КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл.Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.
Тв.:
Рус.пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.
Літ.:
Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.