Пра́мара, параўн. у замове: на моры, на прамары стаіць дуб кракарысты, на ім дванаццаць какатоў (светлаг., SOr, 39, 354). Да мора (гл.) з прыстаўкай пра́, што выступае ў традыцыйнай формуле замоў і, відаць, мае функцыю ўзмацнення ў адрозненне ад польск. pramorze, чэш. pramoře, серб.-харв. pramore, дзе прэфікс мае значэнне ’першасны, даўні’, параўн. ESSJ, 1, 206. Гл. пра-. параўн. таксама пралес, калі́сь‑пракалі́сь ’вельмі даўно’ (б.-каш., ГЧ), праколісні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралес : шкіра ў лес, на пралес, здароўе ў хаце, хвароба ў лес (Шн. 3), пралес ’пералесак’ (Нікан.). Прыназоўнік на (пралес) у прыкладзе з Шэйка, як быццам бы, сведчыць аб тым, што значэнне тут ’нейкае месца ў лесе’, магчыма, ’прагаліна, паляна’ (параўн. значэнні пралесак). Тады пралес — дэрыват ад пра- (< пера‑? гл.) і лес, у адрозненне ад укр. праліс, польск. prałs і чэш. prales ’некрануты, даўні лес’, якія ад пра- і лес (параўн. Банькоўскі, 2, 756). Параўн. пра́мара.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дапато́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі даўні, старажытны, які быццам бы існаваў яшчэ да міфічнага біблейскага патопу. Насельнікамі.. лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцяя зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі». Маўр.

2. Разм. жарт. і іран. Які выйшаў з ужытку; устарэлы, старамодны. Дапатопныя уяўленні. □ Па новых вуліцах спяшаецца трамвай, І зніклі здані дапатопнай копкі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́мітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Доўгі вузкі кусок кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай. Здавалася,.. што іконы ў залачоных рамах, ахінутыя белымі льнянымі наміткамі і ручнікамі, вось-вось не вытрымаюць хістання цяжкага, гарачага духу хаты і ўпадуць. Паўлаў. / у перан. ужыв. Лёгкай наміткай слаўся па балоце шызы туман. Шчарбатаў. Поле было заслана наміткай сіняватай смугі, а лес за ім стаяў сіні-сіні. Навуменка.

2. Даўні галаўны ўбор замужніх жанчын. На яе галаве красуецца намітка з вышытымі канцамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́цца, знаюся, знаешся, знаецца; незак.

1. Быць знаёмым, мець сувязі з кім‑, чым‑н. Гэта былі сыны або ўрачоў, або адвакатаў, а адзін, з кім Ян знаўся найбліжэй, быў сынам народнага настаўніка. Пестрак. Бонч-Бруевіч адкрыў пад восень школу ў светлым бацькоўскім доме. Кажуць, з Леніным знаўся блізка, як памочнік, таварыш даўні. Русецкі. // Сутыкацца з чым‑н., зведваць што‑н. Дружна працуем Мы грамадою, Знацца — не знаем З горам, з бядою. Купала.

2. Абл. Добра ведаць што‑н., разбірацца ў чым‑н. [Лявон:] Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў... Сам умеў прышчапляць. Купала. Адна жанчына расхвальвае свайго знаёмага, які вельмі знаецца па хваробах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нада́вяча ’нядаўна’ (ляхав., Сл. ПЗБ), відаць, не можа разглядацца асобна ад надоечы (гл.), нагдовя, анагдове і інш., якія выводзяцца з прасл. *onogbda (гл. на́гды), прыслоўя адзайменнікавага паходжання (ESSJ SG, 2, 527), аднак націскное а ў корані дае падставы дапусціць сувязь з рус. давеча ’нядаўна’, на што звярнулі ўвагу аўтары слоўніка. Апошняе, як і бел. дивечы (Бяльк.), мае паралелі ў іншых славянскіх мовах (рус. даве ’нядаўна’, укр. даві, ст.-слав. давѣ ’калі-небудзь, нядаўна’, славен. davė ’сёння, зранку’ і’ інш., прасл. *dave, звязанае з иаиьnъдаўні’). Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бязлай, 1, 95–96; Трубачоў, Эт. сл., 4, 198; SP, 1, 360–361. Магчыма, кантамінацыя надоечы і дивечы, што, аднак, цяжка дапусціць з лінгвагеаграфічнага пункту погляду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

барада́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.

2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заця́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.

3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.

4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́пы1 ‘басаножкі’ (бяроз., Шатал., Зайка Кос., Скарбы), ‘паношаныя туфлі’ (Сцяшк.), ‘абутак на драўлянай падэшве’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл., Сл. Брэс.), ‘даўні сялянскі абутак на скураной, драўлянай ці іншай падэшве’ (Сл. ПЗБ), трэ́бы, тро́пы, дрэ́пы, трэ́пкі ‘дзеравяшкі’ (ЛА, 4), трэ́пэ ‘тапкі без лятаў’ (драг., Ск. нар. мовы). З польск. trepy, trepki ‘басаножкі, туфлі на драўлянай падэшве’ (у XVI ст. — ‘сандалі манахаў’), якія з ням. Trippe ‘сандал’, што да trippeln, trampeln, trappeln ‘тупаць’, ‘тупацець’, ‘перабіраць нагамі, ісці невялікімі крокамі’ (Брукнер, 576; Вінцэнц). Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 396) ставіць пад сумнеў чэшскае пасрэдніцтва з-за ніжненямецкага паходжання Trippe.

Трэ́пы2 ‘прыступкі, ступенькі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘прыстасаванне, прылада з зубцамі для пад’ёму бярвенняў’ (беласт., Ніва, 1975, 19 кастр.) Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 142), слова прыйшло праз літоўскую мову (дыял. trẽpai) з ням. Treppe ‘прыступкі, лесвіца’; хутчэй праз польск. trepy ‘дзве паралельныя жэрдкі, пруты або шнуры, злучаныя папярочкамі, якія служаць для ўзыходжання ці сыходжання’, што запазычана з нова-в.-ням. Treppe ‘прытулкавае прыстасаванне, лесвіца; прыступка’ (Вінцэнц). Параўн. трап2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)