Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАХАНГІ́Р (Салім) (1569, г. Агра, Індыя — 1627),
правіцель Магольскай імперыі [1605—27]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл.Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГАТА́Й, Чагатай (7—1242),
мангольскі хан. Другі сын Чынгісхана, удзельнік большасці яго заваёўніцкіх паходаў. Пасля падзелу бацькам заваяваных зямель паміж сынамі (1224) Дж. атрымаў сярэднеазіяцкія вобласці ад Алмалыка да Амудар’і і Сырдар’і [гл.Джагатайскі (Чагатайскі) улус]. Стаўка Дж. знаходзілася ў даліне р. Ілі. У манг. дзяржаве Дж. быў лепшы знаўцаманг. звычаёвага права, на сваіх землях патрабаваў строгага выканання манг. законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́ЎСКІ (Ісак Яфрэмавіч) (9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),
бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ ((Karski) Мацей) (24.2.1662, Дабжынская зямля, Польшча — 10.2.1717),
філосаф, прававед. Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1683—86), Полацкім езуіцкім калегіуме, у Варшаве (1689—93). Праф. рыторыкі ў Плоцку і Варшаве, выкладаў філасофію ў Полацку (1696—99). Рэктар Полацкага калегіума (з 1709), Віленскай акадэміі (з 1710). Аўтар «Курса філасофіі і логікі...» (1696, рукапіс захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та), які складаецца з 8 трактатаў: «Логіка як мова навукі», «Аб метэорах», «Тайны навукі этыкі» і інш. У «Трактаце пра душу» даў аналіз адчуванняў, пачуццяў, уяўленняў і інш. элементаў псіхалогіі, апісаў органы пачуццяў, што сведчыла аб пэўным адыходзе ад схаластычнай філасофіі, якая адмаўляла прынцыпы сенсуалізму. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы новага польскамоўнага выдання Статута ВКЛ 1588 (Вільня, 1693) К. набыў вядомасць як «знаўца айчынных законаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна
(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж.акад.нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел.нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап.муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл.Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.
Тв.:
Рус.пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.
Літ.:
Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЧЫК (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраз зах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.