Казлава́ць ’ванітаваць’ (Сл. паўн.-зах.). Геаграфія слова (толькі паўн.-зах.) пры наяўнасці такіх утварэнняў, як літ. ožiáuti ’ванітаваць’ і адпаведнай структуры (на базе выразу казлоў драць) не пакідае сумненняў у тым, што гэта не выпадковае ўтварэнне. Яго можна лічыць незалежным дэрыватам, аднак агульны фон двухмоўя не мог не ўплываць па падобную лексіку. Ёсць паўд.-слав. адпаведнікі да балт. і бел. дзеяслова: славен. kozláti, зафіксаванае Плятэршнікам. Розніца (ва ўтваральных асновах і інш.) гэтых слоў з’яўляецца відавочнай, аднак неістотнай; галоўнае, што паралелі іх дазваляюць меркаваць аб старажытным характары слова і другаснасці выразу, падрабязней гл. казлы драць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвір ’буйназярністы пясок’. Рус. дыял. жвир ’тс’ (Літва, Латвія), польск. żwir ’тс’ (і шэраг вытворных). Параўн. рус. дыял. гверста́ ’тс’, серб.-харв. звр̑ст ’тс’. Фанетыка і геаграфія бел. і польск. форм указваюць на іх літ. паходжанне: літ. žvỹras ’тс’ (Эндзелін, Darbu, 1, 103; Карскі, Труды, 395, Лаўчутэ, Сл. балт., 54; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1969, 5, 142). Рус. гверста і серб.-харв. зврст суадносяцца з літ. як роднасныя. Фрэнкель, 1328–1329; Траўтман, 375; Фасмер, 1, 398–399; Брукнер, 668; Скок, 3, 668. Гл. яшчэ жарства. Аб пашырэнні жвір у бел.-польск. сумежжы гл. Зданцэвіч, Зб. Фальку, 347–399. Урбуціс, Baltistica, 19, 150.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўраз ’самаробны паясок; кавалак вяроўкі’ (Скарбы), ’вяроўка’ (Нас.), поўразка ’завязка ў фартуху’ (смарг., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Ян.), ст.-бел. поврозь, паврозь ’вяроўка’ (XVI ст.), поворозь (Альтбаўэр, 147), укр. павроз, повороз. польск. powróz ’шнур, пастронак, вяроўка’, славац. povraz ’вяроўка, канат’, чэш. ρονζ ’вяровачка’ (< *povraz), славен. povraz, серб.-харв. по̏вра̄з ’дужка вядра’, ’вяроўка, пятля’. Прасл. *po‑vorzь ’вяровачка з нітак’ < *vьrzti ’вязаць’. Няпоўнагалосныя формы запазычаны з польскай мовы, гл. Карскі (I, 251): поврозы — ’несомненные полонизмы”), Цвяткоў (Запіскі, 62), Кюнэ (Poln., 88: ’wegen га und Betonungsübereinstimmung”). Гл. паўроза. Аднак нельга выключыць і рэдукцыю поўнагалосся: повараз > поўраз, што дае падставы разглядаць некаторыя ўсходнеславянскія формы як другасныя, у карысць чаго сведчыць шырокая геаграфія слова. Пра гэта гл. Векслер, Пет., 119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачэ́п1 (БРС, Шат.), ’бервяно, што кладзецца на апошні вянок зруба’, ’бервяно, якое кладзецца над дзвярыма або войнамі’ (Сцяшк.), ’бэлька на хаце’ (свісл., дзятл., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ачэпа ’тс’ (ваўк., В. В.), учэпа ’тс’ (Шушк.), ачэп ’узор вугла з вертыкальнымі зарубкамі’ (КЭС, лаг.), параўн. польск. oczap, ocap, осера ’бервяно над дзвярыма ў хаце; бэлька ўздоўж сцяны, якая злучае (oczepia) слупы апоры’. Ад ачапіць ’пакласці зверху, ахапіць’, гл. чапаць; геаграфія назвы на польскай тэрыторыі (Мазоўша, Любліншчына) сведчыць аб яе запазычанасці, параўн. указанні на архаічнасць канструкцыі на беларускай тэрыторыі, гл. Бел. нар. жыллё, 44.

Ачэ́п2 ’жэрдка’ (Арх. ГУ), укр. очепа ’крук, бусак, якім прыцягваюць плыт да берага’, рус. очап ’калодзежны журавель; жэрдка для падвешвання калыскі’. Гл. очап; параўн. Фасмер, 3, 177.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыглу́з ’балаваны хлопец, свавольнік’ (Бяльк.), ’расхлябаны чалавек’ (Жд. 2), калыглас ’гарэза, вісус’ (Касп.); Насовічам адзначана форма колыглаз з яўнай народнай этымалагізацыяй, параўн. ілюстрацыю: «У гстого колыглаза по коллю вопи ходзюць», параўн. яшчэ смал. колыглаз: «Что с ним поделаешьон такой колыглазему хоть глаз коли!» (СПНГ, 14, 207). Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) прыводзіць форму калыгвуз, мяркуючы аб сувязі бел. лексемы і польск. kalauz ’вядучы, завадзіла’ ў тым плане, што крыніца запазычання лексем была аднолькавай. Слаўскі не разглядае гэтай лексемы, няма яе і ў слоўніку Карловіча, а Варшаўскі слоўнік разглядае як запазычанае з тур. kelaguz, kelavuz і да т. п. ’камандзір, правадыр’. Геаграфія бел. слова сведчыць хутчэй аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту, а не з турэцкай мовы непасрэдна, апрача таго, неабходна лічыцца з уласна беларускай гісторыяй слова (гл. вышэй заўвагу адносна народнай этымалогіі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)