пра́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Спец. Дзейнасць людзей, якая накіравана на пераўтварэнне матэрыяльнага свету і складае ўсеагульную аснову, рухаючую сілу развіцця чалавечага грамадства і пазнання.

2. Жыццё, рэчаіснасць як галіна прымянення і праверкі якіх‑н. вывадаў, палажэнняў. Прымяніць веды на практыцы. Рэалізаваць рацыяналізатарскія прапановы на практыцы.

3. Скарыстанне якіх‑н. ведаў, навыкаў на справе, сістэматычнае практыкаванне ў чым‑н. У адкрыты бой з белымі мы не хадзілі. Практыкі такой не мелі. Якімовіч. — Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не выдумаеш [як зрабіць нож], — адказаў Мірон. Маўр. Рыбалоў вучыцца кожны дзень, кожны час. Для яго лепшая крыніца ведаў — практыка. Матрунёнак.

4. Скарыстанне і замацаванне тэарэтычных ведаў (студэнтаў, вучняў і інш.) на вытворчасці. Педагагічная практыка студэнтаў. □ Вучоба ў гэтым навучальным годзе скончылася. Цяпер іхні — ужо дзесяты — клас павінен быў праходзіць вытворчую практыку ў адным з зарэчных калгасаў. Даніленка.

5. Набыты вопыт, сукупнасць прыёмаў і навыкаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Практыка выхавання дзяцей. Практыка работы выдавецтваў. □ Лабановіч ужо з практыкі ведае, што пакуль ёсць работа дзецям дома, пакуль не наступіць позняя восень, сабраць іх у школе [цяжка]. Колас. Народ умеў мысліць адцягнена, а мудрую жыццёвую практыку мог увасобіць у вобразы акаляючай яго прыроды. Саламевіч.

6. Уст. Дзейнасць урача або юрыста; кола гэтай дзейнасці, людзі, на якіх яна распаўсюджваецца. Урач з вялікай практыкай.

[Ад грэч. praktikos — дзейны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́сціся 1, уесца; уядуцца; пр. уеўся, уелася; зак.

1. Глыбока пранікнуць, упіцца ў што‑н. (пра фарбу, пыл і пад.). У натруджаныя рукі Антона Пятровіча ўеліся драбнюсенькія пылінкі металу. Даніленка. У лазні Сымон старанна мыў рукі, бо ў іх яшчэ ў першы дзень работы ўелася смала. Чарнышэвіч. Сухі пыл уеўся за дзень у твар, укрыў плечы. Пташнікаў. // перан. Глыбока ўкараніцца. Уеліся прафесійныя звычкі. // перан. Разм. Вельмі захапіцца чым‑н., глыбока ўнікнуць у што‑н. Уесціся ў работу. □ Два вяскоўцы ля акна ўеліся ў карту. Шынклер. Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Гарэцкі.

2. Урэзацца, упіцца; угрызціся. Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. Піла хутка ўелася ў мякіш сасновай кары. Галавач. Шчоўкнула, уелася ў грудзі Кароткая чарга!.. Лойка.

3. перан. Разм. Надоўга застацца ў памяці, сэрцы і пад. Звон ходзікаў на ўсё жыццё ўеўся ў памяць Аксёну. Дуброўскі.

•••

Уесціся ў косці (пячонкі) — вельмі надаесці, апрацівець.

уе́сціся 2, уемся, уясіся, уесца; уядзімся, уясцеся, уядуцца, пр. уеўся, уелася; зак.

Разм.

1. Прывыкнуць да якой‑н. стравы, корму; пачаць добра есці.

2. (часцей з адмоўем «не»). Наесціся (пра што‑н. вельмі смачнае). Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясіс[я]!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.

2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.

3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.

4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.

5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.

•••

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Злёгку, няшчыльна закрыць; накрыць. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. Даніленка. [Чалавек] раскурваў люльку, прыкрыў вялікім пальцам тытунь і дробна пацягваў з цыбука. Чорны. «Спі, малы мой», — шапнуў бацька і прыкрыў сына коўдрай. Кулакоўскі.

