са́льнік, ‑а, м.

1. Спец. Тлушчавая складка брушыны, якая з’яўляецца абаронным органам брушной поласці.

2. Спец. Прыстасаванне для герметызацыі адтулін, праз якія праходзяць рухомыя часткі механізмаў — валы, штокі і пад. На рамонце не хапае волава для сальнікаў. Шынклер.

3. Разм. Гандляр салам. [Шпулькевіч] вярнуўся ў Мінск.., а тады адразу стаў сальнікам. Набыў ён каня .. і ад’язджаў купляць затанна свінні часта вёрст пяцьдзесят і больш ад Мінска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяць, тну, тнеш, тне; тнём, тняце; пр. цяў, цяла, ‑ло; заг. тні; зак. каго-што і без дап.

1. Ударыць, даць чым‑н. Каманду пастроілі і загадалі: «Марш!» Калі ж яна не скранулася з месца, былы гандляр яйкамі з бабскім віскам кінуўся на першага ў крайняй двойцы і з маху цяў яму прыкладам у грудзі. Брыль.

2. Балюча ўкусіць. Сабака моцна цяў за нагу. □ Блыха тне чалавека, ды і схаваецца ў кажушнай воўне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гайда́р, гайда́й ’паганяты жывёлы’ (палес., Выгонная Л. Ц., вусн. паведамл.), гайда́й, гойда́йгандляр коньмі’ (лун., Шатал.). Параўн. Вяр.-Крыв.гайдай у песнях (Дзмітр.). Як відаць з геаграфіі слова, у бел. мове яно вядома толькі на поўдні. Укр. гайда́р(ь), гайдай ’пастух авечак’ (агляд іншых форм гл. у Рудніцкага, 528). Як мяркуе Рудніцкі (там жа), мабыць, ад выклічніка га́йда́ (цюрк.). Гэта этымалогія ёсць ужо ў Цімчанкі. Слоў гайда́р, гайда́й няма, здаецца, у рус. мове (няма ў Даля і ў СРНГ). Можна думаць, што гэтыя словы ўтварыліся ва ўкр. мове (параўн. і ўкр. прозвішча Гайда́й, Гайда́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ндаль (БРС, Касп.), га́ндэль (Нас.). Ст.-бел. (з XVI ст.) гандель (гл. Булыка, Запазыч., 78). Укр. дыял. га́ндель, ге́ндель. Запазычанне з польск. handel ’тс’. Гл. падрабязна Слаўскі, 1, 400. Польск. слова ў XVI ст. было ўзята з ням. Handel ’тс’ (да дзеяслова handeln); Слаўскі, там жа. З ням. handeln ’гандляваць’ запазычана польск. handlować. Адсюль, як лічыць Слаўскі (там жа), узята бел. гандлява́ць (Нас., Шат.), укр. гандлюва́ти, гендлюва́ти (гандлевати было ўжо ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.). Бел. гандля́р (БРС, Шат., Касп.; няма ў Булыкі, Запазыч.), укр. гендля́р (магчыма, як мяркуе Слаўскі, там жа, праз польск. мову: польск. handlarz) таксама ўзяты з ням. Händler (да handeln).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхвя́р ’кулак’ (Яруш.), ’хто прычыняе людзям няшчасце’ (пух., Жд. 2), ’той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’ (ТСБМ), укр. лихва́р, лихвʼя́р, ст.-рус. лихварь (XVII ст.), польск. lichwiarz, в.-луж. lichwar, чэш. lichvář ’тс’, славац. lichvárгандляр скацінай’; серб.-харв. ли̏хвар, славен. lihvár, макед. лихвар, балг. лихва́р. Прасл. форма lixvarь, якая абыходзіць да прасл. lixva ’пазыка грошай пад працэнты’ (Слаўскі, 4, 236). Апошняе — запазычанне з гоц. leiƕva ’пазыка’, leiƕan ’пазычаць’, ст.-в.-ням. lîhan ’тс’ (Бернекер 1, 717; Фасмер, 2, 504–505; Слаўскі, 4, 233–235). Магчыма, аднак, і поўнае запазычанне з герм. *leihwarja‑ ’пазыкадаўца’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́ла, ‑а, н.

1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.

2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.

3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.

•••

Ні вуха ні рыла гл. вуха.

Суконнае рыла (уст.) — гандляр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́цемак, ‑мку, м.

Паўзмрок, паўцемра адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. У ранішнім прыцемку .. [дарога] нагадвала рэчышча, а купкі чорных дрэў здаваліся падобнымі на скалы. Мележ. Улетку на вёсцы спаць кладуцца з прыцемкам. Сачанка. // Паўзмрок, паўцемра ў дрэнна асветленым памяшканні, месцы. — Не спяшайся запальваць агню. Пасядзім лепш у прыцемку. Нашто ж, каб вокны свяціліся. Машара. А ў прыцемку варот, густой імглой прыкрыты, Як здань мінулага, стаіць стары гандляр. Панчанка. Гадзіннік здаўся.. [Валі] прыгажэйшым, як у магазіне, бо там прыцемак кідаў цень на яго беленькі цыферблат. Пестрак.

