сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.

1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.

2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.

3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́ння і сёння, прысл.

1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.

2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяка́ч ​1, секача, м.

1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.

2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.

сяка́ч ​2, секача, м.

1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.

2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́ста 1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста 2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста 3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́слік 1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік 2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік 2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік 3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ныць, ныю, ныеш, ные; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.

2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.

3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.

•••

Душа (сэрца) ные гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).

2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.

пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.

1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.

2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.

3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

само́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.

2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгулле, ‑я, н.

1. Адбіццё гуку, рэха; водгук (у 1 знач.). Бой яшчэ не скончан. Б’юць гарматы, Аж гудуць ад водгулля лясы. Панчанка. У адным канцы сяла, ад пераезду, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Колас. Стрэлы пратрашчалі ў ранішнім паветры, водгулле гулка разнесла іх па далёкіх цяснінах. Быкаў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Пятлюк абвінавачваў мяне ў прыхільнасці да ясенінскай «кулацкай паэзіі», якая быццам з’яўляецца водгуллем варожай ідэалогіі ў літаратуры. Сабаленка. Ды будзе пратэз рыпець — як напамін, як водгулле тых бед, што прынесла вайна... Рудкоўскі. // перан. Пачуццё, якое з’яўляецца адказам на што‑н. Даўно ўжо юнацтва мінулася, А ўдзячнасць жыве ў душы, Водгуллем адгукнулася, Прыстала, сказала: пішы. Вітка. Мост павісне лёгка над вадой, у прасторы, гулкаю струной, і крануць яго з разгону колы — сэрца поўна водгуллем вясёлым. Русецкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)