тэатра́л, ‑а, м.

Аматар тэатра; часты наведвальнік тэатра. Мы з Сонькай зрабіліся сапраўднымі тэатраламі .. Часта хадзілі ў тэатр — на ранішнія і вячэрнія спектаклі. Рамановіч. Потым Юліян Эдгардавіч — вялікі тэатрал, знаўца і крытык балетнага мастацтва і музыкі — сядзеў перад Юткевічам і выкладаў сваё разуменне класічнага балета. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фат, ‑а, М фаце, м.

1. Самаздаволены франт, фарсун, які любіць рысавацца, пазіраваць; пусты, пошлы чалавек. Чужы грамадству мот і фат, Уцех жыццёвых знаўца — Ну што яму там да брыгад Камуністычнай працы. Звонак.

2. Уст. Роля палюбоўніка-пазёра ў тэатральнай п’есе, а таксама акцёр, які іграе гэтую ролю.

[Фр. fat ад лац. fatuus — дурны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стратэ́г, ‑а, м.

Палкаводзец, знаўца стратэгіі (у 1 знач.). [Генерал-маёр] меў вялікі ваенны вопыт і сярод генералітэт[у] лічыўся лепшым стратэгам і тактыкам. Шамякін. // перан. Высок. Празорлівы, вопытны палітычны кіраўнік; чалавек, які валодае майстэрствам кіраўніцтва грамадскай і палітычнай барацьбой. [Ленін] увабраў у сябе .. ўсё лепшае, што ёсць у людзях, у народзе. Ленін — геніяльны стратэг рэвалюцыі. Ленін — баец, Ленін — вучоны, Ленін — інтэлігент. «Звязда».

[Ад грэч. stratēgos — военачальнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

І́рмус ’вырвас, жулік, нахабны чалавек’ (Бяльк.). Штучная лацінізаваная форма не зусім яснага паходжання. Магчыма, з *ірвус ад ірваць (гл.) (суф. ‑ус звычайна далучаецца да дзеяслоўных асноў); параўн. вырва, вырвас. Субстытуцыя ‑м‑ замест ‑в‑ цалкам магчыма, улічваючы экспрэсію значэння. Нельга выключыць і магчымую сувязь з рус. смал. и́мус ’бядовы, вельмі здольны да чаго-н.’ (Дабр.); параўн. таксама смал., сіб. иму́н ’жвавы, бядовы, спрытны’, ’знаўца, майстар сваёй справы’, смал. иму́ ’адолею, пакару’ ад імаць (гл.). Але застаецца няясным з’яўленне ‑р‑ (ці не звязана з рус. дыял. ир ’злосць’, ’злосны, з’едлівы чалавек’, upunéc ’свавольнік, задзіра’, ст.-рус. иръ ’болька, струп; скула’?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прафе́сар, ‑а, м.

Вышэйшае вучонае званне выкладчыка навучальных устаноў і супрацоўніка навуковых і лячэбных устаноў, якія кіруюць навукова-даследчай і лячэбнай работай; пасада, якую займае той, хто мае такое званне. // Асоба, якая мае такое званне. У адну і тую ж хвіліну прыходзілі выкладчыка, прафесары. Лынькоў. [Рыгор Пятровіч:] — Яе павінны вылечыць! Яна павінна жыць.. Мы даручым яе лепшым прафесарам!.. Шамякін. // Жарт. Вялікі знаўца чаго‑н. Ёсць сотні самых дробязных спраў, у якіх яна перад ім — прафесар. Лупсякоў. Міхальчук жартоўна заўважыў: — Ды ты ж у нас на гэта [на вылічэнні] прафесар. Якімовіч.

