уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.

2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

О́тхлань ’супакаенне душы на тым свеце, чысцец’ (Нас., Багд., Федар. I). Параўн. вотхлань (гл.) ’чысцец’ (Шэйн. 2). Значэнне ’чысцец’ не зусім дакладнае. Федароўскі (1, 221) дае для гэтага слова наступны кантэкст: «У ночы між Усіх святых а Задушным днём, душы змарлые з неба, з пекла, з атлхлані і з чысьца прыходзяць да дому», з якога відаць, што отхлань і чысцец — розныя сферы таго свету. Насуперак Булыку (Запазыч., 232) нічога агульнага з польск. otchłańбездань’ не мае. Аб гэтым сведчаць іншыя значэнні гэтага слова і ў першую чаргу ’адпачынак, перапынак’ (Нас.). Параўн. без атхлані ’без перапынку’ (Нас., Яруш.). Не даваць атхлану ’адбывацца бесперапынна’. Звязана па паходжанню з адхлан (гл.) ’адпачынак, перапынак’ (Нас., ТС), ’прахалода, халадок’ (Нас.). Магчыма, што ў ТС (3, 290) прадстаўлена таксама гэта другое значэнне: не даваць атхлану ’не даваць прахалоды’. Параўн. адзіны кантэкст: «Дождж не дае нам атхлану». Тады ўся гэта група слоў да *ад‑халод‑нь/*ад‑халод‑н. Параўн. халонна ’холадна’, халонны ’халодны’ (Бяльк., 470), гл. халонуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

про́рва, ‑ы, ж.

1. Вельмі глыбокі, стромкі абрыў, надзвычай глыбокая расколіна; бездань. Сарвацца ў прорву. □ Пячэры клыкі сталактытаў ашчэраць. То раптам тунелі у мроку, то прорва дзвювёрстая збоку. Вялюгін. // Багністае месца; дрыгва. Я рвануўся да.. [Іры], схапіў пад пахі і, ледзь сам не паляцеўшы ў балотную прорву, падняў на бераг, усю мокрую, перапалоханую. Пташнікаў. Балота цягне, засмоктвае ў чорную прорву, усё мацней сціскае грудзі. Аляхновіч. // перан. Бязмежная, вялікая глыбіня. Безупынна звініць ланцуг, і ў прорву бяздоннага ацэментаванага калодзежа з громам ляціць акаванае жалезнымі абручамі драўлянае вядро. Навуменка.

2. перан. Карэннае, прынцыповае разыходжанне ў чым‑н. паміж кім‑, чым‑н. — Маё сэрца цалкам у вашым калгасе. Але між намі, таварышы, — прорва: я — пасялковец. Колас.

3. Разм. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., мноства. Прорва грошай. □ Нялёгка было падняць жаночымі рукамі такую прорву зямлі. Васілевіч. — Бач, параць, смажаць, ядуць, п’юць. Накармі такую прорву. Навуменка.

4. Разм. Аб пражэрлівым чалавеку. — Хлопчыка ўзялі. Ды такі ўжо хлопчык.. Прорва нейкая ненасытная — колькі не кармі, мала яму. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́пасть ж.

1. (обрыв, бездна) про́рва, -вы ж., бе́здань, -ні ж., бяздо́нне, -ння ср., прадо́нне, -ння ср.;

доро́га над про́пастью даро́га над про́рвай (бе́зданню, бяздо́ннем, прадо́ннем);

2. перен. (глубокое расхождение) про́рва, -вы ж.;

3. (множество) разг. про́цьма, -мы ж.; бе́зліч, -чы ж.;

у меня́ про́пасть дел у мяне́ про́цьма (бе́зліч) спраў;

про́пасти на тебя́ нет бран. пагі́белі на цябе́ няма́;

тьфу, про́пасть! цьфу, згінь ты!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

толка́ть несов.

1. шту́рхаць; пхаць, пхнуць;

толка́ть кого́-л. ло́ктем шту́рхаць каго́е́будзь ло́кцем;

толка́ть пе́ред собо́й та́чку пхаць (пхнуць) пе́рад сабо́й та́чку;

2. спорт. шту́рхаць;

толка́ть ядро́ шту́рхаць ядро́;

3. перен. (побуждать к чему-л.) заахво́чваць (да чаго-небудзь), наво́дзіць (на што-небудзь), падбіва́ць (на што-небудзь);

толка́ть на мысль наво́дзіць на ду́мку;

толка́ть на преступле́ние падбіва́ць на злачы́нства;

толка́ть в про́пасть шту́рхаць у про́рву (бе́здань);

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

перавярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Павярнуцца з аднаго боку на другі; павярнуцца процілеглым бокам. Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок. Гартны. У адзін момант ускінуў .. [Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас. // Перакуліцца, перакінуцца. Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны. Толькі зашапоча, загамоніць узрушаная плугам зямля і перавернецца быльнёг дагары нагамі. Баранавых.

