НАВАКО́ЛЛЕ пункта ў метрычнай прасторы,

мноства ўсіх пунктаў, адлегласць якіх да дадзенага пункта меншая за некаторы дадатны лік. У больш агульным выпадку Н. — любое адкрытае мноства, элементам якога з’яўляецца дадзены пункт. Н. — адно з асн. паняццяў тапалогіі.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙТЫ́ЕЎ (Гапар Айтыевіч) (28.9.1912, с. Першы Тулейкен Ошскай вобл., Кыргызстан — 16.12.1984),

кіргізскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1974), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Кіргізскі ін-т асветы (1932), у 1935—38 вучыўся ў Маскве. Аўтар паэт. пейзажаў («Поўдзень на Ісык-Кулі», 1954; «Баваўнянае поле на поўдні Кіргізіі», пано, 1955; «Наваколле Андыжана», 1967), партрэтаў («Галерэя партрэтаў сучаснікаў», 1979), размалёвак і інш.

Г.Айтыеў. Наваколле Андыжана. 1967.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКО́ЛІЦА, аколіца (ад усх.-слав. околоти абкружаць, абгароджваць, абносіць каламі),

наваколле, акруга або агароджа вакол вёскі.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ДЛСБРА (Middlesbrough),

горад на У Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Кліўленд, гал. горад канурбацыі Тысайд. Каля 150 тыс. ж. (1997). Порт паблізу ад упадзення р. Тыс у Паўн. мора. М. і яго наваколле — адзін з буйнейшых раёнаў чорнай металургіі краіны. Вытв-сць суднавых машын, маставых канструкцый, хім. прам-сць.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛАТАН (Balaton),

возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб. да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал ў р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДАКІ́», будакі-паны,

група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.

І.​В.​Карашчанка.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЙРЭНМЕНТ (ад англ. environment акружэнне, наваколле),

від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова маст. дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і інш. сродкі ўздзеяння і сувязі. Узнік у ЗША і Еўропе ў 1-й пал. 1960-х г. як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму (Р.​Раўшэнберг, К.​Олдэнберг, Дж.​Сігал і інш.). У бел. мастацтве з’явіўся ў пач. 1990-х г. у творчасці А.​Басалыгі, А.​Вярэніча і інш.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕ́РНАСЦЬ у геаметрыі,

колькасць каардынат, неабходных для вызначэння адвольнага пункта геам. фігуры. Напр., месцазнаходжанне пункта на лініі вызначаецца адной каардынатай (Р. лініі роўная 1), на паверхні — дзвюма (Р. паверхні роўная 2), у 3-мернай прасторы — трыма. Р. канечнамернай вектарнай прасторы роўная ліку вектараў яе базісу. У тапалогіі паняцце геам. Р. абагульняецца на адвольныя прасторы (мноствы): пустое мноства мае Р., роўную -1; Р. прасторы X — найменшы цэлы дадатны лік п, такі, што кожны пункт з X мае адвольна малое наваколле з Р. межаў, меншай за п. Гл. таксама Мнагамерная прастора.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАКРЫ́ТЫЯ МНО́СТВЫ АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАМКНУ́ТЫЯ МНО́СТВЫ ў матэматыцы, класы мностваў (гл. Мностваў тэорыя). Мноства наз. адкрытым (АМ), калі яно разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і некаторае яго наваколле, і замкнутым (ЗМ) — калі змяшчае ў сабе ўсе свае межавыя пункты. Напр., інтэрвал на прамой — АМ, адрэзак — ЗМ. Перасячэнне канечнага ліку і аб’яднанне любога ліку АМ з’яўляюцца АМ. Аб’яднанне канечнага ліку і перасячэнне любога ліку ЗМ будуць ЗМ. АМ можна разглядаць у эўклідавай прасторы любога ліку вымярэнняў, у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах. Азначэнне ЗМ захоўваецца для мностваў у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́ (Вольга Мікалаеўна) (н. 21.5.1947, в. Астравок Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1980). Скончыла БДУ (1972). З 1970 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Вывучае гісторыю Віцебскай зямлі, яе матэрыяльную культуру 14—18 ст. Даследавала стараж. бел. гарады (Віцебск, Орша, Гарадок, Талачын, Копысь), замкі (Езярышча, Смальяны, Шклоў), стараж. пабудовы Куцеінскага (Орша) і Святадухаўскага (Віцебск) манастыроў, гарадзішчы, курганныя могільнікі, селішчы паўн.-ўсх. Беларусі жал. веку і часоў сярэдневякоўя. Аўтар кніг «Віцебская кафля XIV—XVIII стст.» (1981), «Віцебск XIV—XVIII стст.» (1984), «Сярэдневяковае ганчарства паўночна-ўсходняй Беларусі» (1992), «Сярэдневяковая Орша і яе наваколле» (1993) і інш.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)