Во́гніска ’вогнішча, касцёр, месца, дзе быў касцёр’ (Яшк., гродз., Шат., З нар. сл., навагр.); ’дрыгвяністае балота’ (Яшк., гродз.). Запазычанне з польск. ognisko ’вогнішча’, на што ўказвае суф. ‑isko (гл. Арашонкава, Весці АН БССР, 1963, 2, 85 і наст.; Гіст. лекс., 100). Значэнне ’дрыгвяністае балота’ у польск. мове не зафіксавана; яно, відаць, развілося на беларускай глебе. У семантычных адносінах параўн. выжара ’выгараўшая яма ў торфе’; ’багністае балота’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаго́ль ‘галавешка ад смольнага палена’ (Шат.), сюды ж, відаць, смагалі́ ‘грыбы белага колеру з крэмавым адценнем’ (смаляв., Весці АН БССР, 1972, 1, 83), смуго́ль ‘загарэлы на сонцы’ (Барад.). Рус. зах. смо́голь ‘смоль’, пск. смо́гарье ‘дровы для начной лоўлі рыбы’, польск. smogorz ‘торф’, н.-луж. smogor ‘тс’, ст.-чэш. smogor. З прычыны наяўнасці ў іншаславянскіх формах каранёвага ‑o‑ лічыцца звязаным чаргаваннем галосных з смага, гл. (Фасмер, 3, 689).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

структу́ра, ‑ы, ж.

Узаемаразмяшчэнне і сувязь састаўных частак аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць; будова. Структура сталі. Структура глебы. Структура мовы. □ Пра атамную структуру матэрыі здагадаўся, як вядома, яшчэ Дэмакрыт, сучаснік Герона. «Маладосць». У школьную пару [Сяргея] захаплялі і ўдаваліся яму задачы, а далей складаныя формулы, затым структура механізмаў... Грамовіч. // Арганізацыя, будова чаго‑н. Структура Акадэміі навук БССР. Эканамічная структура грамадства. □ Мы не заўважаем прыблізнай рыфмы і рытмічных зрухаў, нас захапіла развіццё думкі, нечаканы паварот у структуры верша. Грахоўскі.

[Лац. structura — будова, размяшчэнне, парадак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ука́з, ‑а, м.

Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. □ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.

•••

Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. — Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Быкі́ ’буякі, Vaccinium uliginosum’ (карэліц., Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 82: дыял. форма быке́). Як думае Арашонкава і інш., там жа, гэта вытворнае ад буякі́ ’тс’. Няпэўна, ёсць і іншыя назвы з падобнай семантыкай. Параўн. бугаі́ ’буякі’, буякі́ (там і матывацыя). Не выключаецца, што і быкі ’буякі’, як і бугаі ’тс’, толькі «пераклад» слова буякі, якое пры пашырэнні з дыялекту ў дыялект «асэнсавалася» як вытворнае ад буяк ’бык’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарані́ць ‘абняславіць’ (глыб., чэрв., карэліц., слонім., Сл. ПЗБ), скара́ніць ‘тс’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 131). Арашонкава і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. ker̃noti ‘сварыцца, лаяць’, што не зусім добра дапасуецца фанетычна. У якасці крыніцы магло б разглядацца яшчэ ўсх.-літ. kìrinti ‘дражніць, гаварыць з’едліва’, лат. karinât ‘дражніць, злаваць’, роднасныя карыць (гл.), гл. Фрэнкель, 644. Сюды ж і скарані́шчыць ‘тс’, ‘аблаяць, зняславіць’ (Сцяшк. Сл.), якое было скантамінавана са знішчыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пры́месь, ‑і, ж.

Не галоўны, дадатковы элемент у складзе чаго‑н.; дамешак. Ачысціць насенне ад прымесей. □ Прымесь дуба ў лясах поўначы БССР складае ўсяго 0,2–0,4%. Прырода Беларусі. Але і фізічны, і хімічны аналізы не паказалі якіх-небудзь шкодных для чалавека прымесей у наваколлі. Шыцік. // перан. Разм. Дадатак да чаго‑н. Даследчык устанаўлівае, што гэта была ў сваёй аснове беларуская літаратурная мова XVI ст. з прымессю да яе стараславянскіх і чэшскіх слоў. Алексютовіч. Прымесь гаркаватага скепсісу адчувалася дзе-нідзе ў творах [паэта]. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́рышт (БРС), а́рэшт выгук — ’хопіць!’, арэ́шт ’затрыманне, забарона’ (Нас.). Арыштава́ць (БРС), арэштава́ць (Нас.), ст.-бел. арештовати (XVI ст. — Гіст. мовы, 1, 250). З польскай, дзе ў XVI ст. праз нямецкую ці чэшскую або непасрэдна з сярэдневяковай лацінскай arrestum (Брукнер, 6) ад arrestare ’затрымаць’ (Курс суч., 164). Пра няўстойлівасць форм з с/ш у арестъ, арештъ пісаў Булыка (Весці АН БССР, 1970, 6, 118). Пераход е > ы адбыўся ў складзе, не падмацаваным націскам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буня́к ’пухір на целе’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, № 1, 85). Арашонкава і інш., там жа, з няпэўнасцю параўноўваюць з укр. буня́к ’чмель’, бу́нька ’пасудзіна з гліны’, літ. bùngti ’павялічвацца, рабіцца моцным’. Параўнанне з буня́к ’чмель’ магчымае, і буня́к ’пухір’ можа быць гукапераймальным (гл. бунава́ць; як паралель параўн. бульбата́цьбу́льбатка ’бурбалка’). Але не выключаецца і паходжанне ад бу́нька (гл.) ’бочачка, збанок’. Параўн. розныя значэнні слова ба́нька ’пасудзіна’. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Натхне́ннерус. вдохновение’ (Нас., Гарэц., Бяльк., ТСБМ). Утворана ад натхнуць ’унушыць каму-небудзь спосаб свайго мыслення’ (Нас.), гл. тхаць, тхнуць ’дыхаць, веяць’; у сувязі з гэтым няма падстаў лічыць калькай з рус. вдохновение (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 120), таксама як і натхняць — калькай з укр. надихувати ’тс’ (параўн. Баханькоў, Весці АН БССР, 1981, 1, 121). Параўн. паралельнае ўтварэнне ад натхаць ’унушаць свой спосаб мыслення, свае думкі’ — натханне ’ўнушэнне’ (Гарэц.), нытханне ’задуменне, задума’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)