Лоск1 ’бляск’, ’лак, глянец’ (Нас.), ’тс’, ’бездакорны выгляд’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. лоск, рус. лоск, польск. lsnąć, lskać, łysk ’маланка’, ’бляск’, каш. łəsk ’пярун’, чэш., славац. lesk, славен. lèsk ’бляск’, серб.-харв. ла̏скат ’маланка’, макед. ласка, балг. лъ̀скам, лъщя ’блішчэць, ззяць’, ст.-слав. лъщати сѧ. Прасл. lъskъ, lъskati, Iъsknǫti або lьskъ, lьskati, lьsknǫti (Бернекер, 1, 750; Фасмер, 2, 521; Махэк₂, 327; Слаўскі, 5, 419; Скок, 2, 272 БЕР З, 559–560). Да і.-е. luk (sk). Сюды ж ласкованы (аб паперы), ласкава́ць ’наводзіць бляск, чысціню’, ласава́цца ’блішчэць, ільсніцца’, ’пералівацца (аб жыце)’ (Нас.), лоска ’гладка, глянцавіта’ (Бяльк.).

Лоск2 ’рад’, лоскам ляжаць ’упокат’ (Нас., Ян.; слуц., БНТ, Лег. і пад., 460), лоскым ’тс’ (Бяльк.). Укр. у лоск (лягла́ пшани́ця), лоском лягло, рус. пск., смал., кур., брат, варонеж. лоском, в лоск ’тс’, сіб. лоск ’воднае люстэрка’, уладз. ло́скоть ’роўнае месца сярод узгоркаў’. Да лоск1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’у рад’ > ’роўна, гладка’. Сюды ж усх.-маг. лоскытым ’упокат’ (Бяльк.), якое з’яўляецца змяшэннем з лоскат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паго́ня1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, . Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кле́ваць ’ледзь дыхаць, трапятацца, быць слабым’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Параўн. кляваць (гл.). Літ. klevoti ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 486). Лаўчутэ (Балтизмы, 67) таксама дапускае балтыйскі ўплыў, але не прыводзіць вышэй адзначанай літоўскай формы. Прыклады з дысертацыі Вяржбоўскага, на якія робіць спасылку аўтар, семантычна і фармальна далёкія. Трубачоў (Эт. сл., ІО, 28) адносіць беларускія формы да праславянскай лексікі *klevati/*klevili (). Аднак балгарскія і македонскія паралелі, якія ён прыводзіць, семантычна вельмі далёкія, за выключэннем макед. sä kli > vamмучыцца’. Больш блізкімі семантычна, але з рэканструкцыяй *kleviti sę (там жа, 18) здаюцца паралелі чэш. klevili se ’гнуцца, курчыцца’, славац. kťavieť ’калець, дубець’, якія, магчыма, да літ. kliauti̯ ’гнуць’, лат. klaut пахіляць’. Сумненні выклікае геаграфія беларускіх слоў, якія не маюць украінскіх і рускіх паралелей, а калі прыняць паралелі чэшскія і славацкія, дзіўным здаецца, што апошнія таксама не маюць паралелей сярод іншых заходнеславянскіх моў. Такая рэдкая эксклюзіўная беларуска-чэшска-славацкая ізалекса, калі яе дапусціць, павінна атрымаць спецыфічнае тлумачэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зліць, злію, зліеш, зліе; зліём, зліяце і салью, сальеш, салье; сальём, сальяце; заг. злі; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з розных пасудзін у адну. У мароз нафта гусцее і становіцца як павідла. Для таго, каб зліць яе з цыстэрн[аў] у рэзервуары, неабходна пара. Лукша.

2. Выліць, пераліць што‑н. куды‑н. Зліць тлушч у банку. // Выліць ваду ці іншую вадкасць, аддзяліўшы ад чаго‑н. Зліць ваду са зваранай бульбы.

3. перан. Злучыць з чым‑н., аб’яднаць у адно цэлае. Вясною трактар перавярнуў многа меж[аў], зліў у адзін гладкі масіў палоскі. Кулакоўскі. // Непадзельна звязаць, злучыць паміж сабою адно з другім. Я рос сярод красы прыроды, Душу сваю з прыродай зліў. Журба.

4. Заліць усю паверхню вадкасцю. Зліць падлогу вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акно́, ‑а; мн. вокны, акон, вокнам; н.

