згру́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся; зак.

Разм. Сабрацца дзе‑н. шчыльным натоўпам, гуртам. Наладчыкі, мантажнікі згрудзіліся каля інжынера, пазіралі ў яго чарцяжы. Арабей. Хутка перад сцэнаю і ў праходзе згрудзілася некалькі дзесяткаў дэлегатаў, а тыя, што засталіся на сваіх месцах, падняліся з крэслаў. Галавач. // Сабрацца групай, кучай. Ільдзіны з трэскам і хрустам напіралі адна на другую, і нарэшце ўся гэтая маса лёду, што згрудзіўся на рацэ, пачала рухацца. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

папсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., што.

1. Сапсаваць усё, многае. Уначы Жаўна з групай партызан свайго атрада прабраўся ў тыл ворага, перабіў батарэйцаў і папсаваў гарматы. Шамякін.

2. Прывесці ў няспраўны стан, зрабіць непрыгодным; пашкодзіць. У лесе Сагайдаку давялося ісці пеша: дарогу, нядаўна размытую дажджамі, папсаваў гусеніцамі трактар. Парахневіч. // Разм. Зрабіць дрэнным, непрыемным; пагоршыць у якой‑н. ступені. Таня таксама старалася рабіць усё так, каб гэтая размова не папсавала яе адносін з Верай і гаспадыняй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бахту́рыць (набахтурыў ему голаву ’забіў яму галаву лухтой’; Чач., Нас.). Магчыма, звязана з групай слоў рус. ба́харь ’балбатун і г. д.’, славен. báhati ’хваліцца’. Суфіксацыя не зусім ясная (здаецца, ‑t‑ur‑ < ‑ъt‑ur‑), як звычайна ў многіх экспрэсіўных словах. Параўн. рус. бахте́ть, бахти́ть ’хваліцца, важнічаць’, бахту́рить ’перагружаць думкі чым-н.’ (пры ба́хать ’ілгаць, хлусіць’). Не выключаецца, аднак, што бахтурыць < бухто́рыць. Параўн. польск. buchtorzyć ’дурыць, баламуціць’. У Насовіча пад бахту́рыць прыводзяцца два значэнні — ’наліваць у пасудзіну’ і ’забіваць галаву лухтой’, параўн. бухто́рыць (Нас.) ’празмерна ліць вадкасць, празмерна піць’. Гэта можа сведчыць, што ’забіваць галаву лухтой, дурыць’ → ’наліваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кле́шчы, ‑аў; адз. няма.

1. Металічны інструмент у выглядзе шчыпцоў для заходу і трымання гарачага металу. Кавальскія клешчы.

2. Драўляная частка хамута, якая складаецца з дзвюх кляшчын. Запрагаў сам гаспадар. Залуцкі ажно залюбаваўся, як Хрупак спрытна закладаў у гужы дугу і пасля адным махам зацягнуў супоню, упёршыся каленам у клешчы. Чыгрынаў.

3. У ваеннай справе — акружэнне ворага з двух бакоў. Раздзяліў [Сцяпан] атрад на дзве групы — адну паслаў налева ў абход Глушца, а сам з групай пайшоў направа, каб такім абходным манеўрам мястэчка ўзяць у клешчы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прастарна́к ’калочак, якім хлопцы прыбіваюць на начлезе лапці да зямлі ў соннага для жарту’ (Бяльк.). Няясна. Сюды ж пастарна́к (гл.), якое, паводле Лучыца-Федарца (там жа), да пастарнак ’расліна’. Але да апошняга ўзыходзіць, відаць, толькі значэнне ’галоўны корань яблыні’, а пастарнак у значэнні ’калочак пры вяроўцы, якім карыстаюцца пры навязванні жывёлы на пашы’ сумесна з прасторнак, відаць, звязаны з групай слоў тыпу штыр (гл.), рус. стырь; параўн. рус. пск. стыро́к ’шпянёк’, ’вось воза’ і інш. Не выключана сувязь з польск. pasternik ’агароджаная паша для цялят з шалашом для пастуха’, pasternia ’шалаш для пастуха’ (адносна іх гл. Банькоўскі, 2, 512), або з дзеясловам тыпу рус. стыра́ть ’дражніцца’, параўн. насты́рны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гу́рба, ‑ы, ж.

Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.

гурба́, ы́, ж.

1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.

2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.

3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.

•••

Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гурт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.

2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.

3. у знач. прысл. гу́ртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.

[Польск. hurt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)