•••

На прыцемку — адразу пасля захаду сонца або перад усходам сонца. Толькі на прыцемку.. [Насця] пачне гатаваць страву. Жычка. У панядзелак Янка ўстаў на прыцемку. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ану́ча. Рус., укр. онуча, ануча (для абварачвання ног), польск., славац. onuca, чэш. onuče, славен. onuča, vnúča, ст.-слав. оноушта ’сандалія’ (Старасл. сл.). Да праслав. *onutja; корань ‑u(t)‑ той жа, што ў абутак (гл.), параўн. літ. aũli ’абуць’ суфікс ‑ja, як у свяча. Прэфікс on‑ найбольш верагодна з і.-е. *an‑ (лац. an‑, грэч. ανα‑ і г. д.) ’на’ (Фасмер, 3, 142) або, што менш верагодна, з і.-е. *on‑ ’у’ (Мейе, Études, 2, 162), ці o‑ пры ўстаўным ‑n‑ (гл. Праабражэнскі, 1, 650); паводле Шанскага (КЭСРЯ, 223), утворана ад *onutь ’абутак’ < *onuti ’абуць’, гэтым аўтар імкнуўся паясніць паходжанне ‑t‑. Аб прычынах дээтымалагізацыі гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 173. Колесаў, ЭИРЯ, 5, 43–48: корань *nut‑ быццам паясняе семантыку анучы-абутку: ’тое, што не нацягваецца, а накручваецца’, што, аднак, не зусім ясна ў сувязі з няяснасцю кораня на славянскай моўнай глебе. Беларуская мова значна пашырыла семантыку слова ануча ад ’абутку’ на ’рызман, лату’, аналагічная тэндэнцыя заўважаецца і ва ўкраінскай; у іншых славянскіх мовах старое значэнне захоўваецца дакладней, хаця нідзе, здаецца, слова цяпер не азначае абутку. На новай семантычнай базе бел. анучнікгандляр анучамі; той, хто збірае ўтыль’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitioгандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віца ’базар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

такі́ 1, о́га, м.; така́я, ‑о́й, ж.; тако́е, ‑о́га, н.; мн. такі́я, ‑і́х; займ.

1. указальны. Указвае на якасць, уласцівасць асобы, прадмета, азначаючы: менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей. Хіба ж не міл і час такі На схіле лецейка, пад восень, Калі па верасах між сосен Пачнуць расці баравікі? Колас. // Дакладна такі, такі, як быў. Мінула столькі часу, а ён такі, як быў. // Падобны да іншага. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

2. указальны. Выкарыстоўваецца як слова, якое ўводзіць наступны тэкст, у значэнні: іменна той, які адпавядае таму, што будзе сказана далей. [Старшыня:] — Нам рукі трэба, разрываешся тут, а ён [Андрэй], такі мужчына: мядзведзі, качкі... Страляе па лесе... Пташнікаў. Ранейшае жыццё было такое: ураднік забярэ, суддзя абдзярэ, гандляр абкрадзе. Янкоўскі.

3. азначальны. Пры назоўніках і прыметніках, якія абазначаюць уласцівасць, стан і пад., указвае на большую, вялікую ступень, стан і пад. Наіўна дзівяцца дома, Чаго я [студэнт] такі худы. Маляўка. Распісалі сваякі Яся, хто як можа: — А разумненькі такі! — А такі прыгожы! Кляўко. [Жанчына:] — Як жа, мой сынок, не заплакаць, калі тут [у вершы] кожнае слова такое пякучае. «ЛіМ». // Пры азначальным слове служыць для выдзялення, падкрэслівання якой‑н. якасці, уласцівасці. А трэці [паравоз] — якая-небудзь кукушка — не гудзіць, а проста пасвіствае галаском такім тонкім, пранізлівым. Лынькоў.

4. азначальны. Разм. Выкарыстоўваецца звычайна ў клічных сказах для ўказання на незвычайнасць, дзівоснасць (пры хвальбе або ганьбаванні каго‑н.). І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Танк. Яна [Наста] — настаўніцай. Ён [Андрэй] — старшынёй. І ўсе зайздросцілі — такая пара! З. Астапенка.

5. азначальны. Разм. У спалучэнні з займеннікамі «хто», «што», «які» выкарыстоўваецца для падкрэслівання і выдзялення іх, падаючы значэнне іменна. [Вера:] А што такое з Тамарай? Крапіва. — Што там такое? — стрымана запытаў бацька. Кулакоўскі.

6. у знач. наз. тако́е, ‑ога, н. Нешта, што звяртае ўвагу: смешнае, незвычайнае, страшнае і пад. — Як вы [цётка Хрысця] маглі падумаць такое? — прашаптала, задыхаючыся, Тацяна. Шамякін.

•••

Да такой ступені гл. ступень.

Ёсць такая справа! гл. справа.

Такая справа гл. справа.

Такі ж, як — зусім падобны на каго‑, што‑н.

Такім макарам гл. макарам.

Такім парадкам гл. парадак.

Такім чынам гл. чын.

Такой бяды гл. бяда.

У такім выпадку — тое, што і у такім разе.

У такім разе гл. раз.

Што тут такога? — выкарыстоўваецца пры няясным пытанні ў значэнні: што асаблівага (добрага ці дрэннага) у тым, што зроблена кім‑н.

такі́ і -такі 2, часціца.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца пры знамянальных словах (часцей пры прыслоўі), падкрэсліваючы іх значэнне. Кошык быў амаль поўны, а грыбы яшчэ трапляліся. Іх такі многа пад мохам. Навуменка. [Тацяна:] — А от абцасы ладна такі пазбіваліся, трэба будзе неяк падрамантаваць. Васілёнак.

2. Пры дзеяслове выступае ў значэнні: тым не менш, усё ж, усё-такі. І такі прыкмеціў: Не дзяўчына — ружа. Гілевіч. Даказалі-такі цуду: Конь, мужык на свеце — сіла! Купала.

3. Уваходзіць у склад некаторых слоў: даволі-такі, зноў-такі, так-такі і пад. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч. Валодзька .. таўчэ каленам у надзьмуты жывот [каня] і лаецца, зноў-такі смеючыся. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)