КА́РСКІ ((Karski) Мацей) (24.2.1662, Дабжынская зямля, Польшча — 10.2.1717),

філосаф, прававед. Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1683—86), Полацкім езуіцкім калегіуме, у Варшаве (1689—93). Праф. рыторыкі ў Плоцку і Варшаве, выкладаў філасофію ў Полацку (1696—99). Рэктар Полацкага калегіума (з 1709), Віленскай акадэміі (з 1710). Аўтар «Курса філасофіі і логікі...» (1696, рукапіс захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та), які складаецца з 8 трактатаў: «Логіка як мова навукі», «Аб метэорах», «Тайны навукі этыкі» і інш. У «Трактаце пра душу» даў аналіз адчуванняў, пачуццяў, уяўленняў і інш. элементаў псіхалогіі, апісаў органы пачуццяў, што сведчыла аб пэўным адыходзе ад схаластычнай філасофіі, якая адмаўляла прынцыпы сенсуалізму. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы новага польскамоўнага выдання Статута ВКЛ 1588 (Вільня, 1693) К. набыў вядомасць як «знаўца айчынных законаў».

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)