зні́зу, прысл.
1. З ніжняга боку. Схапіўшыся за грудзі, жанчына .. нахілілася і цяжка ўпала ля вялікага каменя, абросшага знізу зелянявым слізкім мохам. Лынькоў. // Пад чым‑н., ніжэй чаго‑н., размешчанага зверху. У жанчыны на галаве было дзве хусткі: зверху чорная, знізу белая.
2. У ніжняй частцы, унізе. Цёмна-зялёныя знізу камлі Быццам абцягнуты замшай тугою. Лужанін.
3. У напрамку к верху; з якога‑н. месца, размешчанага ўнізе. Знізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Гартны. // З боку ніжэйшых класаў, слаёў насельніцтва; з боку масы. — Пасля смерці брата прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да тае пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.
•••
Знізу даверху гл. даверху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.
лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.
Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́на 1, ‑ы, ж.
1. Снарад з выбуховым рэчывам, які закладваецца ў зямлю, пад ваду і інш. Неўзабаве загрымелі выбухі на чыгунцы, запалалі паліцэйскія ўчасткі, пачалі падрывацца на мінах нямецкія машыны. Асіпенка. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ.
2. Снарад для стральбы з мінамёта. Праз хвіліну мінамёт пачаў сыпаць міны на мірныя хаты. Шамякін.
3. Тое, што і тарпеда.
•••
Падлажыць міну гл. падлажыць.
[Фр. mine.]
мі́на 2, ‑ы, ж.
Выраз твару. Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Гартны. Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі. Караткевіч.
•••
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
Рабіць (строіць) міну гл. рабіць.
[Фр. mine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм.
1. што і без дап. Забруджваць спаражненнямі. Галубы гадзяць падаконнік.
2. што. Псаваць, брудзіць. Нельга гадзіць мэблю.
3. Шкодзіць, рабіць подласці.
4. Нудзіць, выклікаць пачуццё агіды. Усё нячыстае мяне гадзіць. / у безас. ужыв. Яго гадзіла.
гадзі́ць, гаджу́, го́дзіш, го́дзіць; заг. гадзі́; незак.
1. Старацца задаволіць каго‑н., робячы прыемнае, патрэбнае; дагаджаць. Госцю гадзі, ды і сябе глядзі. Прыказка.
2. Садзейнічаць, спрыяць каму‑, чаму‑н. Ішлі дажджы. І гэта вельмі гадзіла на поле. Чорны.
3. каго. Абл. Наймаць на працу на пэўны час. Стэпа засаб пяць год гадзіла яго пастухом у сваім мястэчку. Гартны.
•••
Гадзіць як благой (ліхой) скуле — вельмі дагаджаць каму‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́кавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бака 2. Бакавы вясляр.
2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.
бакавы́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.
2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.
•••
Бакавая лінія гл. лінія.
Бакавая падача гл. падача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барада́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.
2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяды́ 1, ‑оў; адз. няма.
1. Людзі, якія жылі раней; продкі. Дзяды і прадзеды. □ Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх, Не даўшы надзець на сябе кайданы. Броўка.
2. Абрад памінання нябожчыкаў, а таксама дзень, калі выконваўся гэты абрад. Апошняе [ворыва] скончым на гэтым тыдні, і ў суботу, на дзяды, якраз можна будзе грэчку сеяць. Гартны.
дзяды́ 2, ‑оў; адз. дзед, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Пустазелле з калючым лісцем і сцяблом, з лілавата-чырвоным суквеццем; бадзяк. Густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну, дзядоў ды крапівы. Мележ.
2. Пустазелле з шырокім лісцем і ўчэпістымі суквеццямі-шышкамі; лопух. // Учэпістыя суквецці-шышкі гэтай расліны. [У Паўліка] пяты парэпаныя, шапка дзіравая, штаны ўсе ў дзядах. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Адкрыта сказаць, расказаць аб чым‑н., сазнацца. Прызнацца ў каханні. □ Тварыцкі закапаў грошы з цвёрдым намерам ніколі не аддаваць іх і прызнаўся ў гэтым толькі выпадкова. Чорны. — Не магу, братка, ісці, — прызнаўся Іван. Колас. Чамусьці няёмка было хлапцу прызнацца, што аддаў сваю пілотку чарнамазаму карапузу. Кулакоўскі.
2. інф. прызнацца і 1 ас. адз. прызнаюся. Разм. Ужываецца як пабочнае слова ў значэнне праўду кажучы, шчыра кажучы. — Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля. Гартны. — Думаем паставіць вас прарабам... Давайце згоду, Нічыпар Аўсеевіч. Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў. Асіпенка. Прызнаюся, я тады быў хлапец не святы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.
2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.
3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
Які знаходзіцца, размяшчаецца наперадзе такіх жа або падобных прадметаў; проціл. задні. Пярэднія падводы. Пярэднія колы. □ Пярэднія танкі ўжо гарэлі, заднія іх аб’ехаць не маглі, бо тут былі толькі дзве вузкія пераправы. Чорны. Пярэдняй тройкай заўзята кіраваў дзед Архіп. Лынькоў. Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах. С. Александровіч. // Які знаходзіцца ў той частцы, што з’яўляецца перадам. Пярэднія лапы. Пярэднія зубы. // Які ўтварае тую частку прадмета, што звернута ўперад. Пярэдні план сцэны. □ Вялізныя вокны .. былі выразаны ў чатыры рады ў пярэднім фасадзе дома з боку вуліцы. Бядуля. [Рыгор] цвёрдым крокам накіраваўся да пярэдня[й] пляцоўкі вагона. Гартны.
•••
Пярэдні край гл. край 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)