хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.

2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.

3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кача́тьI несов.

1. (раскачивать что-л., находящееся в подвешенном состоянии, ветром, волной) калыха́ць, гайда́ць; (в люльке, на качелях, в гамаке и т. п. — ещё) гу́шкаць; (убаюкивать — ещё) люля́ць;

ве́тер кача́ет дере́вья ве́цер калы́ша (гайда́е) дрэ́вы;

во́лны кача́ют ло́дку хва́лі калы́шуць (гайда́юць) ло́дку;

мать кача́ет ребёнка ма́ці калы́ша (гу́шкае, люля́е) дзіця́;

2. (шатать что-л. неустойчивое или слабо закреплённое) хіста́ць, калыха́ць, обл. калыва́ць;

не кача́й скаме́йку не хіста́й (не калыва́й) ла́ўкі;

его́ кача́ет от сла́бости яго́ хіста́е ад сла́басці;

3. (колебать в вертикальном направлении) вага́ць, разг. зы́баць;

кача́ть ча́ши весо́в вага́ць ша́лі ва́гі;

кача́ть мостки́ зы́баць кла́дку;

4. (головой — при согласии) ківа́ць; (головой — при отрицании) круці́ць;

5. (ногой) калыха́ць, маха́ць;

6. (подкидывать на руках, выражая восторг, поздравляя с чем-л.) падкіда́ць, гу́шкаць, кача́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Кату́рхаць ’трэсці, калыхаць’ (Сцяшк. МГ, БРС). Няяснае слова. Магчыма, нейкае гібрыднае ўтварэнне. Параўн. рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, котуря́ть ’штурхаць’. Першая частка катур‑хаць, можа, звязана з дзеясловам тыпу рус. котуря́ть, а другая трансфармавалася пад уплывам штурха́ць (інакш цяжка вытлумачыць з’яўленне элемента «х» у разглядаемым дзеяслове). Магчымы камбінацыі дзеяслова штурхаць з «прэфіксамі» ка‑, ко‑ і спрашчэннем кансанантнай групы шт > т (з якіх прычын?). Параўн. нарэшце існаванне «комплекса» котур‑ (прасл. *koturati): рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, славен. kotúrati ’капіць’, серб.-харв. коту̀рати ’вярцець’, ’каціць’ (паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 209, дзеяслоўны інтэнсіў, утвораны ад *kotiti ’капіць’ «узмацняльным суфіксам» *‑ur‑a‑ti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кача́ць ’качаць’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сцяшк. МГ); ’качаць бялізну’, ’качаць, валяць’, ’раскачваць цеста’ і г. д. Параўн. ст.-рус. качати ’гайдаць, хістаць’, рус. кача́тькалыхаць, хістаць’, укр. кача́ти ’катаць’, ’качаць бялізну’, ’качаць цеста’. Далей параўн. польск. дыял. kociać się ’качацца, валяцца і да т. п.’, чэш. káceti ’валіць, разбураць’, káceti se ’валіцца’, ст.-славац. káceť ’рубіць (лес)’, славац. (дыял.) kácat sa ’хістацца’. У аснове гэтага дзеяслова са шматлікай семантыкай, але досыць празрыстай формай, ляжыць зыходнае *katjati (), якое з’яўляецца ітэратыўна-дуратыўным утварэннем да прасл. *kotiti. Пры гэтым атрымліваецца аблаўтная форма вакалізма (a < ō < о). Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяле́гаваць (пеле́говаць) ’калыхаць на руках, няньчыць, песціць’ (Нас., Бяльк., Гарэц.), пяле́гваць ’тс’ (Шат.), пяле́гъвъць ’вельмі пеставаць, даглядаць’ (беш., Нар. сл.). Разам з пяленгаваць ’песціць, даглядаць’ (Нас.; слонім., Жыв. НС), дзе захавалася назалізацыя, лічыцца запазычаннем з польск. pielęgować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 65, 68); апошняе, паводле Банькоўскага (2, 551), з першаснага pielengować ’закручваць немаўля ў пялёнкі’, якое разам з рус. дыял. пеле́говать ’даглядаць’, пелёжить ’пакрываць саломай знешнія сцены хаты на зіму’ ад рус. дыял. пелега́ ’пакрыццё, заслона’ (першапачаткова пра кару і пра пялёнкі) і ст.-польск. pielega ’пялёнка’, што звязана з *pelena ’пялюшка’, насуперак Брукнеру (408), які выводзіць названыя польскія словы з ням. pflegen ’даглядаць, песціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люля́ць ’рытмічна гойдаць’, ’калыхаць дзіця’ (ТСБМ, Шат., Ян.; дзятл., Сл. ПЗБ), драг. лю́ляты ’тс’ (Клім.). Укр. лю́ля́ти ’закалыхваць дзіця’, рус. люлькать, польск. lulać, в.-луж. lulać, чэш. lulati, усх.-славац. ľuľac, серб.-харв. љу́љати, макед. лулам, балг. люле́я ’тс’. Прасл. lʼulʼati ’ўсыпляць дзіцё спевам і калыханнем’. Утворана ад выклічніка lu‑lu > люлі! (гл.). І.‑е. адпаведнікі: літ. liūliúoti ’закалыхваць’, ’хістацца’, ’калывацца, калыхацца’, ст.-інд. lṓlati ’рухацца туды-сюды’, ням. lullen, англ. lull ’тс’. І.‑е. *leu‑ (Слаўскі, 4, 376–377; Фасмер, 2, 545–546; Скок, 2, 287; БЕР, 3, 578; Шустар-Шэўц, 12, 868; Махэк₂, 343; Бязлай, 2, 156; Трубачоў, Эт. сл., 15, 210–212).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкацькалыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рахма́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не баіцца чалавека; спакойны, нязлосны (пра жывёлін, звяроў). [Сястра] паведамляла, што скаціна вельмі рахманая — дзіця можа падаіць, што малако ў яе густое, як масла. Сабаленка. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў .. [каваля] станавіліся рахманыя, .. пакорлівыя. Дубоўка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя, — да пераезду свайго ў пушчу яны доўга жылі ў заапарках. «Беларусь». / у перан. ужыв. Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной. Новікаў. Вецярок такі рахманы, Нібы рунь палёў І травы Прыляцеў ён калыхаць. Жычка.