2. Засланіць, загарадзіць сабой або чым‑н. Цямнела, вячэрнюю зару прыкрылі хмурынкі, дзе-нідзе ў нізінах на лузе ўсплылі сівыя пасмы. Хадкевіч. [Маці] кідалася, каб падставіць сябе пад бізун, прыкрыць сына. Новікаў.

3. Абараніць ваеннымі дзеяннямі. Батарэя, дзе быў Прыбыткоўскі, аставалася на месцы прыкрыць адыход свае часці. Чорны. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, .. [Сотнікаў і Рыбак] неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Быкаў.

4. перан. Схаваць, не выявіць, не даць распазнаць. [Аўдоля] гаварыла мацней як звычайна, хацела гэтым прыкрыць сваё хваляванне. Крапіва. — Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, — пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца. Колас. // Схаваць, пакрыць што‑н. нядобрае, заганнае. Прыкрыць сваю віну. □ Ворагі савецкіх рэспублік імкнуліся прыкрыць інтэрвенцыю гучнымі фразамі аб нацыянальнай свабодзе, аб абароне правоў маладых народаў. «Полымя».

5. перан. Разм. Спыніць, закрыць. Што ж да яго, да Андрэя, дык сувенірна-ювелірна-галантарэйную прамысловасць можна зусім прыкрыць. Мехаў. Але ўлада прыкрыла нэпманаў, і Леўка застаўся пры адным сваім інтарэсе з мянушкай каравачніка. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца, разгарнуцца (пра пупышкі, кветкі, лісты). На тонкіх рабенькіх бярозках абапал гасцінца вось-вось павінны распусціцца клейкія зубчастыя лісточкі. Брыль. На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр. // Пакрыцца лістамі, кветкамі, коцікамі (пра расліны). А Толік сам сабе дзівіўся: Чаму так хутка распусціліся тыя бярозы? Некалькі ж дзён назад пад вясновым ветрыкам трымцелі толькі пупышкі. Даніленка. // Разм. Разгарнуцца (пра што‑н. згорнутае, складзенае). Спачатку .. [пакунак] ляцеў шпарка ўніз, потым распусціўся белым парасонам, пад якім, нібы на качэлях, загойдаўся чалавек. Якімовіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расплесціся, развіцца (пра што‑н. заплеценае). Каса распусцілася. // Раскідацца, ператварыцца ў ніткі (пра вязаныя рэчы). Рукавіца распусцілася. // Развязацца. Воз распусціўся. Вяроўкі распусціліся.

3. Разм. Пачаць весці сябе непрыстойна; даць волю сваім пачуццям, настроям. Бабы старыя плёткі па сялу пусцілі, што распусцілася ў горадзе Ніна, гуляць з усімі стала, а цяпер ад таго хварэе. Галавач. // Стаць распушчаныя, раздураным, недысцыплінаваным. [Супрон:] — Я хацеў сказаць, Макар Сымонавіч, што вы гэткі добры чалавек, дык трэба было, каб сын да нейкай работы прылаўчаўся. Куды ж гэта, распусціцца, разбазырыць. Ермаловіч. [Мар’я:] — Вось я скажу настаўніку, дык ён за цябе возьмецца. Распусціўся за лета, як пуга... Васілевіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі або напаўвадкі стан. Воск распусціўся. // Разысціся ў якой‑н. вадкасці. Соль распусцілася ў вадзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцэ́на, ‑ы, ж.

1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты. Даніленка. Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай. Пальчэўскі. // Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў. Бачыла. На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці. «ЛіМ».

2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля. Рамановіч.

3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Лужанін. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.

4. Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. [Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... Шамякін. // Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну. Чорны. Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку. Дуброўскі.

5. перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты. Колас.

[Лац. scaena з грэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)