Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус. асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч. ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атэі́зм. Паводле Крукоўскага, Уплыў, 81, праз рускую. У рус. атеизм з XVIII ст. (аѳеисм — 1722), Біржакава, 344. Паводле Біржакавай, з лац. atheismus < грэч. ἄθεον, ἀθεία непасрэдна і праз укр. атеизм (Цімчанка — XVI ст.); наяўнасць слова ў стараўкраінскай мове стварае магчымасць яго наяўнасці ў старабеларускай, аднак у адрозненне ад атэіст (гл.) слова, відаць, не замацавалася і ў сучасную беларускую мову трапіла праз рускую. Улічваючы прыведзеныя Біржакавай матэрыялы, франц. athéisme, на якое як на крыніцу ўказвае Шанскі, 1, А, 170, магло садзейнічаць замацаванню слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Афіцэ́р, дыял. ахвіцэ́р. Ст.-бел. официеръ (з першай палавіны XVII ст., гл. Булыка, Запазыч.) адпавядае графічна ням. Officier, што з франц. officier ад лац. officiārius ’афіцыйная асоба, службовец’, параўн. officium ’служба’. Можна дапусціць непасрэднае запазычанне з нямецкай мовы (Гіст. лекс., 114) або праз польскае пасрэдніцтва, дзе былі вядомы абедзве формы — oficer і oficyer, параўн. Рыхардт, Poln., 84; Фасмер, 3, 174; форма афіцэр замацавалася ў літаратурнай мове пад уплывам рус. офицер, гл. Баханькоў, БЛ, 1972, 2, 44–45; Крукоўскі, Уплыў, 82.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бікла́га ’баклага’ (БРС, Нас., Маш., Бяльк., Янк. I.), бікла́жка (Бір. Дзярж., Бяльк.). Можа, таго ж паходжання, што і бакла́га (гл.). Але фанетыку слова вытлумачыць цяжка (дысіміляцыя а‑а > і‑а наўрад ці можа быць прынятай). Хутчэй за ўсё бікла́га мае іншую крыніцу. Шалудзька (Rum., 126) калісьці ўказаў на рум. крыніцу для ўкр. баклаг(а), боклаг. У рум. мове ёсць формы bîtloagă, bâtlag ’бачонак’. Ці не маглі яны мець уплыў на форму бакла́га (> біклага)? Але як? Параўн. ст.-бел. биклаха (XVI ст., Булыка, Запазыч.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Выхава́нне (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Байк.). Запазычанне з польск. wychowanie ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115), дзе яно з’яўляецца калькай франц. éducation (Унбегаўн, RÉS, 12, 45). З польск. wychowanka запазычана таксама бел. выхава́нка ’прыёмная дачка, выхаванка’, а бел. выхава́нец ’прыёмны сын, выхаванец’ з’яўляецца калькай польск. wychowaniec ’тс’ (Кюнэ, там жа). Улічваючы даўняе выкарыстанне (параўн. у Ф. Скарыны выхование — Воўк–Левановіч, Мова выданняў, 282) і шырокае распаўсюджанне гэтых слоў, нельга прыняць пункт гледжання Крукоўскага (Уплыў, 127) аб калькаванні рус. воспитанник, воспитанница ў бел. выхаванец, выхаванка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вінье́тка ’аздабленне ў выглядзе невялікага малюнка на загаловачным лісце кнігі ў пачатку або ў канцы раздзела’ (БРС, КТС). Укр. віньєтка, рус. виньетка (з 1863 г.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vignette ’віньетка, застаўка’ < vigne ’вінаград, аздоба з галінак і лісцяў вінаграду’ (Даза, 751; Шанскі, 1, В, 102; Махэк₂, 690; БЕР, 1, 149). Фасмер (1, 318) мяркуе, што рус. виньет запазычана з франц. vignette, а рус. виньетка — з ням. Vignette. Апошняе Шанскі (1, В, 102) лічыць памылковым.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інжыне́р. Запазычанне з польск. inżynier, націск пад рускім уплывам. У польск. з франц. ingénieur (SWO, 315), якое ўзыходзіць да лац. ingenium ’вынаходлівасць, трапная выдумка’. Ст.-бел. инъенеръ (1601 г.) са ст.-польск. ingenier (Булыка, Лекс. запазыч., 91). У рускай мове инженер (XVII ст.) таксама запазычана праз польскае пасрэдніцтва; гл. Шанскі, 2, I, 76–77; Біржакова, Очерки, 363; супраць Фасмер (2, 133) называе нямецкую крыніцу. Недакладна Гіст. лекс., (245) адносіць да неалагізмаў XIX ст.; Крукоўскі (Уплыў, 77) лічыць запазычаным з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інфарма́цыя. Запазычанне з лац. informatio ’ўяўленне аб чым-н.’ праз польскае пасрэдніцтва (SWO, 305). Тым жа шляхам рус. информация (з 1702 г.) (Фасмер, 2, 136; Шанскі, 2, I, 108; Біржакова, Очерки, 364, поруч з польскай называе беларускую і ўкраінскую як магчымыя крыніцы запазычання). Ст.-бел. информация, информацыя ’разуменне, высвятленне, паведамленне’ (1588 г.) са ст.-польск. informacyja; дзеяслоў информовати ’інфармаваць, асвядомліваць’ (1588 г.) < ст.-польск. informować < лац. informare (Булыка, Лекс. запазыч., 49). Недакладна Крукоўскі (Уплыў, 77), які лічыць слова новым запазычаннем з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)