[Ад лац. professor — выкладчык, настаўнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, які валодае якой‑н. спецыяльнасцю, мае спецыяльныя веды ў якой‑н. галіне навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяліст сельскай, гаспадаркі. □ Сахор — вельмі добры электразваршчык, а спецыялісту заўсёды работы хапае. Кулакоўскі. Сямёна Львовіча запрасілі на прыём да кансультанта, вядомага спецыяліста па захворваннях сэрца. Гарбук. [Шарлап:] — Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Шыцік. // Разм. Добры знаўца чаго‑н., майстар у якой‑н. справе. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе [мабілізацыі людзей на змаганне з акупантамі]. Колас. З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні і памерах; малы. Невялікі пакой. Невялікія вокны. □ У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Ад лесу .. да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы. Чорны. // Невысокі ростам. Адчыніліся дзверцы, і з машыны выскачыў невялікага росту чалавек: жвавы, хударлявы, але ўжо немалады. Мяжэвіч. // Нязначны па колькасці, нешматлікі. Вось у вышыні са свістам праляцела невялікая чародка качак-цыранак. Аляхновіч. // Нядоўгі (пра час). Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Мележ.

2. Нязначны па сіле, інтэнсіўнасці, якасці, зместу і пад. Невялікі вецер. Невялікая радасць. □ Пагода стаяла сухая з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч.

3. Які не мае вялікага значэння ў грамадстве. Невялікі чын. □ [Астап:] — Чалавек я.. службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Лынькоў.

4. Які нічым не вылучаецца; пасрэдны. Невялікі знаўца. Невялікі грамацей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. што. Вынішчыць, высечы, ссячы (лес, галлё і пад.). — Шмат чаго, сынок, няма ўжо ў лесе. Дзялянка на дзялянцы. Увесь лес спляжылі. Сачанка. Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Навуменка. Еўдакія тым часам паспела ўжо спляжыць усё сухое галлё з таполі, знасіць яго ў дрывотню. Кулакоўскі. // Разбурыць, зруйнаваць. — Мінск у руінах, — з выглядам знаўца адказаў сальнік .. — Ушчэнт спляжылі. «Беларусь». // Сапсаваць што‑н. [Мужчына:] — Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў. Карпаў. [Бацька:] — Лайдак пракляты, гультаіна. Такую касу спляжыў. Быкаў.

2. што. Стаптаць, вытаптаць, вынішчыць. Ячмень такі добры ўрадзіўся, аж на табе — спляжылі, здратавалі палавіну кавалка. Баранавых. — Машыны вунь клінок жыта спляжылі, — кіўнуў галавою Мікалай Міхайлавіч. — Дарога ёсць, а яны на поле лезуць. Мыслівец.

3. каго і без дап. Збіць, пабіць; ударыць. Аднаго разу гэтак спляжылі хлопца, што ён ужо не мог сваімі нагамі прыйсці ў камеру. Сабаленка. [Гулік:] — Не таіся, Мычыпар, я ўсё ведаю. Ганка табе спляжыла па мордзе, і ты пайшоў дадому. Навуменка. // Забіць (звычайна звера, птушку). [Дзед:] — Тут летась я столькі цецерукоў спляжыў! Гамолка. Заекатала Дамка, і я паспяшыў у той бок: можа і праўда пашанцуе спляжыць шарака? Даніленка. // перан.; што. Ацаніць адмоўна, раскрытыкаваць. Раман «Зямны хлеб», аказваецца, напісаны на гістарычную тэму, і крытык проста спляжыў яго. Васілёнак.

4. каго. Зваліць, апанаваць каго‑н. (пра хваробу). Інфаркт раптоўна бацьку спляжыў. Валасевіч. Гэта .. [Дзяніс] награшыў некалі, сям’ю пакінуў, дык от цяпер і хвароба спляжыла яго, і сын не хоча ведаць бацьку. Гроднеў.

5. што. Выкасіць, убраць сена. Сенажаць, сенажаць — Вось было б дзе корму! Калі спляжыць, прыбраць — Знаў бы статак норму. Гілевіч.

6. што. Забрудзіць, затаптаць. Усю падлогу спляжылі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)