пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.
2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.
3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясі́ць, мяшу, месіш, месіць; незак., каго-што.
1. Мяць, размінаць якую‑н. густую масу, перамешваючы яе з вадою, вадкасцю. Мясіць цеста. □ Ахметка з Гошкам цэлымі днямі прападалі на будоўлі: дапамагалі рабочым мясіць гліну, надавалі печнікам цэглу. Даніленка.
2. перан. Разм. Хадзіць, ездзіць па чым‑н. гразкім, топкім, сыпкім і пад. Сыпаў дробны дождж, ногі мясілі калатушу з снегу і гразі. Арабей. Дождж ніяк не можа суняцца. Месім і месім мокрую зямлю. С. Александровіч. Старэнькі параходзік з зухаватай назвай «Чаркес» мясіў ваду пліцамі на самай сярэдзіне ракі. Ракітны.
3. перан. Разм. Біць, дубасіць. Тахкае сэрца, і ад гэтага як хто чым тупым месіць па галаве, — аж іскры ўваччу. Пташнікаў. Нядужы, перапалоханы, Лёнік, зачапіўшыся за купіну, упаў, і яго, дабегшы, без жалю мясіў нагамі камендантаў сын. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.
1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.
2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.
3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).
2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.
3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.
4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыча́г, ‑а, м.
1. Стрыжань, які можа вярцецца вакол пункта апоры і служыць для ўраўнаважвання большай сілы з дапамогаю меншай. Падважыць груз рычагом.
2. Дэталь розных машын, механізмаў, звычайна ў выглядзе стрыжня, які служыць для рэгулявання чаго‑н., для кіравання чым‑н. Рычагі кіравання. Рычаг скорасці. □ На прыпынках .. [хлопец] доўгім рычагом, падведзеным да руля, адчыняе дзверцы, упускае пасажыраў. Ракітны. // У тэлефонным апараце — прыстасаванне для злучэння і раз’яднання кантактаў, звычайна ў выглядзе стрыжня з кручком або дзвюма развілкамі, на якія вешаецца або кладзецца трубка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.
3. перан. Пра тое, што прымушае дзейнічаць каго‑н., прыводзяць у рух каго‑, што‑н. Вечна будзе рычагом паўстання імя — Ленін. Дудар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.
1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.
2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.
3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.
[Фр. réplique.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
1. Кудахтаць, утвараць сокат (пра курэй). У сенцах спакойна, непалохана ходзяць белыя куры — кудахчуць, сакочуць. Сіпакоў. Ходзіць курачка ля току і сакоча: — Ко-ку! Ко-ку! Шушкевіч. // Стракатаць, утвараць строкат (пра насякомых, птушак). Бясконцым, здаецца, на ўсю зямлю, хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі. Толькі сарока, пералятаючы з дрэва на дрэва, трывожна сакатала. Бажко.
2. Часта стукаць, страляць, трашчаць. Раўлі гарматы, трывожна сакаталі кулямёты на Валакаламскай шашы. Няхай. Калёсы часта і дробна сакаталі па мёрзлай зямлі. Мележ. За сцяною плаўна.. сакатала швейная машына. Ракітны.
3. перан. Разм. Хутка, не сціхаючы, гаварыць; балбатаць. Сам.. [Бабіч] гаворыць мала, а толькі слухае, як другія сакочуць, прычым на яго твары ўвесь час красуе найдабрэйшая ўсмешка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.
Разм.
1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.
2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.
3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.
4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дчына, ‑ы, ж.
Унясенне грошай, прадуктаў і пад. удзельнікамі якой‑н. агульнай справы, а таксама грошы, прадукты і пад., сабраныя такім чынам. На шафе пастукваў будзільнік, што купілі ў складчыну. Даніленка. Праз агароджу, якая ставілася ў складчыну ўсімі гаспадарамі, каб не псаваць выгляду, [дом] пазіраў на вуліцу дзевяццю аднолькавымі вокнамі і гэтым быў падобны на звычайны барак. Ракітны. Калі каго-небудзь пазбаўлялі стыпендыі, усе класы рабілі складчыну і давалі яму неабходныя грошы да таго часу, пакуль ён зноў яе не атрымліваў. Сяргейчык. // Вечарынка, бяседа, якія робяцца на сабраныя такім чынам грошы, прадукты і пад. [Юрка] прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, танцаваў, пакуль хапала сілы. Карпаў. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго .. на тую складчыну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)