паглынуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Увабраць, уцягнуць у сябе. Зямля паглынула ўсю дажджавую ваду. ▪ Магутная плынь паглынула ўсе.. струменьчыкі і паўстае перад намі ўжо адзінай і маналітнай. Кучар. // Заглушыць (пра гукі). [Асуджаны] яшчэ нешта выкрыкваў, але слоў яго ўжо не было чуваць — іх паглынуў гром барабанаў. Машара.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Схаваць у сабе, прыняць у свае нетры, межы. Рукі.. [байца] саслізнулі, і плынь у адзін момант бясследна паглынула яго. Краўчанка. Ля дуба і далей за ім — вывернутыя, карэннямі ўгору, дрэвы. Колькі іх вырвала, паглынула за свой век рака? Сачанка. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы, упарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі. // Пакрыць сабою, зрабіць нябачным. Туман паглынуў усё наваколле. ▪ Цемра адразу паглынула мястэчка. Шахавец.
3. і чаго. Патраціць на сябе многа чаго‑н. (часу, энергіі і пад.). Падрыхтоўка да ўрокаў паглынула шмат часу. Паездка паглынула многа грошай.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цалкам захапіць (свядомасць, думкі і пад. каго‑н.). Язэпка пакуль што не прыглядаўся да сваіх сяброў: усю яго ўвагу паглынула доўгае і шырокае карыта з бульбаю, якую яму трэба, перадзяўбці секачом на дробную кашу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)