адпла́та, ‑ы, ДМ ‑плаце, ж.

1. Разлік, плата (за працу, паслугу, доўг); аплата. [Байкач:] Што вам трэба? [Пякарская:] Адплата па векселях. Гурскі. [Сёмка:] — Уся сям’я працуе цэлы год, а ў канцы — нічагусенькі ў адплату. Гартны. [Сімон:] — Зямлю іхнюю.. [жанчын] бяру сабе ў адплату доўгу. Самуйлёнак. // Аддзяка за клопат, дбанне.

2. перан. Помста, кара за злачынства, крыўду. [Алешын:] Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

возмеще́ние ср.

1. (действие) пакрыццё, -цця ср.; апла́та, -ты ж.; зваро́т, -ту м.; кампенсава́нне, -ння ср.; заме́на, -ны ж.; см. возмеща́ть;

2. (вознаграждение) кампенса́цыя, -цыі ж.; узнагаро́да, -ды ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Тары́ф ’устаноўленая сума збораў, аплаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тары́фа ’тс’ (Вруб.), ’спіс тавараў з расцэнкамі’ (Ласт.), ’аплата згодна лічыльніку (у таксі)’: у тарыфе ездзіць (гарад., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарыфъ ’цэннік’ (1711 г., КГС). Запазычана з рус. тари́ф ’тс’ або з польск. taryfa ’тс’, taryf ’тс’; апошнія выводзяць з іт. tariffa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84), сучасныя запазычанні праз рускую з франц. tarif ’тарыф’, якое з італ., ісп. і парт. tarifa ’тс’ < араб. ta‘rîf(a) ’абвяшчэнне (платы)’ < ‘árrafa ’ён абвясціў’. Выводзяць таксама з тапоніма Тарыфа — назва вострава ў Міжземным моры (Фасмер, 4, 24; ЕСУМ, 5, 522; Голуб-Ліер, 477).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

натура́льны, -ая, -ае.

1. Уласцівы прыродзе, створаны прыродай; не штучны.

Натуральныя ўмовы.

2. Абумоўлены законамі прыроды.

Натуральная смерць.

3. Які існуе ад прыроды, прыроджаны.

Н. колер валасоў.

Н. імунітэт.

4. Сапраўдны, прыроднага паходжання; проціл. штучны.

Н. шоўк.

5. Які адпавядае рэчаіснасці; сапраўдны.

Натуральная велічыня прадмета.

6. Нармальны, звычайны.

Н. выгляд.

7. Які атрымліваецца, аплачваецца натурай (у 5 знач.).

Натуральная аплата.

○

Натуральная гаспадарка (спец.) — гаспадарка, у якой прадукты працы вырабляюцца для задавальнення патрэб толькі саміх вытворцаў.

Натуральны рад лікаў (спец.) — бесканечная паслядоўнасць 1,2,3,4,5,..., што складаецца з цэлых дадатных лікаў, размешчаных па парадку іх узрастання.

|| наз. натура́льнасць, -і, ж. (да 3—6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Жаўне́р ’польскі салдат’ (ТСБМ), ’салдат’ (БРС). Рус. жолнер ’польскі салдат’, укр. жовнір ’тс’, ’салдат’. З польск. żołnierz, ст.-польск. żołdnierz < ням. Söldner. Паводле Клячкоўскага (Зб. Развадоўскаму, II, 331) і Шцібера (Świat jęz. Sł., 295), ст.-польск. з ням. праз чэш. пасрэдніцтва да XIV ст. У ст.-бел. фіксуецца яшчэ з канца XV ст. жолнеръ з шэрагам вытворных (Булыка, Запазыч., 114–115), ст.-польск. żołdnierz зафіксавана ў першай палавіне XVI ст. (Рэчак). Ням. Sold ’плата прафесіянальнага салдата’, с.-ням. solt ’тс’ < ст.-франц. solt ’залатая манета, аплата салдата’ < познелац. sol(i)dus (nummus) ’шчырая манета’. С.-в.-ням. soldenx̄re, soldenier ’наёмны салдат’ утворана на гэтай аснове (Дудэн).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кампенса́цыя, ‑і, ж.

1. Аплата, узнагарода за якую‑н. работу; пакрыццё выдаткаў, страт і інш. Грашовая кампенсацыя. □ Паколькі ж адкупілася Староста ад жаніха занадта дарагой цаной, царква, у парадку, так сказаць, кампенсацыі, залічыла яе ў святыя. Краўчанка. // Выплата рабочаму або служачаму грашовых сум звыш зарплаты ў прадугледжаных законам выпадках. Кампенсацыя за нескарыстаны адпачынак.