1. Праём у сцяне будыніны для святла і паветра. Дом на пяць акон. // Зашклёная рама. Уставіць акно. Разбіць акно. // Падаконнік. Палажыць на акно. Сядзець на акне. // Растуліна ў якім‑н. апараце, машыне. Скідальнае акно ў жняярцы. // перан. Выхад, доступ да чаго‑н. Рэвалюцыя адкрыла нашым людзям акно ў шырокі свет. «Полымя».

2. Рэшткі вадаёма ў балоце, дрыгве; апарына. Дзе-нідзе свінцовымі вокнамі зманліва блішчалі праёмы вады. Ракітны.

3. Разм. Вольны прамежак часу ў раскладзе заняткаў педагога.

•••

Венецыянскае акно — вялікае акно, якое складаецца з трох частак (звычайнага акна і двух паўакон па баках).

Глухое акно — акно, зробленае для формы, а не для карыстання.

Італьянскае акно — акно з трох ці чатырох створак.

Чортава акно — глыбокая ўпадзіна з вадою сярод балота.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́цце, ‑я, н.

1. Матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя накапленні. Іменна ў пачатковы перыяд таварнага абарачэння ў грошы ператвараецца толькі лішак спажывальных вартасцей. Такім чынам золата і серабро самі сабой становяцца грамадскім выражэннем лішку, або багацця. Маркс. // Раскоша, шыкоўнасць. Багацце абсталявання. Багацце ўбрання.

2. Наогул маёмасць, набытак. [Ахрэм] у нас вартаўнік вялікага багацця — усёй калгаснай жывёлы. Кавалёў. // Мноства чаго‑н. Багацце тавараў. Багацце фактычнага матэрыялу. // Нешта асабліва каштоўнае сярод іншага. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. В. Вольскі. Маё багацце — песня любай ліры. Кляшторны.

3. Сукупнасць прыродных рэсурсаў. Прыродныя багацці. Багацце жывёльнага свету. Багацце расліннага покрыву. □ Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу. Быкаў.

4. Мноства разнастайных якасцей. Духоўнае багацце савецкага чалавека. Багацце акцёрскай палітры. Інтанацыйнае багацце верша. Багацце колераў. Багацце пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́здань, ‑і, ж.

1. Бяздонная прорва, невымерная глыбіня. Вузкая дарога пятляла сярод гор і раптам кідалася ўніз, нібы спяшаючыся на Чортаў мост, каб абысці багну і бездань. Мяжэвіч. Як жа добра цяпер апусціць у самую глыбіню студні дзюбу старога «жураўля», дастаць з цёмнай, страшнаватай бездані цяжкае драўлянае вядро, расплёскаць на босыя ногі сцюдзёную ваду, прыпасці сухімі губамі да мокрай сасновай клёпкі!.. Брыль. // Бязмежная прастора (марская, нябесная). З цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Лынькоў.

2. перан. Вялікая колькасць чаго‑н., што нельга палічыць; безліч, процьма. Бездань найтанчэйшых пачуццяў.

3. перан. Тое, што раздзяляе, раз’ядноўвае каго‑н. з кім‑н.; прынцыповыя разыходжанні паміж кім‑н. у чым‑н. Ад’язджаючы, пятнаццацігадовая дзяўчынка не ведала, якой безданню ляжа паміж ёю і яе названым братам граніца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́яцца, ка́юся, ка́ешся, ка́ецца; незак.

1. Прызнаваць сваю віну, памылку перад кім‑н. Каяцца ў сваіх памылках. □ На судзе .. [Міхалапіха] вельмі каялася, кляла сябе ўсякімі словамі і прасіла суддзяў, каб ёй болей далі... Лупсякоў. — Ад усёй душы каюся перад вамі, што спачатку не зусім верыў вам. Новікаў. // у знач. пабочн. ка́юся. Разм. Прызнаюся. — Каюся, — сам іншы раз выпіваў. Корбан.

2. Усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым. — Табе, Дамінік, трэба, памочнік... Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек.. Вазьмі яго! Каяцца не будзеш... С. Александровіч. Размова ўсхвалявала і .. [Япукевіча], і ён цяпер каяўся, што гаварыў з Паходнем занадта рэзка. Хадкевіч.

3. Уст. Прызнавацца ў сваіх грахах, спавядацца ў царкве. Сярод многіх чутак была і такая: нейкая дзяўчына ў вёсцы нарадзіла дзіця і пайшла да ксяндза каяцца ў сваіх «грахах». Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ншы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.

2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.

3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.

•••

Па меншай меры гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)