прыдбаў уласную гаспадарку, прыдбаў яе, столькі выцерпеўшы і вызнаўшы. Адамчык. У хаце іх было адзінае на ўсё наваколле піяніна — яго таксама Аксіння Хвядосаўна прыдбала для дачкі. Шамякін. У часе вайны загінула ўся дзядзькава сям’я. Новай ён не прыдбаў... Сачанка.

2. што і чаго. Атрымаць што‑н., авалодаць чым‑н. Прыдбаць вопыт. Прыдбаць пашану. □ Цягаў ён [бацька] гліну, цэглу і каменне, Каб той мулярскі спрыт сабе прыдбаць. Звонак. Цяпер прыдбалі лепшай славы жыццём адноўленым Паставы: народ сваёй паставіў працай патомкам і сабе палацы! Дубоўка. Рыбак з гэтага самага Івана не вельмі што, за ўсё сваё жыццё ён, можа, і злавіў паўдзесятка шчупакоў, але ўсё ж славу сабе прыдбаў шырокую і ведаюць аб ім многія. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на¹, прыназ.

I. з В і М.

1. Ужыв. пры абазначэнні месца ці прадмета, на паверхні якога знаходзіцца хто-, што-н. або куды накіраваны рух, дзеянне.

На стале.

Напісаць на паперы.

Легчы на ложак.

Выйсці на паляну.

2. Ужыв. пры абазначэнні месца або часу дзеяння, а таксама асобы ці прадмета, якія з’яўляюцца аб’ектам дзеяння.

Ісці на працу.

Запланаваць сустрэчу на вечар.

Затрымаць погляд на субяседніку.

Вынесці пытанне на агульны сход.

II. з В.

1. Ужыв. пры абазначэнні тэрміну, прамежку часу.

Запас на зіму.

Спазніцца на гадзіну.

2. Ужыв. для абазначэння прадмета, які з’яўляецца прыладай, інструментам, сродкам для якога-н. дзеяння.

Узяць на буксір.

Зашпіліць на ўсе гузікі.

3. Ужыв. пры абазначэнні колькасці, меры, якія вызначаюць межы чаго-н.

Наваколле відаць на пяць кіламетраў.

Работы на гадзіну.

4. Ужыв. пры ўказанні на мэту, прызначэнне якога-н. дзеяння, прадмета.

Спяшацца на дапамогу.

Сабрацца на вячэру.

Лес на будоўлю.

5. Ужыв. пры абазначэнні спосабу дзеяння, стану.

Расказваць на памяць.

Паверыць на слова.

Зрабіць на свой густ.

III. з М.

1. Ужыв. пры абазначэнні спосабу ўтварэння дзеяння або характару выяўлення працэсу.

Поўзаць на карачках.

Усё рабіць на хаду.

2. Ужыв. для абазначэння прадмета, пры дапамозе якога ўтвараецца дзеянне.

Смажыць на алеі.

Рухавік працуе на бензіне.

3. Пры паўтарэнні назоўнікаў паказвае на наяўнасць вялікай колькасці чаго-н. (разм.).

Лата на лаце.

Калдобіна на калдобіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ныра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Поўнасцю апускацца ў ваду. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі. Бяганская. Качкі збіліся ў шэры гурт, ныраюць, пераклікаюцца адна з адной. Лупсякоў.

2. Лётаючы ў паветры, крута і хутка апускацца ўніз. Дзед Антон стаяў ля сваёй хаты і бачыў, як.. [самалёты] з вышыні ныралі ўніз і сыпалі бомбы на варожыя войскі. М. Ткачоў. У небе бясконца ныраў уніз і зноў узмываў угору, заліваючы наваколле спевам, палявы жаўрук. Мыслівец.

3. перан. Разм. Хутка знікаць з вачэй, хаваючыся куды‑н. Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй. Колас. Ліхтар гасяць. Двое «шахцёраў» ныраюць у зеў падполля. Мікуліч. Коні сыходзяць з дарогі і разам з вазком ныраюць пад навіслыя галіны сосен і ялін. Лупсякоў. // Знікаць з вачэй і зноў з’яўляцца. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі. Шамякін.

4. У боксе — ухіляцца ад бакавых удараў праціўніка ў галаву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Увабраць, уцягнуць у сябе. Зямля паглынула ўсю дажджавую ваду. □ Магутная плынь паглынула ўсе.. струменьчыкі і паўстае перад намі ўжо адзінай і маналітнай. Кучар. // Заглушыць (пра гукі). [Асуджаны] яшчэ нешта выкрыкваў, але слоў яго ўжо не было чуваць — іх паглынуў гром барабанаў. Машара.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Схаваць у сабе, прыняць у свае нетры, межы. Рукі.. [байца] саслізнулі, і плынь у адзін момант бясследна паглынула яго. Краўчанка. Ля дуба і далей за ім — вывернутыя, карэннямі ўгору, дрэвы. Колькі іх вырвала, паглынула за свой век рака? Сачанка. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы, упарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі. // Пакрыць сабою, зрабіць нябачным. Туман паглынуў усё наваколле. □ Цемра адразу паглынула мястэчка. Шахавец.

3. і чаго. Патраціць на сябе многа чаго‑н. (часу, энергіі і пад.). Падрыхтоўка да ўрокаў паглынула шмат часу. Паездка паглынула многа грошай.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цалкам захапіць (свядомасць, думкі і пад. каго‑н.). Язэпка пакуль што не прыглядаўся да сваіх сяброў: усю яго ўвагу паглынула доўгае і шырокае карыта з бульбаю, якую яму трэба, перадзяўбці секачом на дробную кашу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)