2. Ураўнаважванне, выраўноўванне ў арганізме парушаных функцый шляхам іх нейтралізацыі. Кампенсацыя парока сэрца гіпертрафіяй.

3. Ліквідацыя знешніх уздзеянняў (тэмпературы, атмасфернага ціску і пад.) на работу дакладных механізмаў. Кампенсацыя компаса. Кампенсацыя маятніка.

[Лац. compensatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрэсі́ўны в разн. знач. прогресси́вный;

усё ~нае чалаве́цтва змага́ецца за мір ва ўсім све́це — всё прогресси́вное челове́чество бо́рется за мир во всём ми́ре;

~ная апла́та пра́цы — прогресси́вная опла́та труда́;

п. пада́так — эк. прогресси́вный нало́г;

п. паралі́ч — мед. прогресси́вный парали́ч

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пла́та 1 ’выплата, узнагарода за працу, службу ці за атрыманую рэч’, ’грашовая кампенсацыя’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Варл., Сцяшк. Сл.), укр. пла́та, рус. пла́та, польск. płaca (< *plat‑ja) ’від аплаты ў судзе’ (XV ст.), пазней ’плата за працу’, старое płata ’аплата’, в.-луж. płata ’плата, плацеж’, чэш. pláce, plat, славац. pláca, plat, славен. plȃt узнагарода’, pláča ’жалаванне’, серб.-харв. пла́та, пла́ћа ’плата, заробак’, макед., балг. плата ’тс’. Прасл. *plata, *platja, утворанае ад *platiti (Банькоўскі, 2, 615), якое ад *platъ > плат 1 (гл.), было запазычана ў прагерм. мову (Мартынаў, Язык, 23–24). Паводле Фасмера (3, 274), ад *plata ўтворана *platiti.

Пла́та 2 ’гатунак са скуры каніны’ (Касп.), рус. дыял. плат ’моцная скура для ботаў, якая не прапускае ваду’, польск. płat ’кавалак скуры’. Развіліся з плат 1 (гл.) ’кавалак палатна’. Канец слова — пад уплывам ску́ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шту́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Ненатуральны, зроблены накшталт сапраўднага, прыроднага. Штучнае валакно. □ Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Роблены, прытворны, няшчыры. Размінаючыся з Рыгорам, [Грамадой] першы схіляе галаву з засмучанай ветлівасцю, такою штучнаю на яго грубым твары. Крапіва. [Следчы] стараецца ўсміхнуцца, але штучная ўсмешка толькі крывіць яго рот. Сабаленка.

•••

Штучнае дыханне гл. дыханне.

Штучны адбор гл. адбор.

шту́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляе сабой асобную рэч, прадмет. Штучны тавар. // Які служыць, прызначаецца для гандлю таварам, які нельга ўзважыць або адмераць. Штучны аддзел магазіна. // Зроблены, выпушчаны не серыяй, а ў колькасці некалькіх экземпляраў, абмежавана. Штучная шабля. Штучны медаль.

2. Спец. Які праводзіцца, робіцца па штуках (у 1, 2 знач.). Штучная аплата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апу́ка 1 ’самаробны мяч і гульня з ім’ (БелСЭ, ЭШ), апока (Грыг., 241). Рус. зах. смал., бранск. опука, апука ’тс’, укр. опука ’мяч’, ’выпуклая часціна, напрыклад, у бочкі’. Утворана ад дзеяслова *опукати ’станавіцца выпуклым, надувацца’ па ўзору аплата, асада і г. д. Параўн. укр. опук ’выпукласць’, опукий ’выпуклы’, бел. выпуклы, пучыць і г. д. Супрун, Веснік БДУ, 1970, 1, 82–83.

Апу́ка 2 ’лісце жыта на пэўным этапе развіцця’ (запіс Л. Ц. Выгоннай — аршан., Г. Ф. Вештарт — мядз.). Рус. смал. апук ’тс’. Для ўтварэння гэтага слова важны дзеяслоў распукнуцца (слуц., староб., кап. — вусн. паведамл. П. П. Шубы) пра вішні, яблыні і г. д., калі лопнулі покаўкі і хутка з’явяцца кветкі. Апука — пераход ад этапа пер’я, калі расліна тоненькая, да красавання, калі расліна ператвараецца ў пук, г. зн. у больш выпуклую форму; таму, як і апука 1, гэта слова ўтворана, пэўна, ад дзеяслова *опукати, які меў яшчэ і такое адценне значэння, якое давала яму магчымасць характарызаваць расліну.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)