2. Памяркоўны ў адносінах да іншых; згаворлівы; дабрадушны, лагодны. Сусед мой ціхі быў, рахманы. Лойка. [Мачаха] была вельмі добрая і рахманая, да мяне адносілася як да свайго дзіцяці. В. Вольскі. // Які выяўляе памяркоўнасць, дабрадушнасць; ласкавы. Раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калта́ць ’трохі памыць што-небудзь у сцюдзёнай вадзе’ (КЭС, лаг.). Іншыя крыніцы як быццам не падаюць гэтага слова, няма і дакладных адпаведнікаў у іншых усх.-слав. мовах. Дэфініцыя разглядаемага слова здаецца залішне канкрэтнай, відаць, неабходна дапускаць больш дыфузную — ’памыць’ або ’пабоўтаць’ (’абмыць’). Як роднаснае ў такім выпадку можна разглядаць рус. дыял. (вяц., у Даля да значэння) колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’, а ў якасці адпаведніка — дыял. колтать ’качаць, калыхаць, боўтаць і да т. п.’ (заходняе, паводле Даля), колтаться ’хістацца, боўтацца і інш. ’. Рус. колтать ’балбатаць і інш.’ зафіксавана ў шэрагу гаворак (валаг., пск., цвяр. і інш.), што можна разглядаць і ў плане арэальных адносін і як аргумент на карысць усх.-слав. паходжання дзеяслова, параўн. укр. ковтки ’збітыя касмылі воўны’, ’завушніцы’, рус. колтки ’завушніцы’ (пск. і паўн.-рус. у Бернекера, I, 660), для рус. слоў прапануецца рэканструкцыя kъltati, што разглядаецца як варыянт да koltiti. Храналогію лексемы трэба ўдакладніць, паколькі да ўсх.-слав. фактаў неабходна дабавіць польск. дыял. kieltać (варыянты kiełdać, giełdać) ’кроіць, рэзаць тупой прыладай; малоць (рухаючы); хістаць, круціць, мяшаць’, kiełtać się ’хістацца, калыхацца’ (паўдн.-польск., у Карловіча не фіксуецца, Слаўскі (2, 147) падае эксцэрпцыю з Купалы, JP, 38, 129–131, і інфармуе, што слова зрэдку сустракаецца ў літаратурных творах), далей макед. дыял. să klъ́tʼa ’калыхацца, кратацца’, адзначанае Малэцкім. На аснове гэтых прыкладаў можна ўзнавіць прасл. kl̥tatiкалыхаць, хістаць’; што датычыць абмежаванага распаўсюджання лексемы, гэта можна разумець і як арэальную суаднесенасць, якая сведчыць аб даўніх кантактах племянных гаворак (прасл. дыял. лексема, як аб гэтым мяркуе Слаўскі, 2, 147) і як архаічнасць слова, страчанага большасцю слав. моў. Параўн. яшчэ нашы меркаванні пад калдун, калдыга і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)