ка́яцца, ка́юся, ка́ешся, ка́ецца; незак.

1. Прызнаваць сваю віну, памылку перад кім‑н. Каяцца ў сваіх памылках. □ На судзе .. [Міхалапіха] вельмі каялася, кляла сябе ўсякімі словамі і прасіла суддзяў, каб ёй болей далі... Лупсякоў. — Ад усёй душы каюся перад вамі, што спачатку не зусім верыў вам. Новікаў. // у знач. пабочн. ка́юся. Разм. Прызнаюся. — Каюся, — сам іншы раз выпіваў. Корбан.

2. Усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым. — Табе, Дамінік, трэба, памочнік... Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек.. Вазьмі яго! Каяцца не будзеш... С. Александровіч. Размова ўсхвалявала і .. [Япукевіча], і ён цяпер каяўся, што гаварыў з Паходнем занадта рэзка. Хадкевіч.

3. Уст. Прызнавацца ў сваіх грахах, спавядацца ў царкве. Сярод многіх чутак была і такая: нейкая дзяўчына ў вёсцы нарадзіла дзіця і пайшла да ксяндза каяцца ў сваіх «грахах». Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)