2. перан. Стаць зусім іншым, рэзка змяніцца, перамяніцца. [Маці:] — Нешта на свеце перавярнулася. Быў у сям’і спакой, лад, а тут — на табе. Пестрак.

3. Прайсці, перабыць. За шэсць год вайны і за дзве акупацыі на гэтай дарозе перавярнулася бездань людзей. Чорны.

4. перан. Ператварыцца ў каго‑, што‑н. Былі рублі, ды перавярнуліся ў вераб’і. Прымаўка. // Прыняць іншую веру. Гэты малады юрыст за свой кароткі час паспеў з немца ператварыцца ў рускага, а потым у паляка, з лютэраніна перавярнуўся на католіка, з прапаведніка ў пракурора. Машара. // У казках і народных павер’ях — прыняць іншы выгляд, ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Перавярнуўся б зараз у ваўка, У ворана... І жыў бы ў гэтым лесе, Пракляўшы чалавецтва і вайну. Пысін.

•••

Перавярнуцца ўверх дном — карэнным чынам змяніцца, стаць іншым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кида́ться

1. в разн. знач. кі́дацца;

кида́ться снежка́ми кі́дацца сне́жкамі;

кида́ться де́ньгами кі́дацца граша́мі;

кида́ться вперёд кі́дацца напе́рад;

кида́ться на врага́ кі́дацца на во́рага;

он кида́лся выполня́ть са́мые тру́дные зада́ния ён кі́даўся выко́нваць са́мыя ця́жкія зада́нні;

кида́ться в объя́тия кі́дацца ў абды́мкі;

кида́ться в бе́здну кі́дацца ў бе́здань;

кида́ться в посте́ль кі́дацца ў пасце́ль;

кида́ться из сто́роны в сто́рону кі́дацца з бо́ку ў бок;

2. страд. кі́дацца; см. кида́ть;

кида́ться в глаза́ кі́дацца ў во́чы;

кровь кида́ется в го́лову (в лицо́) кроў кі́даецца ў галаву́ (у твар).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зайсці́, зайду, зойдзеш, зойдзе; пр. зайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. зайдзі; зак.

1. Прыйсці куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. мімаходам. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. Увечары прыехаў з Серадзібора капітан Рыбін і зайшоў да Малашкіна. Пестрак. // па каго-што і з інф. Прыйсці з якой‑н. мэтай. Зайсці ў яслі па сына. □ Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць круг, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас. // у што. Увайсці куды‑н. Зайсці ў двор. Параход зайшоў у порт. □ Малады чалавек зайшоў у кабінет і хутка выйшаў. Кавалёў. // у што. Залезці, забрацца. Зайсці па калені ў ваду.

2. Ідучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. — Ты не спазніся ў часць. Яны далёка зойдуць, і табе цяжка будзе дагнаць іх. Шамякін. Пешыя і абоз .. пайшлі напрасткі. І зайшлі ў .. бездань балот. Брыль.

3. Ідучы, дасягнуць патрэбнага месца. — Уставай, сынок... Табе ж да відна трэба ў Петрыкаў зайсці. Капыловіч.

4. Падысці не прама, а збоку, у абход. Зайсці, спераду. Зайсці ў тыл ворагу.

5. Ідучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Зайсці за вугал. Зайсці за лес. □ Начальнік цэха зайшоў за стол, адсунуў нагою крэсла, насцярожыўся. Карпаў.

6. Апусціцца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Месяц зайшоў. □ Сонца даўно зайшло, і ў лесе панаваў змрок. Сіняўскі.

7. Узнікнуць, пачацца (пра размову, гутарку). Зайшла гутарка пра дружбу. □ З прычыны гэткага непаразумення зайшло было пытанне аб тым, ці не варта адкласці сход. Зарэцкі.

8. Разм. Зрабіць ход, пайсці (пры гульні ў карты). Зайсці тузам.

9. Разм. (звычайна са словам «замуж»). Стаць чыёй‑н. жонкай. [Макрына] замуж зайшла. За Пракопавага сына Яўгена. Баранавых. // куды. Пажаніўшыся, пераехаць туды, дзе жыве муж. — За мяне ён старэйшы, а ведаю я яго з той пары, як сюды замуж зайшла. Пташнікаў.

10. у што. Заехаць, паглыбіцца. Цвік зайшоў у сцяну па самую плешку.

11. Налажыцца адно на другое. Зайшла пала за палу.

12. Падысці, змясціцца. Шыба зайшла ў пазы.

•••

Далёка зайсці — выйсці за межы звычайнага, пераступіць граніцы дазволенага.

Зайсці на аганёк (агеньчык) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Зайсці ў тупік — трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча.

Розум за розум зайшоў гл. розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)